Тэатральныя вынікі 2012 года

Канец старога і пачатак новага года — заўсёдны час падводзіць пэўныя вынікі. Але калі мы звернемся да сферы культуры, адразу бачны кантраст паміж рознымі сферамі. Напрыклад, для падвядзення літаратурных вынікаў існуюць шматлікія прэміі: дзяржаўныя (“Залаты купідон”, прэміі аблвыканкамаў), грамадскія (прэмія імя Е. Гедройца, “Залаты апостраф”, “Дэбют” імя М. Багдановіча, “Гліняны Вялес”) і прыватныя (“Залатая літара”). У сферы тэатра толькі два гады таму з’явілася Нацыянальная прэмія. Пытанні яе арганізацыі, адбору спектакляў і крытэрыі для вызначэння пераможцаў у пэўных намінацыях дагэтуль выклікаюць пытанні ў спецыялістаў. Напрыклад, на перамогу ў апошняй, другой па ліку, Нацпрэміі прэтэндавалі спектаклі 2010-2012 гадоў. Прычым адзінкавыя з іх прадстаўлялі апошні год. Таму, як кажуць, вось “наш адказ Чэмберлену”. Магчыма, у нечым суб’ектыўныя, але ўласныя тэатральныя вынікі 2012 года сярод музычных і драматычных тэатраў Мінска.

Адразу адкажу на два пытанні. Першае. Чаму прадстаўлена толькі сталіца? Музычных калектываў у краіне ўсяго два (Нацыянальны тэатр оперы і балета і ўласна Музычны тэатр), абодва яны знаходзяцца ў Мінску. Каб падводзіць вынікі на падставе дзейнасці ўсіх беларускіх драматычных калектываў, трэба пабачыць усе іх спектаклі. Пакуль такой магчымасці няма. Хоць, калі абапірацца на паказы ў межах Нацыянальнай прэміі, а таксама сведчанні спецыялістаў, сёлета толькі адзінкавыя пастаноўкі (“Маркітантка Анна Фірлінг” Гомельскага маладзёжнага тэатра і “Аднакласнікі” Магілёўскага абласнога тэатра) маглі скласці рэальную канкурэнцыю сталіцы. Другое. А як з вынікамі ў лялечным тэатры? Адпаведны тэатр у Мінску толькі адзін. Падводзіць вынікі на падставе двух яго прэм’ерных спектакляў (“Шоўк” і “Дзяды”), як мінімум, не карэктна. Так што — паехалі!

ДРАМАТЫЧНЫ ТЭАТР

Намінацыя “Найлепшы драматычны спектакль-2012”

Пераможца: “Дажыць да прэм’еры” Мікалая Рудкоўскага, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (далей РТДБ), рэжысёр Павел Харланчук, сцэнаграфія Андрэй Меранкоў, мастак па касцюмах Алена Ігруша.

Намінант:

– “Загадкавы візіт”, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага.

 

 

Намінацыя “Найлепшая рэжысёрская праца ў драматычным тэатры-2012”

 

Пераможца: Павел Харланчук, “Дажыць да прэм’еры”, РТДБ.

Намінант:

– Барыс Луцэнка, “Загадкавы візіт”, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага.

 

 

“Найлепшая мужчынская роля ў драматычным тэатры-2012”

Пераможца: Аляксандр Суцкавер, роля Альфрэда Іла, “Загадкавы візіт”, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага.

Намінанты:

– Уладзімір Мішчанчук, роля Чарнавуса,“Хто смяецца апошні”, Тэатр-студыя кінаакцёра;
– Павел Харланчук, роля Яўхіма, “Людзі на балоце”, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы.

 

Намінацыя “Найлепшая жаночая роля-2012”

Пераможца: Вольга Скварцова, роля Каці, “Дажыць да прэм’еры”, РТДБ.

Намінанты:

– Ганна Маланкіна, роля Прынцэсы Касманаполіс, “Салодкагалосая птушка… З чалавечым голасам”, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага;

– Людміла Сідаркевіч, роля Веры, “Дажыць да прэм’еры”, РТДБ.

 

 

Намінацыя “Найлепшая сцэнаграфія драматычнага спектакля-2012”

 

Пераможца: Андрэй Меранкоў, “Дажыць да прэм’еры”, РТДБ.

Намінант:

– Веніамін Маршак, “Загадкавы візіт”, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага.

 

 

Намінацыя Найлепшы дэбют у драматычным тэатры-2012”

 

 

– Надзея Анцыповіч, роля Яніны, “Яблачны пірог”, Новы драматычны тэатр.

 

 

 

 

Каментарый:

2012 год стаў, на маю думку, не надта ўдалым для сталічных драматычных тэатраў. Уважлівы аматар тэатра заўважыць, што спіс некаторых намінацый складаецца з аднаго прозвішча. Вялікага выбару, на жаль, не было. Частка калектываў звыкла арыентавалася на камерцыйна-забаўляльныя пастаноўкі (Тэатр-студыя кінаакцёра, Сучасны мастацкі тэатр, Маладзёжны тэатр). Пасля некаторага творчага ажыўлення, што мела месца ў 2011 годзе, да гэтай жа групы далучыўся і Новы драматычны тэатр.

Самае вялікае расчараванне — Купалаўскі тэатр, які працягваў ставіць забаўляльныя пастаноўкі, абгрунтоўваючы іх неабходнасцю зарабляць грошы падчас рамонту і знаёміць шырокую публіку са здабыткамі айчыннай культуры (“Местачковае кабарэ”).

Больш сур’ёзныя мастацкія задачы ставілі перад сабой, бадай, толькі Рускі тэатр і Тэатр юнага гледача. Вынік атрымаўся супярэчлівым, хоць першы калектыў выпусціў “Загадкавы візіт”, які можна лічыць ягоным дасягненнем. Што да Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, дык для яго 2012 год зрабіўся неадназначным. Не надта пераканальныя прэм’еры пачатку года, змена кіраўніцтва (Валерыя Анісенку змянілі Ігар Сігоў у якасці дырэктара і Аляксандр Гарцуеў у якасці мастацкага кіраўніка), “чыстка” рэпертуару. Але пры канцы года была паказана новая работа, “Дажыць да прэм’еры”. На маю думку, найлепшы спектакль года. Гэта нечаканасць ці тэндэнцыя? 2013 год пакажа.

 

МУЗЫЧНЫ ТЭАТР (БАЛЕТ, ОПЕРА, АПЕРЭТА, МУЗЫЧНАЯ КАМЕДЫЯ, МЮЗІКЛ)

Намінацыя “Найлепшы музычны спектакль-2012”

Пераможца: Опера “Князь Ігар”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета, рэжысёр Юрый Аляксандраў, дырыжор Павел Сарокін, сцэнаграфія Людміла Ганчарова, мастак па касцюмах Элеанора Грыгарук, хормайстар Ніна Ламановіч.

Намінанты:

– Мюзікл “Вестсайдская гісторыя”, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр;

– Опера “Кашчэй Бессмяротны”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета.

 

Намінацыя “Найлепшая праца рэжысёра ў музычным тэатры-2012”

Пераможца: Юрый Аляксандраў, опера “Князь Ігар”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Намінанты:

– Галіна Галкоўская, опера “Кашчэй Бессмяротны”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета;

– Анастасія Грыненка, мюзікл “Вестсайдская гісторыя”, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр;

– Ганна Маторная, опера “Паяцы”, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр.

 

Намінацыя Найлепшая мужчынская роля ў музычным тэатры-2012”

Пераможца: Станіслаў Трыфанаў, партыі Кізгайлы ў оперы “Сівая легенда” і князя Ігара ў оперы “Князь Ігар”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета.

Намінанты:

– Аляксандр Жукаў, партыя Бепа, опера “Рыта, або Пірацкі трохкутнік”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета;
– Уладзімір Пятроў, партыя князя Ігара, опера “Князь Ігар”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета;
– Дзмітрый Якубовіч, партыя Тоні, мюзікл “Вестсайдская гісторыя”, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр.

 

Намінацыя Найлепшая жаночая роля ў музычным тэатры-2012”

Пераможца: Ніна Шарубіна, партыя Яраслаўны, опера “Князь Ігар”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета.

Намінанты:

– Наталя Акініна, партыя Кашчэеўны, опера “Кашчэй Бессмяротны”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета;
– Вольга Гайко, партыя Жызэлі, опера “Жызэль, або Вілісы”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета;
– Ілона Казакевіч, партыя Марыі, мюзікл “Вестсайдская гісторыя”, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр.

 

Намінацыя Найлепшая сцэнаграфія музычнага спектакля-2012”

 

Пераможца: Любоў Сідзельнікава, опера “Кашчэй Бессмяротны”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета.

Намінант:

– Аляксандр Касцючэнка, опера “Сівая легенда”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета.

 

Намінацыя “Найлепшая харэаграфія музычнага спектакля-2012”

 

 

Пераможца: Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў, балет “Зала чакання”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета.

 

 

 

Намінацыя Найлепшы дэбют у музычным тэатры-2012”

 

 

Пераможца: Вольга Костэль, харэаграфія балета “Метамарфозы”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета, эксперыментальная сцэна.

 

 

 

Каментарый: 2012 год стаў для абодвух музычных тэатраў куды больш плённым і паспяховым, чым для драматычных. На маю думку, у сёлетнім спаборніцтве Опернага і Музычнага перамогу атрымаў першы.

Оперны тэатр працягваў заставацца галоўным тэатральным ньюсмейкерам краіны. Сёлета ён адкрыў новую сцэну для харэаграфічных эксперыментаў (балеты “Зала чакання” і “Метамарфозы”). Агульная колькасць пляцовак цяпер узрасла да трох (разам з асноўнай і залай імя Александроўскай). Сапраўднай падзеяй стала супрацоўніцтва з Юрыем Аляксандравым, рэжысёрам еўрапейскага ўзроўню.

Тэатр арганізаваў два шыкоўныя міжнародныя праекты: Калядны форум (у трэці раз) і Маладзёжны форум опернага мастацтва краін СНД, Балтыі і Грузіі (упершыню), а таксама запрасіў на сваю сцэну шмат гастралёраў.

Для Музычнага тэатра год атрымаўся больш супярэчлівым. Некалькі годных прэм’ер (сярод іх асабліва вылучалася “Вестсайдская гісторыя”). Фестываль “Наталля Гайда запрашае”. Гастролі зорнага Свярдлоўскага тэатра музычнай камедыі, аднаго з найлепшых на постсавецкай прасторы. Параўнанне двух калектываў пераканала, што класічныя аперэты ў Мінску пастаўленыя лепей за расійскія. І толькі арыгінальныя мюзіклы (кшталту “Мёртвых душ”) пераўзыходзяць беларускія.

Нечаканай праблемай Музычнага тэатра стаўся незапланаваны рамонт. У выніку сезон пачаўся ў кастрычніку, першы спектакль на ўласнай сцэне прайшоў у лістападзе. Таму абяцаныя даты прэм’ер пасунуліся наперад. Больш традыцыйная публіка, якая па-ранейшаму атаясамлівае Музычны тэатр з Музкамедыяй, звыкла патрабуе касавых спектакляў (кшталту “Сапраўдная гісторыя паручніка Ржэўскага”), якія не маюць вялікай мастацкай вартасці.

Акрамя таго, сёлета гэты тэатр упершыню за ўласную гісторыю наважыўся парушыць манаполію Опернага і паставіць не камічную, а сур’ёзную оперу. Рашэнне неадназначнае, але ў любым выпадку, гэта пастаноўка разлічаная на перспектыву.

Зрэшты, усё вырашылі канкрэтныя спектаклі, праца рэжысёраў, сцэнографаў, харэографаў. Нашы віншаванні пераможцам! Тэатральнае жыццё працягваецца!

Дзяніс Марціновіч

Выкарыстаныя фотаздымкі сайтаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Марыінскага тэатра, часопіса “Мастацтва” і газеты “Культура”, сайтаў relax.by і news.vitebsk.cc.