Сяргей Будкін: Палёты ў сьне і наяве

Дэбют SP Kava атрымаўся надзвычай удалым. Толькі не чакайце ад рэпера дынамічных нумароў. Яго міні-альбом “Што табе сьніцца” выйшаў увесь адпаведны сваёй назьве – ціхі, разважлівы, млявы нават. І чытка адпаведная – вакал нібы адмыслова запісваўся ў самнамбулічным стане.

Адзін з заснавальнікаў гурта PANaNieba, які былі запісалі ледзьве не ў галоўную надзею беларускага рэпу, выправіўся ў адзіночнае плаваньне. Уласна, сваю дзеяздольнасьць у якасьці сольнага выканаўцы SP Kava засьведчыў пару гадоў таму, калі запісаў некалькі твораў па матывах гітоў Neuro Dubel i Akute. Але тое былі хутчэй забаўкі, зробленыя на хуткую руку. У сваім першым міні-альбоме “Што табе сьніцца” рэпер зь Вілейкі прапануе цалкам аўтарскі матэрыял. Тут усяго чатыры трэкі, якія пеставаліся два гады. Прычым большасьць зь іх запісаная пры ўдзеле флейты і дуды Вячкі Красуліна (“Кашлаты Вох”) ды гітары Тараса Апарыка (“Планета всех”). Жывыя інструмэнты проста чароўна спалучыліся з электронным бітам.

SP Kava – яскравы прадстаўнік новай хвалі беларускамоўнага рэпу.  Яго творчасьць цалкам пазбаўленая грамадзянскага патасу ды рэвалюцыйнага запалу. Цяпер наогул сьпяваць пра гэтыя ўсе справы стала неяк нямодна – маладыя выканаўцы ўсё часьцей заглыбляюцца ў сябе і свой унутраны сьвет. У рэлізе “Што табе сьніцца” адсутнічаюць дынамічныя нумары, ён выйшаў увесь адпаведны сваёй назьве – ціхі, разважлівы, млявы нават. І чытка адпаведная – вакал нібы адмыслова запісваўся ў самнамбулічным стане. Аўтар паказвае сябе някепскім лірыкам, у яго тэкстах не адчуваецца нацягнутасьці і прыдуманасьці, што ня можа ня радаваць на тле ўсеагульнай рэперскай непісьменнасьці.

Не сказаць, што ў гэтай працы ёсьць галоўны гіт. Песьню, якую хочацца падхапіць і зь якой хочацца пэўны час пражыць, SP Kava пакуль не напісаў. Затое кожны зь яго трэкаў цікавы сваёй небанальнай пабудовай. Міньён “Што табе сьніцца” – выдатная заяўка на будучыню. Будзем спадзявацца, што выканаўцу хопіць імпэту на стварэньне паўнавартаснага альбому.

Міні-альбом “Што табе сьніцца” можна набыць на канцэртах SP Kava, альбо замовіць у інтэрнэт-краме PRASTORA.by альбо спампаваць на афіцыйным сайце выканаўцы.

Ідэя: 8
Выкананьне: 8
Тэксты: 9
Запіс: 8
Аздабленьне: 8

Сяргей Будкін