Ток-шоу “Грамадства для культуры ці культура для грамадства?” пройдзе ў Берасці 23 лістапада

22.11.2012

Берасце пераймае эстафету ад Магілёва ў правядзенні ток-шоу з серыі “Культура паляпшае жыццё!”, ініцыяванай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” ва ўсіх рэгіёнах краіны. 23 лістапада тут адбудзецца адкрытая сустрэча-дыскусія, у якой чакаецца ўдзел дзеячаў культуры і адукацыі, грамадскіх актывістаў, бізнэсоўцаў і прадстаўнікоў улады. Адкрытае абмеркаванне будзе прысвечанае пытанням грамадскай цікавасці і ініцыятыўнасці ў культурным жыцці свайго горада.

Так праходзіла першае ток-шоу ў Берасці ўвосень 2011 г.

Падчас імпрэзы плануецца праліць святло на шэраг няпростых, але вызначальных для культурнага жыцця горада пытанняў:

– Што такое культура ва ўспрыманні берасцейцаў: фон, які мае быць, ці прадукт, які мы выбіраем? Які “рэйтынг” увогуле культура мае ў грамадскай свядомасці?

– Якія існуюць матывы стварэння культурных прадуктаў і як фармуецца культурны густ людзей? Ці магчыма ўплываць на змест і якасць культурных прадуктаў, якія ствараюцца менавіта для нас?

– Якія крокі трэба зрабіць, каб прапанаваць і рэалізаваць сваю культурніцкую падзею?

Першае ток-шоу ў Берасці прайшло ўвосень 2011 г. і прадэманстравала неабходнасць пашырэння дыялогу паміж творцамі, дзеячамі культуры і службоўцамі ў вырашэнні пытанняў культурнага жыцця свайго горада і рэгіёна. Гэтым разам абмеркаванне будзе прысвечанае магчымым крокам у супрацы дзяржавы і грамадскай ініцыятывы.