14 мая 2012 у Горадні прайшла прэзентацыя новых выданняў ад выдавецтва “ARCHE”. Іх прадставіў гарадзенцам рэдактар выдавецтва Валер Булгакаў.
— За гэты год мы выдалі каля дзясятка новых выданняў. Мы хочам пазнаёміць гарадзенцаў з працай Уладзіміра Ляхоўскага, кнігай “Балахоўцы”, перакладзенай і апрацаванай гарадзенцамі Андрэем Вашкевічам і Андрэем Чарнякевічам, і наш новы нумар, прысвечаны беларускай штодзённасці, які рэдагавала гарадзенка Наталля Сліж.
Уладзімір Ляхоўскі прадставіў гарадзенцам сваю працу “Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ — першай трэці ХХ стагоддзя”.
— Гэтую працу я пісаў, калі сядзеў ў Польшчы амаль год і меў шмат часу. Выданне навукова-папулярнае, я не хацеў яго абцяжарваць. Першым штуршком да працы стала просьба бюлетэня “Супольнасць” яшчэ ў 1999 годзе. Яны прасілі напісаць пра маладзёвы рух да пачатку Першай сусветнай вайны. Потым я напісаў пра дзейнасць беларускіх маладзёвых арганізацый у эміграцыі ў 20-я — 30-я гады.
Гарадзенцы Андрэй Вашкевіч і Андрэй Чарнякевіч пра кнігу “Балахоўцы” кажуць наступнае:
Вашкевіч: “У гэтай кнігі вельмі цікавы лёс, як і ў яе аўтара, афіцэра польскай контрвыведкі. Яго жыццё было вельмі шчыльна звязанае з беларускім рухам. Ён бачыў, чым была армія Балаховіча знутры. Пішучы свае ўспаміны ў другой палове 30-х, ён “перафарбаваў” гэтую гісторыю. Мы вырашылі не пакідаць тэкст Ліса-Блонскага проста так і супрацьставіць яго самому сабе. Асноўная частка — гэта ўспаміны пра армію Балаховіча, а таксама рапарты Ліса-Блонскага польскаму камандаванню за 1920 год, дзе прысутнічаюць узаемавыключальныя рэчы. У 20-я гг. ён просіць звольніць яго з арміі Балаховіча праз тое, што не можа глядзець на той гвалт, які яна пасля сябе пакідае”.
Чарнякевіч: “Гэта не даследаванне пра Балаховіча. Проста мы хацелі, каб гэтую кнігу прачытала як мага больш людзей. Мы неяк пачалі размову пра тое, ці былі ў БНР шанцы. Адзін вузкі перыяд быў звязаны менавіта з Балаховічам. Чаму? Таму што гэты чалавек — адзіны з усіх, хто быў у арбіце беларускай палітыкі, меў рэальную сілу. Можна па-рознаму ставіцца да гэтай постаці, але кожная нацыя, якая канструюе сабе герояў, павінная зразумець, што разам з іх подзвігамі яна атрымлівае і адваротны бок медалю”.
Наталля Сліж прадставіла тэматычны нумар часопіса “ARCHE”, прысвечаны штодзённасці: “Сёння штодзённасць разумеецца вельмі шырока, таму артыкулы, што тут прадстаўленыя, паказваюць беларускую штодзённасць ад старажытнасці да сучаснасці і розныя яе аспекты: ад ежы да ментальнасці”.
Андрэй Мялешка