Курт памёр, Metallica скурвілася, а The Offspring узялі і даехалі, каб даць вялікі канцэрт у горадзе-героі М.
Першай плавіла лёд на “Мінск-Арэне” ў гэты дзень тройка Ламакіна (The Toobes), якая добрыя стартавыя паўгадзіны выконвала песні, нажытыя непасільнымі гадамі ў рок-н-роле. Прынялі сваіх даволі цёпла, без свісту, крыкаў і непрыстойных пальцаў у неба, у адрозненне ад звычайнай практыкі прыёму гуртоў, што адкрываюць канцэрт. Пад канец “Тубсы” нават адхапілі міні-авацыю і паабяцалі, што гэтая сустрэча — не апошняя.
The Offspring у гэтым упэўненыя не былі, а таму без рэверансаў пачалі трыма песнямі, каб толькі пасля “Сome out and play” сказаць дыпламатычнае амерыканскае “Hello Minsk!” Зычным крыкам павітаў аўдыторыю гітарыст Нудлз, які і далей найбольш актыўнічаў у камунікацыі з публікай. За дзень да таго менавіта ён адпрацоўваў адзін за ўсіх у прамым эфіры TUT.BY–TB (глядзіце эфір ўнізе артыкула), і ён жа быў галоўным жыўчыкам, дзеянні якога мусілі нагадаць прысутным, што на сённяшнім канцэрце выступае хай сабе і поп-, але усё ж –панк гурт.
Старыя добрыя “Have you ever”, “Staring at the sun” ды “народныя” кшталту “Why don’t you get a job?” змяняліся песнямі з новых альбомаў у выверанай прапорцыі 51 на 49. Танцпол актыўна слэміўся, сайклпіціў і проста адрываўся, час ад часу выпускаючы ў паветра надзьмутыя латэксныя вырабы, жыццё якіх было, праўда, нядоўгім. “Чувак, ты ведаеш, як яны называюць свой горад? ” — звярнуўся той жа пранырлівы Нудлз да фронтмэна Дэкстэра. — “Хіро-сіці!” — “Ваў, да ладна! Хіро-сіці, вы цудоўная публіка!” Смех, апладысменты, наступная песня, усё па накатанай, такі панк-рок ХХI, дзетка.
Пасля кароткага экскурсу ў славянскія мовы і гульні са словамі “хіро” і “піва” — абавязковая “Pretty Fly”. Школьныя выпускі пачатку нулявых слэмяць, абдымаюцца і плачуць. “The Kids Aren’t Alright” — плачуць, абдымаюцца і слэмяць з апошніх сіл. Увесь канцэрт падобны на п’яны сэкс: усё падабаецца, але нібыта ўсё адно і тое ж. Але падабаецца, але адно і тое ж… На біс — “Every single day”, “I want you bad” ды застольная, тая самая — “ла-ла, ла-ла-ла” “Self Esteem”. Біс-2? На халеру! Паўтары гадзіны — і янкі знікаюць са сцэны. Каб адпачыць, падумаць, прыдумаць новых песень ды сабраць наступным разам у Мінску болей за Макса Каржа…
Алесь Плотка, Аляксандр Ждановіч
+ BONUS, той самы эфір: