Сяргей Будкін: Вялікая беларуская Sciana

Дзякуючы такім вось камандам можна з пэўнасьцю сьцярджаць, што сапраўдны беларускі рок жыве.

У беларускай рок-музыцы былі два яскравыя гурты, якія мелі ў якасьці разынкі ў гучаньні саксафон. Сьпярша ад яго вымушаныя былі адмовіцца IQ48, а потым Sciana. “Непапулярная” мера, відаць па ўсім, пайшла на карысьць “здаровым ласям”, яны пачалі больш экспэрымэнтаваць, а музыка іх зрабілася нашмат больш жорсткай. “Сьцяну” без саксафону таксама ўспрыняць няпроста, але гэтая зьмена таксама істотна асьвяжыла гучаньне каманды.

Новы сынгл гурта пакліканы падрыхтаваць слухачоў да пераменаў. Дзеля гэтага былі наноў пераробленыя і перазапісаныя песьні, якія ўжо некалькі гадоў трывала ўваходзяць у канцэртны трэк-ліст каманды. Назву працы дала найноўшая кампазіцыя “Новая хваля”, напісаная ў найлепшых традыцыях берасьцейцаў. Каб было гучна, але мэлядычна, каб голас на мяжы зрыву, але словы было добра разабраць, каб эмоцыі зашкальвалі, але сэнс не губляўся.

Уласна кажучы, кожны з прынамсі трох трэкаў, прадстаўленых на EP, — гэта моцны хук. Кожную зь іх дадаткова наэлектрызаваў Валеры Сакалоў, адказны за гукавыя спэцэфэкты (ён быў якраз пакліканы замяніць жывы саксафон). І без таго надрыўныя кампазыцыі гурта сталі наогул напятым нэрвам. Да ўсяго, у “Калыханцы” да месца выкарысталі жаночы бэк Касі Леванюк з гурта Terrakod. Можна толькі шкадаваць, што не напоўніцу скарысталі яе вакальныя магчымасьці. Што да чацьвертага трэку  “BY UA”, напісанага колісь для дуэту зь неіснуючым ужо гуртом “Роллікс”, то ён здаецца трохі надуманым і яўна выпадае з агульнай канвы. Хоць калі ўлічыць, што “Сьцяну” любяць ва Ўкраіне, то, можа, яно і мэтазгодна: галоўнае, каб берасьцейцы на ўкраінскую не перайшлі, бо шануюць іх там нашмат больш, чым тут.

Гурт Sciana вечна хадзіў у маладых ды “абнадзейвальных” і незаўважна так вырас  у магутную сур’ёзную каманду ледзь не стадыённага размаху, здольную разгайдаць хоць якую аўдыторыю. Па ўсіх крытэрах гэта гонар беларускай альтэрнатыўнай музыкі і дзякуючы такім вось камандам можна з пэўнасьцю сьцярджаць, што сапраўдны беларускі рок жыве.

Выступ гурта Sciana на ўкраінскім фэсьце “Бандэрштат-2013”

Спампаваць і паслухаць песьні з сынглу “Новая хваля” можна на старонцы гурта.

Ідэя: 10
Выкананьне: 10
Тэксты: 9
Запіс: 8
Аздабленьне: 8

Сяргей Будкін