Агульнавядома, што ў свеце не існуе непрыгожых жанчын. Нешматлікія выключэнні толькі пацвярджаць правіла і сведчаць пра непрафесійнасць цырульнікаў, халтуру візажыстаў і змову вядучых фармацэўтычных і касметалагічных фірм. А калі ўжо, згодна з Шэкспірам, увесь свет — тэатр, час вызначыць самых прыгожых актрыс драматычных і музычных тэатраў сталіцы.
Звяртаю ўвагу, што версія з’яўляецца аўтарскай і таму суб’ектыўнай. Яна не ўплывае на размеркаванне роляў у тэатрах, дзе працуюць актрысы. Аўтар пакуль асабіста не знаёмы з пераможцамі. Рэкламныя кампаніі з ім пакуль не звязваліся. Аўтар не нясе адказнасці за рэўнасць з боку калег да пераможцаў. Зрэшты, каб зменшыць яе праявы, прозвішчы актрыс называюцца тут па алфавіце.
Драматычны тэатр
Святлана Анікей, Нацыянальны тэатр імя Я. Купалы
У Купалаўскі тэатр актрыса трапіла ў 1999 годзе і сыграла на яго сцэне нямала годных роляў: Годл у «Памінальнай малітве», Ганна ў «Сымоне-музыку», Алена ў «Дзецях Ванюшына». Але яе «зорнай гадзінай» зрабіўся спектакль «Не мой», пастаўлены Аляксандрам Гарцуевым паводле аповесці Алеся Адамовіча. На першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі спектакль перамог у пяці намінацыях. А Святлана Анікей, якая ўвасобіла вобраз Паліны, была ўганараваная за найлепшую жаночую ролю.
Валерыя Арланава, Тэатр-студыя кінаакцёра
Убачыўшы першыя сцэны спектакля «Пігмаліён», вы ніколі не здагадаецеся, што актрыса, якая выконвае ролю Элізы Дулітл, красуня. Наадварот — здаецца, што больш агіднага стварэння не знайсці ў прыродзе! Але праца грымёраў і цуды акцёрскага пераўвасаблення Валерыі Арланавай дазваляюць падмануць не толькі прафесара Генры Хігінса, але і самага дасведчанага гледача. Зрэшты, другое дзеянне робіцца гімнам арланаўскай прыгажосці.
Святлана Зелянкоўская, Нацыянальны тэатр імя Я. Купалы
Па гамбургскаму рахунку фільм «Анастасія Слуцкая» цяжка назваць шэдэўрам. Яго глядацкі поспех хутчэй тлумачыцца гістарычнай тэматыкай і дынамікай дзеяння. Але ў агульнай свядомасці роля княгіні Анастасіі, галоўная жаночая роля, зрабілася для Зелянкоўскай зорнай. Шэраг вядучых роляў у спектаклях Купалаўскага тэатра (Барбара Радзівіл у «Чорная панна Нясвіжа», лэдзі Макбет у «Макбеце») замацавалі за актрысай статус зоркі айчыннага тэатра.
Вераніка Пляшкевіч, Нацыянальны драматычны тэатр імя М. Горкага
Адной з першых роляў маладой актрысы ў тэатры зрабілася роля Катарыны ў мюзікле «Утаймаванне свавольнай», пасля якога Пляшкевіч у літаральным сэнсе прачнулася знакамітай. На жаль, актрыса пакуль што так і не атрымала ў родным калектыве ролі, дзе б змагла напоўніцу раскрыць свой талент. Зрэшты, альтэрнатыўным шляхам застаецца кіно. Дарэчы, нядаўна падчас прэзентацыі ў Мінску фільма «Ганна Карэніна» прысутныя не маглі адрозніць двух актрыс: Пляшкевіч і англічанку Кіру Найтлі. Асабіста мне Вераніка здаецца куды больш таленавітай, чым Найтлі. А вам?
Людміла Сідаркевіч, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
У творчасці актрысы існуе нечаканы парадокс. Калі браць пад увагу глядацкае прызнанне, яна крыху адстае ад сваіх калег па Топ-5. Здавалася б, на рахунку Сідаркевіч няма гучных касавых кінастужак. Але менавіта Людміла ў найбольшай ступені рэалізавала і рэалізуе свой талент. Яе рэпертуар у РТБД — доказ таго, якімі разнастайнымі і адначасова пераканальнымі могуць быць яе гераіні. На маю думку, найлепшая з іх — роля Ліў у «Жанчынах Бергмана» паводле п’есы айчыннага драматурга Мікалая Рудкоўскага.
Музычны тэатр
Марына Вежнавец, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі
Адна з найлепшых айчынных балерын, Вежнавец, на жаль, застаецца крыху недаацэненай як гледачамі, так і кіраўніцтвам. Між тым, ёй у найменшай ступені ўласціва пэўнае амплуа. Артыстка адчувае сябе аднолькава ўпэўнена як у лірычных, так і ў драматычных партыях. На маю думку, яе найлепшая роля — Кармэн у балеце Бізэ-Шчадрыны «Кармэн-сюіта». Апошнім часам балерына пакрысе пераключаецца на педагагічную працу, стварыўшы ўласную балетную школу. Спадзяюся, гэта не зробіцца перашкодай для працягу яе кар’еры.
Аксана Волкава, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі
«Каронная» партыя гэтай спявачкі — Кармэн у аднайменнай оперы Бізэ. Бязмежжа жарсці, пачуццяў і жаданняў літаральна абрынаюцца на гледача, не пакідаючы яго абыякавым. Волкава надзвычай дальнабачна будуе сваю міжнародную кар’еру. Яна з’яўляецца запрошанай салісткай маскоўскага Вялікага тэатра. Цяпер Волкава першая сярод салістак нашага тэатра запрошана спяваць у нью-ёркскую Метраполітэн-оперу. Спадзяюся, гэта толькі пачатак.
Таццяна Гаўрылава, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі
Па іроніі лёсу Гаўрылава магла б прысутнічаць у зусім іншым «топ»-спісе. Напрыклад, самых прыгожых піяністак. Нездарма яна закончыла Акадэмію музыкі па класе фартэпіяна і зрабілася пераможцай міжнароднага юнацкага конкурсу імя Шапэна ў Польшчы. А праз некаторы час зноў паступіла ў Акадэмію на вакальнае аддзяленне. Вынік такога рашэння вядомы — цяпер Гаўрылава з’яўляецца адной з вядучых салістак оперы. Сярод яе найлепшых партый — Снягурка ў аднайменнай оперы і Разіна ў «Севільскім цырульніку».
Кацярына Дзегцярова, Беларускі акадэмічны музычны тэатр
Творчы лёс актрысы перадвызначыла вучоба у Акадэміі мастацтваў. Дзегцярова закончыла легендарны курс рэжысёра Барыса Уторава, які падрыхтаваў акцёраў, рэжысёраў і харэографаў для айчыннага Музычнага тэатра. Рэдкі выпадак: сваю найлепшую ролю Дзегцярова, прызнаная выканаўца партый у мюзіклах, пакуль выканала за межамі свайго калектыву. У мулявінскай рок-оперы «Песня пра долю», пастаўленай Ларысай Сімаковіч на сцэне Белдзяржфілармоніі, актрыса аднолькава пераканаўча ўвасобіла галоўныя жаночыя ролі: Маці, Нявесты і Удавы.
Дыяна Трыфанава, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі
Апошнім часам улюбёнцам айчынных операманаў зрабіўся выдатны творчы і сямейны дуэт Станіслава і Дыяны Трыфанавых. Яны пазнаёміліся на ўступных іспытах у Адэскую кансерваторыю. Станіслаў прыехаў у Адэсу пасля вучобы ў Мінскім музычным вучылішчы, яго жонка скончыла гарадское музычнае вучылішча. З 2007 года выканаўцы працуюць у Мінску. Прычым Дыяна дастаткова хутка ўвайшла ў беларускую трупу і адчувае сябе тут разняволена. На маю думку, чароўнае сапрана Трыфанавай лепш за ўсё паслухаць у «Травіяце» Вэрдзі, дзе спявачка выконвае партыю Віялеты.
Дзяніс Марціновіч
Выкарыстаныя фотаздымкі з сайтаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (http://belarusopera.by), Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра (http://musicaltheatre.by), Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (rtbd.by), сайтаў n1.by, http://vk.com, http://kino-teatr.ru і http://ruskino.ru.