Танцы на мяжы вясны – “ІнЖэст” адзначыў 30-годдзе (фотарэпартаж)

23.05.2011

Тэатр Славы Іназемцава адзначыў сваё 30-годдзе і 10-годдзе спектакля “ДК Данс” шалёнымі скокамі ў партэры ДК МТЗ. Не дарма папярэджвалі, што спектаклі “Інжэста” не для дзяцей. Страшна было нават дарослым. Акторы на хадулях проста падалі на шэрагі з гледачамі.

22 траўня “ІнЖэст” адзначаў адразу два юбілеі – 30 гадоў уласна задуме пластычнага тэатра Славы Іназемцава і 10 гадоў этапнаму спектаклю “ДК Данс”. Менавіта яго акторы паказалі ўпершыню ў траўні 2001 пад шыльдай “ІнЖэста” (да гэтага тэатр зваўся проста “Жэст”). Святкаванні прайшлі не на асноўнай пляцоўцы ў Тэатры юнага гледача, які цяпер рамантуюць, і нават не на запасной у Палацы чыгуначнікаў, дзе таксама запланавалі рамонт, а ў зале ДК МАЗ.

Адпаведным быў і пачатак – акторы на хадулях выйшлі з розных кутоў залы і скіраваліся да сцэны, раскідваючы па дарозе цукеркі. Галоўны блазан, якога грае сам Слава Іназемцаў, у першыя хвіліны заігрывае з залай, пырскаецца вадой, але раптам падае і ўзняцца ізноў ужо не ў змозе. Экшну як такога цягам усіх 60 хвілін фактычна няма, але пастаноўка трымае ў напрузе, нават калі ведаеш наперад, што будзе. Цягам 10-15 хвілін людзі поўзаюць па сцэне, удаючы нейкіх экзатычных жывёлаў пад запісы-галашэнні афрыканскіх плямёнаў і шызафрэнічныя гукі, што даносяцца з боку музыкаў з гурта “Плато”, якія ўладкаваліся з правага краю сцэны.

На гэтым месцы спектакля адсейваецца лішняя публіка: з залы выходзіць некалькі чалавек, якія чакалі нечага больш звыклага. Астатнія сядзяць зачараваныя, гадаючы, ці здолее нехта з герояў спектакля ўзняцца на тыя хадулі. Аніхто. На дапамогу прыходзіць паляўнічы на караценькіх ножках (роля Сяргея Масько), прапаноўваючы ўсім і кожнаму падпілаваць хадулі. Пазбавіцца часткі сябе галоўнаму герою цяжка, але жаданне хадзіць перамагае, таму ён кладзецца пад пілу. Але шчасця ад той хады не атрымлівае. І тут балонікі вяртаюцца на зямлю, і змешваецца ўсё – людзі, хадулі, жывёлы, балонікі. Вярнуліся да героя хадулі, пачаліся танцы ў поўны рост.

Але фінал у спектакля ўсё ж сумны, бо паляўнічы вяртаецца і спыняе тыя вясёлыя танцы дотыкам бензапілы. Герой Іназемцава падае, перараджаецца і выконвае фінальны танец – той самы, скандальны, праз які тэатр неаднойчы меў праблемы. Слава танчыць цалкам аголеным.

На паказе “ДК Данс” імяніннікі не спыняюцца. Публіка ў гэты вечар сабралася ў асноўным абазнаная, але ўсё роўна далёка не ўсе былі падрыхтаваныя да сюрпрызу, што чакаў пры канцы. Акторы тэатра, дэманструючы цуды пластыкі, павыпаўзалі адусюль, літаральна з кожнай шчыліны і нават са столі. Яны хадзілі ўздоўж і ўпоперак залы з жудаснымі воклічамі, перыядычна наўмысна падаючы на здзіўленых гледачоў. Зрэшты, гледачы таксама дэманстравалі цуды – вытрымкі, бо ніхто не саскочыў з месца ў паніцы. Паступова акторы сабраліся на сцэне і доўга яшчэ купаліся ў апладысментах.

Адразу ж пасля святкавання юбілею “ІнЖэст” выпраўляецца здзіўляць палякаў. Беларускі тэатр бярэ ўдзел у “Stream Festival” – фестывалі тэатральнага руху ва Уроцлаве, дзе пакажуць спектакль “Шчыліна” — дзею, пастаўленую Іназемцавым разам з польскім “Teatra Formy”. У межах фэсту адбудзецца і прэм’ера спектакля “Пандора”, польска-нямецка-беларускага праекту з удзелам кіраўніка “ІнЖэста”.