Беланогая магла ўпрыгожыць сваёй прысутнасьцю беларускую эстраду, гарманічна ўвайсьці ў склад рок-гурта ці разьвівацца ў рэчышчы якога-небудзь барока-попа. Але яна абрала аўтарскую песьню – каб адна ды з гітараю.
Новы альбом ад пераможцы “Бардаўскай восені-2004” наўрад ці дадасьць ёй шырокай вядомасьці. Праца вырашана мінімальнымі сродкамі і разьлічаная на падрыхтаваную аўдыторыю. Калі раней Тацяна імкнулася была расквеціць сваю музыку флейтамі ды скрыпкамі (альбом “Дзьвюхкроп’е”), то тут ізноў вярнулася да фармату вакал+гітара, які могуць прыняць толькі скончаныя адэпты клясычнай бардаўскай песьні. Хутчэй за ўсё, здарылася так праз банальны недахоп сродкаў: зрабіць пісьменныя аранжыроўкі ды ўцямна іх увасобіць у студыі – гэта немалы кавалак групавой працы. Куды прасьцей самой узяць гітару ды запісацца. Ад гэтага дыску такое ўражаньне, што рабілася ўсё за адзін дубль, без вялікага перайманьня тым, як гучыць гэтая самая гітара. Увага – не тэхніцы, а словам, тэкстам, вершам. Паэзіі ў гэтым альбоме куды больш, чым музыкі.
Зь іншага боку – сьпеўная паэзія для такіх як Таня – гэта стан душы. Таму падыход да запісу плыткі ў яе больш душэўны, чым прагматычны. Як да споведзі. Сьпявачка мае чысьцюткі запамінальны вакал, які раскрываецца яшчэ больш, калі яна дае такіх эмоцый, як у песеньцы “Там, за акіянам”. А песьня “Мама” дык наогул можа прэтэндаваць на самы моцны нумар ня толькі з усяго дыску, але і з усёй яе творчасьці.
Наогул, з гэтым альбомам такая ж гісторыя, як і з папярэднімі чатырма дыскамі Беланогай. Сьпявачка сьведчыць пра свой вялізарны патэнцыял, але не дэманструе яго напоўніцу. Ёй бы даўно займець статус культавай ды зьбіраць раз на паўгады прынамсі пару соцень чалавек на свае платныя (!) канцэрты, але шчырасьць і чысьціня зараз ня ў модзе. Нефармат у квадраце. Якраз пра гэтыя адносіны паміж грамадзтвам і творцам пяецца ў песеньцы “Бесхрыбетнасьць” – трохі рэзкаватым як для Тані тонам – “Мая краіна хоча зрабіць мяне зьверам…”.
Гэты альбом цалкам дасканалым мог бы зрабіць саўндпрадусар, які здолеў бы перадаць усе адценьні голаса ды сакавітасьць інструмэнта, ды гітарыст-найміт, які дакладна выканаў бы партыі гітары для запісу. А сыграць ужывую Тацяна здольная і сама, балазе ў канцэртным выкананьні яна якраз слухаецца куды прывабней, чым у студыйным.
Ідэя: 8
Выкананьне: 8
Тэксты: 10
Запіс: 4
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін