21 лістапада ў Магілёве распачалася серыя ток-шоу і публічных прэзентацый пад агульнай назвай “Культура паляпшае жыццё!”, якія ладзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны кампанія “Будзьма беларусамі!”. Ток-шоу стала лагічным працягам мінулагодняй грамадскай дыскусіі і справакавала бурнае абмеркаванне паміж прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый і журналістамі, гісторыкамі і маркетолагамі, музыкамі і інтэлігенцыяй. А скончылася прэзентацыяй ініцыятывай, прадстаўленай Магілёўскім студэнцкім этнаграфічным таварыствам і з цікавасцю ўспрынятай публікай. Мяркуючы па градусе вечара, яна будзе далёка не апошняй.
Імпрэзу распачала вітальным зваротам Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Прадставіўшы новы слоган кампаніі “Культура паляпшае жыццё!”, яна падзялілася планамі на далейшую дзейнасць кампаніі ў рэгіёнах і між іншым з прыемнасцю адзначыла большую колькасць прысутных, чым у мінулым годзе. Мадэратар ток-шоу Віталь Ругайн прадставіў экспертаў. У гэты вечар імі былі Алесь Агееў — дацэнт Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова, былы дэпутат гарсавета, Алесь Крыжэвіч — старшыня студэнцкага этнаграфічнага таварыства, Ігар Шаруха — дэкан факультэта прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Алесь Буракоў — журналіст і грамадскі дзеяч.
Пасля прагляду вулічнай апытанкі на тэму таго, ці вядомы магілёўцам горад, які будзе культурнай сталіцай СНД, грамада перайшла да набалелых пытанняў з жыцця будучай сталіцы. Не забываючы згадаць і апытанку, якая паказала, што нямногія з апытаных суадносяць тэрмін “культурная сталіца” з родным Магілёвам, хоць і лічаць яго выбітным і прыгожым горадам.
Адны, як заўжды скептычны Алесь Буракоў, рабілі акцэнт на купе сацыяльных праблемаў горада і параўноўвалі яго з адным вялікім спальным раёнам для гастарбайтараў. Другія, як Алесь Агееў, прыводзілі жывыя прыклады для разумення працы чынавенства і распрацоўкі планаў, падкрэслівалі агульнае разуменне годнасці і вартасці свайго горада і заклікалі дадаць творчасці і крэатыву ў жыццё правінцыі. Так бы мовіць, налягаць на культуру.
Пра свае першыя спробы супрацы з выканаўчай уладай расказаў спадар Крыжэвіч, падзяліўшыся досведам актыўнасці ў гарадской прасторы з нагоды народнага свята Багач. У сваю чаргу, Ігар Шаруха як адзін са свядомых жыхароў сталіцы Падняпроўя засяродзіўся на розным разуменні культуры і пазітыўных зменах, што адбыліся ў грамадстве за апошнія 15 гадоў. Журналіст мясцовага тэлеканала “Магілёў-2” Алена Барысава згадала выкуп статута ВКЛ, які стаў добрым прыкладам ініцыятыўнасці грамадства і адпраўным пунктам для дыскусіі прысутных.
Менавіта на тым, што варта праяўляць
ініцыятыву самастойна і прапаноўваць яе магчымым партнёрам, і сышліся ў выніку ўсе выступоўцы, якіх было ў гэты вечар нямала. А каб не заканчваць сустрэчу проста дыскусіяй і абменам меркаваннямі, кампанія “Будзьма беларусамі!” абвясціла старт “Кірмашу праектаў”.
Кожная грамадская ініцыятыва ці асобны чалавек у Магілёве можа падрыхтаваць прэзентацыю свайго праекту/ідэі, які жадае правесці у год культурнай сталіцы. Найлепшыя праекты будуць прапанаваныя ўладам для ўключэння ў план культурнай праграмы горада ў 2013 годзе. Кірмаш пройдзе ў 2 туры. У фінале будуць прэзентаваныя найлепшыя праекты. Фармат — слайд- ці відэапрэзентацыя ў межах 5 хвілін. Свае прэзентацыі можна перадаць рэгіянальнаму каардынатару кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Магілёўскай вобласці Юрыю Стукалаву (jstukalov@gmail.com, +375 29 3199309).
Скончыўся вечар крэатыўна і цёпла — свой прыклад прэзентацыі прадэманстравала Магілёўскае студэнцкае этнаграфічнае таварыства, падмацаваўшы яго спевамі, якія сарвалі апладысменты аўдыторыі. Пасля размовы пра прэзентацыю і падагульненняў экспертаў афіцыйная частка скончылася, і прысутныя працягнулі размову за кубкам кавы, абмяркоўваючы тэму вечара і новыя цікавыя праекты, якія, без сумневу, палепшаць жыццё Магілёва і не толькі.
фота – Дзяніс Васількоў