Слухаць новы дыск N.R.M. няпроста, нават трохі няёмка. Такое ж адчуваньне было пры знаёмстве з альбомам “Па-над дахамі” 18-гадовай даўніны, які запісаў гурт ULIS па сыходзе вакаліста і тэкставіка. Сякерай высечаныя тэксты не-паэта, здушаны голас не-вакаліста, калючыя аранжыроўкі ды агульная атмасфэра неўладкаванасьці.
Піт, Юрась ды Алезіс фактычна наважыліся скокнуць вышэй за галаву, дакладней скокнуць абезгалоўленымі, каб абвергнуць тэзу, што N.R.M. – гэта Вольскі. Права на гэта яны мелі яшчэ якое – Ляўкоў зь Дземідовічам пачыналі зь Лявонам ажно ў “Эскалятары” (так у 1981 годзе звалася будучая “Мроя” – N.R.M.), а Піт дзякуючы свайму здароваму нахабству і харызьме проста граючы на гітары пачаў успрымацца як другі франтмэн N.R.M. Уласна праз гэтыя якасьці Паўлава праект “трыё N.R.M.” і стаў магчымым.
“Д.П.Б.Ч.” – альбом надта асабісты. Нашмат больш інтымны, чым папярэдні дыск “06”, запісаны залатым складам у перадсьмяротнай агоніі. Гэта вельмі мужчынскі альбом, зроблены з упартасьцю і жаданьнем выказацца і сьцьвердзіцца. У новых песьнях зьнік акцэнт на займеньніку “мы”, усё больш пяецца ад першай асобы. Гурт цяпер ня можа ці ня хоча прамаўляць ад імя пакаленьня. Сэнсы, думкі і памкненьні цяперашняга N.R.M. закладзены ў двух нумарах – умела сканструяванай “Мроі” (з уступам-адсылкай да старой творчасьці) ды разьвітальнай “Д.П.Б.Ч.”. Астатні матэрыял – збольшага прахадны. У “Хрусьць і папалам” чарговы раз абыгрываецца трывіяльная фраза, у “Нэктары” прыгнятае стомлены вакал Алезіса, трэк “На далоні” дык наогул узяты з рэпертуару гурта Garadzkija 10-гадовай даўніны, а народная “Кузьнічка” падаецца зусім неабавязковай і наогул недарэчнай у кантэксьце N.R.M.
Зьвяртае ўвагу яшчэ і час гучаньня альбому – усяго 27 хвілін. Тут у гурта ёсьць тлумачэньне – яны пісалі “Д.П.Б.Ч” з разьлікам на вінілавае выданьне, каб было па чатыры песьні на кожным баку. Зь вінілам, дарэчы, абсалютна выдатная піяр-задума, дзякуючы якой музыкі чарговы раз трапілі ў гісторыю як аўтары першай беларускамоўнай пласьцінкі ў новым стагодзьдзі. Яны здольныя быць ньюсмэйкерамі – і гэта іх галоўная якасьць.
Альбом “Па-над дахамі”, між іншым, лідэр ULIS’у Слава Корань вырашыў зьняць з продажу празь нізкую якасьць, але працягваў працаваць над сабой як вакалістам, тэкставіком і саўндпрадусарам ды неўзабаве дасягнуў выніку.
Альбом “Д.П.Б.Ч” можна набыць на канцэртах гурта.
Ідэя: 9
Выкананьне: 5
Тэксты: 6
Запіс: 6
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін