Найлепшыя майстры Расіі і Беларусі ў галіне блюз-рокавай музыкі аб’ядналіся ў сумесны праект, які атрымаў жартаўлівую назву “Магазин”. Насамрэч усе ведаюць, што саюз Мікалая Аруцюнава ды Ігара Варашкевіча завецца зусім інакш – “Варвары блюзу”. Новы міжнародны праект даў вялікі канцэрт у мінскім клубе “Каёт”.

Сяброўства дзвюх музычных легендаў пачалося вельмі даўно, але да супольнага праекту яны саспелі параўнальна нядаўна. Паразумеліся яны на глебе любові да класікі сусветнага рок-н-ролу і блюзу. Разам з тым лідар расійскіх блюзавых ансамбляў “Лига блюза” і “Четверг Арутюнова” так захацеў засведчыць братэрскія адносіны між нашымі народамі, што вырашыў развучыць пару-тройку песняў на беларускай мове , пераважна з класікі нашай рок-музыкі. Некаторыя з іх атрымалі сцэнічнае ўвасабленне, але пра ўсё па парадку.

У першым аддзяленні на сцэну бара “Каёт” выйшаў маэстра Ігар Варашкевіч. Заслужаны блюзмэн Рэспублікі Беларусь апошнім часам рэдка радуе публічным выкананнем твораў са свайго рэпертуару на вершы беларускіх паэтаў. Гэты вечар быў асаблівы, бо артыст разам з калегамі-музыкантамі падрыхтаваў некалькі зусім новых кампазіцый, а таксама прыгадаў творы, якія даўно ўсім палюбіліся. У канцэрце прагучалі самыя значныя кампазіцыі выканаўцы за апошнія пару дзесяцігоддзяў, якія ў свой час граліся такімі гуртамі, як “Бонда”, “Рокіс” ды іншымі. І няхай Варашкевіч разам з паплечнікамі не сабралі які-небудзь “Крокус-сіці” ці “Стадыюм-лайв”, затое шмат хто з беларускіх аматараў сучаснай музыкі менавіта яго каманду лічыць найлепшай на нашай сцэне. У пэўны момант і так неслабы музычны склад падмацаваў гітарыст беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Леанід Вярэніч, якому і была прысвечаная адна з песняў, што Ігар Варашкевіч спявае доўгі час. Яна завецца “Сябра мой Варэніч Лёнік”. Паважаны гітарыст выйшаў ды застаўся на сцэне, акампануючы не толькі ў гэтым музычным нумары, але і ў наступным – “Бугі-вугі”.
Па сваім выхадзе да публікі маскоўскі госць Мікалай Аруцюнаў павітаўся з гледачамі па-беларуску і прызнаўся, што калі ён бачыць разам Варашкевіча з музыкантамі, яму адразу хочацца назваць гэтую супольнасць найлепшай сярод беларускіх ансамбляў. Нягледзячы ні на што. З лёгкай падачы расійскага блюзмэна безназоўны да гэтага моманту музычны калектыў пад кіраўніцтвам Ігара Варашкевіча набыў назву, няхай сабе і жартаўлівую – “Магазин”. Песні гэтага міфічнага і, відаць, аднаму яму вядомага гурта Мікалай выканаў са сцэны мінскага бара. Былі і кампазіцыі замежных аўтараў, такіх як Бі-Бі-Кінг і Эрык Клэптан, а таксама шэрагу іншых.

Пакуль госць спяваў класіку блюзу і рок-н-ролу, яго беларускі калега сціпла адышоў на другі план і раз-пораз падыгрываў на гармоніку. Прагучалі такія шырокавядомыя творы, як “Світ хом Алабама” і “Хучы Кучы мэн”. Апошняя кампазіцыя была прадстаўленая публіцы як “беларуская народная”.
“А цяпер пераходзім на мову!” – абвясціў Мікалай Аруцюнаў , каб праспяваць такую блізкую і родную для кожнага беларуса песню “Выпі са мной да дна”, дзе сярод іншага ёсць шчымлівыя радкі: “Давай з табою вып’ем ля свайго крыжа, за дух маёй зямлі, за мой край!” Музычны вечар скончыўся выкананнем песні “Беги, беги, парень” на беларускі манер. Гэтага публіцы, распаленай разнастайнымі напоямі, падалося мала. Гледачы пачалі прасіць, а дакладней, патрабаваць сыграць яшчэ. Інтэрнацыянальны калектыў вымушаны быў скарыцца настойлівым просьбам і зайграў песню пад назвай “Што дапаможа нам?” Падчас яе выканання здарыўся сапраўдны цуд – Ігар Варашкевіч актыўна заварушыўся. Яго целарухі выглядалі як сапраўдны рок-н-рольны танец.

Але і на гэтым музыкантаў не адпусцілі. На другі біс прагучала кампазіцыя вядомага яшчэ ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы ансамбля “Бонда” “Слуцкая брама”. Выявілася, што ёсць яшчэ жывыя людзі, якія памятаюць гэтую песню. І загучаў у зале агульны зладжаны хор, які спяваў: “Ла-ла-ла-ла-ла-ла, ла-ла-ла-ла!” Самай апошняй прагучала адна з зусім новых песняў, створаная Ігарам Варашкевічам разам з кампаніяй аднадумцаў, – “Дзякуй Богу, мы ідзем дамоў”.
Сыходзячы з канцэрту, шмат хто з прысутных задаваўся пытаннем: “Ці хутка яшчэ парадуе Ігар Варашкевіч з калегамі выхадам на сцэну?” Мы вырашылі адрасаваць гэтае пытаннем самому выканаўцу. “Час пакажа”, – адказаў ён.
Паглядзець увесь фотарэпартаж можна тут.
Сяргей Будкін
фота: Вячаслаў Радзівонаў, Ultra-Music.com