Знакамітыя вечарыны ў «Жар-птушцы» ўжо можна лічыць гісторыяй. Звыклая пластыкава-шкляная кавярня ў парку Горкага шточацвер ператваралася ў танцавальны клуб, дзе пад гукі дуды і скрыпкі многія ўпершыню не шкадуючы ног вучыліся танчыць польку ці падэспань. Для тых, хто не паспеў пабываць у «Жар-птушцы», і тых, хто сумуе без традыцыйнага танца, нядаўна вечарыны аднавіліся ў новым памяшканні. Музыкі Аляксей Крукоўскі і Таццяна Матафонава расказалі пра мінулае і будучыню танцавальнага клуба.
«Хачу такое ў сябе»
Танцы ў «Жар-птушцы» былі нетыповым культурніцкім пачынаннем, бо ўзніклі не з голага энтузіязму, як гэта бывае звычайна, а з бізнэс-прапановы. Некалькі гадоў запар моладзь збіралася на «карчах» – у ляску за Нацыянальнай бібліятэкай – патанчыць пад дуду. Аднойчы тэлевядоўца Юры Жыгамонт прывёў туды сваю знаёмую Ірыну Раманенка, на той час дырэктарку кавярні «Жар-птушка». Яна так уразілася разняволенасцю і весялосцю тых вечарынаў, што сказала: «Хачу такое ў сябе». Так танцы знайшлі дах. Бард і дудар Зміцер Сідаровіч пачаў збіраць гурт, у які і тады, і пасля часта ўваходзілі музыкі без спецыяльнай адукацыі. Таццяна Матафонава, філарманічная спявачка, упершыню ўзяла ў рукі скрыпку за паўгода да таго, як пачала выступаць у “Жар-птушцы”. Да капэлы далучыўся выкладчык філасофіі і акардэаніст Аляксей Крукоўскі, блюзавы перкусіяніст Ігар Доўгі, а таксама высокакваліфікаваны зваршчык Ілля Арыстаў, які граў ролю завадатара і ўмеў падняць з месца і далучыць да танца нават самых безнадзейных дам. Назвы ў капэлы доўга не было, што цалкам адпавядала традыцыі, калі імя давалася паводле мясцовасці. Але згодна з сучаснымі патрабаваннямі, трэба было неяк пазначаць сябе, таму ўзнікла капэла “На таку”. Склад гурта з тых часоў шмат разоў мяняўся, а рэпертуар рабіўся разнастайнейшым:
“Мы адпачатку не сталі арыентавацца на сярэднявечную музыку, якую грае багата гуртоў, а абралі этнаграфічны танцавальны кірунак, – кажа Аляксей Крукоўскі. – Не ведаю, дзе бяруць матэрыял медыевальныя гурты, магчыма, ездзяць на еўрапейскія фэсты альбо за мяжой у бібліятэках шукаюць старажытныя нотныя запісы. Мы ж можам яшчэ пагутарыць з людзьмі, пачуць іх песні. Бывала, што бабулька ў вёсцы паказвала нам нейкі танец, а праз пару тыдняў мы даведваліся, што яе больш няма. Дзіўна адчуваць, што танец мог знікнуць назаўжды разам з чалавекам».
Багема не танчыць
Сацыяльны партрэт публікі «Жар-птушкі» быў разнастайны – ад рабочага завода “Дарыда” да саўладальніка клуба “Лофт”. А вось беларуская багема завітвае на танцы нячаста.
“Сапраўды людзі, якія ходзяць у галерэю “Ў”, чамусьці рэдка ў нас бываюць, – кажа Аляксей Крукоўскі, – магчыма, гэта такія ўзаемавыключальныя опцыі. Можа, гэта звязана з тым, што багема прагне большай індывідуалізацыі, а танцы – усё ж масавае дзейства. Віктар Марціновіч у адной са сваіх калонак заўважыў, што беларуская інтэлігенцыя адчувае сябе усё больш камфортна ў ролі аналітыка традыцыйнай культуры, чым у ролі носьбіта яе каштоўнасцяў, любіць паразважаць, чаму нашая культура такая дэпрэсіўная, непакоіцца, што неяк сталі мала мы спяваць. Але трэба ж некаму і рабіць нешта канкрэтнае для калектыўнага яднання”.
“Рэжысёр Валер Мазынскі, дырыжор хору “Унія” Кірыла Насаеў, бард Таццяна Беланогая ды многія іншыя… “ – Таццяна і Аляксей намагаюцца пералічыць вядомых беларусаў, якія любяць паскакаць пад традыцыйную музыку. “Сяржук Сокалаў-Воюш аднойчы прыязджаў, нам нават забаранілі ў той дзень танцы”, – дадае Таццяна. “Зміцер Вішнёў прыходзіў колькі разоў, праўда, збольшага не танчыў, а сядзеў на балконе і любаваўся, – згадвае Аляксей. – А вось Бахарэвіч, колькі я ні клікаў, так і не прыйшоў”.
Частка людзей перанеслася ў “Жар-птушку” з тых самых “карчоў”, але дадаліся і новыя наведнікі, якія знайшлі тут не толькі танц-пляцоўку, але і ўтульную магчымасць пасядзець за кубкам гарбаты на тле разгарачаных танцавальных параў. Траплялі і замежнікі ў пошуках беларускага каларыту – ці то кітайцы або афрыканцы, ці то французы або туркі.
“Але самы цікавы досвед для мяне быў з немцамі, якія завітвалі досыць часта, – згадвае Аляксей. – Высветлілася, што за выключэннем некалькіх рэгіёнаў, а менавіта Баварыі, сярэдняе і маладое пакаленне ў Германіі адлучанае ад фальклору. Гэта было звязана з палітычным табу, накладзеным на фальклор у межах своеасаблівай грамадскай дамовы пасля Другой сусветнай вайны. Меркавалася, што фальклор быў скампраметаваны нацыстамі, таму ў праграмах выхавання немцаў займаў малое месца, за выключэннем традыцыйных сялянскіх рэгіёнаў. Так што немцы, трапляючы да нас, перажывалі пэўнае пераасэнсаванне свайго стаўлення да фальклору”.
Самая дарагая для арганізатараў танцаў аўдыторыя, якую, на жаль, амаль страцілі, пераехаўшы на новае месца, – наведнікі паважнага ўзросту, сярод якіх былі цікавыя суразмоўцы. «Прыходзіла да нас, напрыклад, дама-архітэктар, якая ў 50-я гады брала ўдзел у праектаванні праспекта Незалежнасці», – прыгадвае Таццяна.
“Ойру” давайце!”
Пасярод вечарыны абавязкова хтосьці запатрабуе: “Давайце “Ойру”!” Гэта самы папулярны танец на фальклорных імпрэзах. Але, як высветлілася, мае ён небеларускае паходжанне.
“Аднойчы мы запрасілі да нас у “Жар-птушку” Мікалая Аляксеевіча Козенку – гэта наш вядучы этнахарэограф, які безліч гадоў займаецца танцамі, прычым чалавек непублічны, шырокая грамадскасць мала пра яго ведае. Прыехалі да нас карэспандэнты СТВ і папрасілі яго пракаментаваць, што за танец выконваецца. Калі я пасля паглядзеў па тэлебачанні, у мяне валасы сталі дыбам. Ён сказаў: “Ойра” – вельмі харошы танец габрэйскага паходжання, а вось у Беларусі яго так нідзе не танцавалі”. Тады я пачаў капаць, і высветлілася, што яго прывезлі з Прыбалтыкі ў канцы 80-х, калі актывізаваліся кантакты беларускай адраджэнскай моладзі з тамтэйшымі патрыятычна-этнаграфічнымі суполкамі. Але танец тут так палюбіўся, што фактычна стаў часткай нашай танцавальнай традыцыі”, – кажа Аляксей Крукоўскі. І дадае: “Музыка мусіць граць тое, што яму замаўляюць. А тут часам думаеш, як бы гэта давесці публіцы: давайце шукаць іншых “ойраў”, яны ёсць”.
Полька на краі бездані
Цяпер танцавальным рухам гасцей вучаць дзяўчаты са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, якія аб’ядналіся з музыкамі ў клуб “Сіта”. Паўтараць рухі нескладана, ды і большасць гасцей усё ж прыходзіць у клуб не ўдасканальваць сваё харэаграфічнае майстэрства, а забавіцца ды адпачыць.
“Ёсць распаўсюджаная думка, што беларускі фальклор млявы і дэпрэсіўны, але ж нават мінорныя мелодыі часта спараджаюць вельмі шалёныя і энергетычна моцныя танцы”, – разважае Аляксей Крукоўскі.
“Але пэўныя рытмы на маіх вачах проста выпалі з традыцыі, – раптам ён пераходзіць на сур’ёзны тон. – Скажам, я з дзяцінства аднекуль ведаю, як танцаваць вальс. Па маіх назіраннях, валоданне вальсавым і полькавым крокам заканчваецца сёння на маім пакаленні. 30-гадовыя ўжо не танчаць. І гэта ў нейкім сэнсе культурная катастрофа, вальс і полька – гэта рэчы, забыццё якіх ставіць нас перад безданню, у якую можна крыкнуць: “Хто я?” – і ўжо не атрымаць адказу”.
Каб хоць трохі адсунуцца ад бездані, усе заняткі танцавальнага клуба вырашылі пачынаць і заканчваць полькай.
У клуб па знаёмствы
Многія хлопцы прыходзілі ў “Жар-птушку” як у сапраўдны клуб, каб пазнаёміцца з дзяўчатамі, бо народныя танцы ствараюць для таго ўсе ўмовы. Напрыклад, падчас танца з пераменай партнёра можна было паспець пакакетнічаць з кожнай, а пасля атрымаць пацалунак, гуляючы ў “падушачку”. “Мужчыны проста-такі чакалі “падушачкі”, – расказвае Таццяна. – А калі была эпідэмія грыпу, мы абвешалі танцораў зубчыкамі часнаку, але танец не адмянілі”.
“У танцы як частцы вясковай культуры эратызм, безумоўна, прысутнічае, але ён адрозніваецца ад гарадскога эратызму, гараджаніну бывае складана адчуць тую этыку дазволенага і недазволенага”, – каментуе Аляксей.
Дарэчы, каля дзясятка танцавальных параў, што склаліся ў «Жар-птушцы», паступова ператварыліся ў сямейныя, а капэла «На таку» грала ўжо на іхных вяселлях.
Новыя танцы
Цяперашняя пляцоўка ў ДК Шарко, магчыма, не дорыць наведнікам той шумлівай нязмушанай атмасферы, якая панавала ў кавярні. Сюды не забяжыш на паўгадзінкі мімаходзь, каб тут жа ўцягнуцца ў чараду танцораў да канца вечара. Сюды прыходзяць спецыяльна. «Але для фармату танцавальнага клуба гэта больш звыклая з’ява, – кажа Аляксей і настальгічна працягвае: – А «Жар-птушка» была ўнікальная».
Музыкі плануюць, што вясной з першым цяплом перанясуць танцы на вуліцу. А пакуль па адрасе Уральская, 3 кожны аўторак а 19-й будуць адбывацца тэматычныя танцавальныя вечарыны. У найбліжэйшых планах – латышская і палеская. Аляксей Крукоўскі запрашае: “Да нас прыедзе цудоўная спявачка з Гомеля Ірына Глушэц, якая, як мне здаецца, можа зрабіцца першым фальклорным голасам Беларусі. Дык вось яна яшчэ і добрая танцорка, пакажа ўсім ахвочым танцы ўсходняга Палесся”.
Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева
Пра вечарыны клуба традыцыйнага танца “Сіта” можна даведацца ў фэйсбуку