Франкфурт-на-Майне — адзіны еўрапейскі «альфа-горад». Там стаіць гмах еўрапейскага цэнтрабанка і яшчэ два дзясяткі хмарачосаў сусветных карпарацый. Але ў гэтых шкляных сценах адлюстроўваецца зялёны гарадок з тыповымі фахверкавымі дамкамі. Мінулі часы, калі тут каранавалі нямецкіх уладароў: цяпер віруе павольнае жыццё — месцічы п’юць піва па вечарах і заядаюць яго шніцалем. У гэтым аазісе ўжо 40 гадоў жыве Барыс Кіт — сусветна вядомы навуковец, стваральнік новага віду паліва для касмічных караблёў, які адмыслова для сайта budzma.org пагадзіўся на размову.
Нягледзячы на тое, што Барыс ніколі не меў беларускага грамадзянства, ён усё жыццё лічыў сябе беларусам. 6 красавіка яму споўнілася 102 гады. Спадар Барыс сустрэў нас зухаватай усмешкай:
— Нешта вы спазніліся, мяне ужо пяцьдзясят чалавек павіншавалі. От як атрымалася: Хрыстос памёр, а я нарадзіўся. Але праходзьце, праходзьце. На ўсе пытанні адкажу.
Зазваніў тэлефон – мы былі не апошнія, хто спазніўся з віншаваннямі. Тэлефанаваў Радзім Гарэцкі — віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі, прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” з 1993 па 2001 гады.
— Дарэчы, а што з Вашай прэміяй? Здаецца, Гарэцкі быў апошні, хто яе атрымаў?
— У мяне проста скончыліся грошы. Бо ўсё гэта ладзілася за мой кошт. Курс даляра абрынуўся, і я не змог працягваць фінансаванне гэтага праекту. Шкада, канечне, але што зробіш… Апошнімі, хто атрымаў прэмію, былі Вольга Іпатава і Андрэй Майсяёнак. Мяне засмучае, што не паспеў ушанаваць Васіля Быкава, я б і грошы знайшоў (сума непрынцыповая — 1000 еўра), але ён памёр.
У свой час Барыс Кіт меў дамы ў ЗША і на ўзбярэжжы Міжземнамор’я, любіў вандраваць і цяпер шкадуе, што не наведаў Аўстралію і Паўночную Амерыку, астатнія кантыненты ён бачыў. Ён разглядаў скульптуры Далі на Авенідзэ дэль Мар у рэспектабельным Марбелье, уздымаўся на Фудзіяму, захапляўся світанкамі спякотнага сонца на Гаваях, а вось трапіць у космас ніколі не планаваў — яму і на Зямлі цікава.
— Дзе Вы былі найбольш шчаслівы?
— Я пражыў тры жыцці — у Беларусі, Амерыцы і Нямеччыне. Але лепш за ўсё адчуваў сябе ў ЗША. Амерыка — краіна абсалютнай свабоды, і толькі там я зразумеў, што гэта такое. Там у кожнага сапраўды ёсць шанец стаць тым, кім пажадае. У мяне, простага беларускага хлопца, гэта таксама атрымалася. Але я ніколі не забываў, адкуль я. У бацькоўскай хаце мы заўсёды размаўлялі па-беларуску.
— Вы нават стварылі беларускую калонію ў Саўт-Рыверы…
— Усё жыццё я дапамагаў землякам. У прыватнасці, садзейнічаў атрыманню дакументаў. Я быў не адзіны беларус, хто ўцякаў з Радзімы ад праклятага камунізму. Мы ведалі, што там нас чакаюць рэпрэсіі. І таму ў канцы вайны мільёны беларусаў запрэглі коней, селі на вазы і рушылі на Захад.
— Але ж і цяпер уцякаюць.
— Я іх разумею. Гэта нармальна. Няхай з’язджаюць за сваёй марай. Усё магчыма. Галоўнае — мова. Гэта дарога да поспеху. Я ведаю шэсць моваў. Мяне цешыць думка, што беларусы жывуць ва ўсім свеце.
— Ці сочыце Вы за тым, што адбываецца ў Беларусі?
— Ужо не. Але ў 90-я нават планаваў туды вярнуцца. У мяне была мара стварыць нацыянальны ўніверсітэт. Распрацаваў ідэю, шукаў фінансаванне, але на Радзіме гэта не выклікала імпэту. А цяпер я занадта стары. Тэлевізар амаль не гляджу. Мне больш падабаецца з людзьмі размаўляць.
Вандроўка Барыса па свеце пачалася ў 8 гадоў. Сям’я Кіта ўцякла з рэвалюцыйнага Пецярбургу на Радзіму — у Беларусь, дзе бацькі завялі ўласную гаспадарку. Барыс вырас у вёсцы пад Навагрудкам, атрымаў дыплом Віленскага ўніверсітэта і пачаў выкладаць матэматыку ў школах Заходняй Беларусі. Вірлівае жыццё было наканавана Барысу лёсам… альбо прозвішчам.
— Маё сапраўднае прозвішча — Кіта, а не Кіт. У пасведчанні аб нараджэнні прозвішча напісалі праз «яць» — Кітъ, але пасля моўнай рэформы гэтую літару папросту выкраслілі. Так атрымаўся Кіт, які потым абплыў усе акіяны.
— Часта згадваеце гады, пражытыя ў Беларусі?
— Канечне, тады я быў малады. На маіх вачах стваралася новая беларуская дзяржава. І было цікава ўдзельнічаць у гэтым. Я асабіста займаўся стварэннем школ. Мабыць, ведаеце Таварыства беларускай школы, Тарашкевіча? Мы адкрылі больш за 100 беларускамоўных школ.
— А сёння ў Беларсі іх з кожным годам меней…
— Дык нам усе дапамагалі. Нават тыя, у каго не было дзяцей: прыносілі грошы, давалі коней ці проста працавалі на будаўніцтве. Таксама мы выкарыстоўвалі палітычную сітуацыю. Камуністы падтрымлівалі беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі, каб паслабіць польскі ўплыў, і не шкадавалі на гэта сродкаў.
— А як палякі сябе паводзілі?
— Яны нам не спрыялі… Таму калі пад уплывам камуністаў ТБШ пачало займацца палітычнымі пытаннямі, нас усіх арыштавалі: Шырму, Тарашкевіча, Уласава… Гэта было ў пачатку 30-х. Уратаваліся толькі тыя, хто маўчаў на допытах, такіх было 3 чалавекі, у тым ліку і я, астатнім далі па 8 гадоў. А потым прыйшлі камуністы і замест таго, каб вызваліць усіх, далі некаторым яшчэ па 8 гадоў і выслалі у Сібір.
— Вы былі ў самым эпіцэнтры, былі асабіста знаёмы з людзьмі, пра якіх мы ў падручніках чытаем…
— Дык у Беларусі заўсёды жылі цікавыя людзі. Прыгадайце хаця б Казіміра Семяновіча, вынаходніка шматступеннай ракеты. Ён жа беларускі да Вінчы! Беларусы часта пра космас марылі, напрыклад Драздовіч. Яго я асабіста ведаў, ён маляванне ў мяне выкладаў, я тады малы быў, таму пра космас не размаўлялі.
— А потым самі настаўнікам сталі…
— Жыў у Вільні — выкладаў матэматыку, а потым і дырэктарам гімназіі стаў. У мяне па-беларуску тысяча шкаляроў навучалася. Тады ў горадзе літоўцаў амаль не было — яўрэі, палякі ды беларусы. Але потым Сталін падараваў горад Літве — прыйшлі літоўцы, і мы мусілі з усім скарбам пераязджаць у Навагрудак.
— Вы былі настаўнікам і ў гады Другой сусветнай вайны.
— Гаўляйтар Кубэ не быў прыхільнікам Гітлера і спрыяў адкрыццю школ у Беларусі. Але я пайшоў далей і стварыў падпольны ўніверсітэт, за што мяне маглі расстраляць. Мяне выклікалі ў Мінск на размову, але пакуль я туды ехаў, немцы былі вымушаны ўцякаць, ім стала не да мяне.
— Але ж Вы не пазбеглі турмы.
— Так, але тое было раней. У маёй школе працаваў настаўнік, які быў звязаны з партызанамі. Калі немцы пра гэта даведаліся, то прыйшлі да мяне і спыталі яго адрас. Я не мог адмовіць, але даў няправільны нумар хаты, каб той змог убачыць, што па яго ідуць, і збегчы ў лес. Так і атрымалася. За гэта мяне арыштавалі. Цэлы месяц я сядзеў у турме, а за сцяной расстрэльвалі людзей, штодня па 25 чалавек.
— У Вашым жыцці было шмат дзіўных выпадковасцяў…
— І звычайна шчаслівых. Напрыклад, матэматыкам я зрабіўся цалкам выпадкова. Заўсёды марыў быць гісторыкам. Калі прыйшоў падаваць дакументы, там было дзве чаргі — доўгая на гістарычны факультэт і кароткая на фізмат. Паленаваўся стаяць у доўгай, і гэта вызначыла мой лёс. Кім бы я быў у Амерыцы без матэматыкі? Мыў бы посуд у рэстарацыях.
— А пачалі разлічваць змест ракетнага паліва.
— Дарэчы, працу ў Амерыцы я таксама атрымаў дзякуючы выпадку. Прыйшоў на сустрэчу польскай суполкі, пазнаёміўся за келіхам віна з прафесарам Густавам Макшыцкім. Калі той даведаўся, што я матэматык, то дапамог мне атрымаць працу ў NАА — арганізацыі, якая займаецца касмічнымі даследаваннямі.
Свет убачыў першы крок чалавека на Месяцы дзякуючы Барысу Кіту. У наўпростым сэнсе. Беларус вылічыў, як ажыццявіць жывую відэатрансляцыю з космасу. А тады, дарэчы, лічбавых тэхналогій не існавала. Уласна, і сам палёт на Месяц без Кіта не атрымаўся бы — навуковец вынайшаў рэвалюцыйны на той час від ракетнага паліва — вадкі вадарод. Не дзіўна, што яго імя захаванае ў капсуле часу ў Капітоліі, а ўсе ўзнагароды немагчыма пералічыць.
— Чаму пасля такой паспяховай кар’еры Вы вырашылі пераехаць у Франкфурт?
— У Франкфурт я прыехаў займацца ўніверсітэцкімі даследаваннямі, а застаўся праз Тамару. Выпадкова пазнаёміўся тут з маёй каханай, і потым вандравалі разам па ўсім свеце. Яна мне вельмі дапамагала, яе прыгажосць вабіла, і на навуковых кангрэсах да нас заўсёды падыходзілі знаёміцца першымі.
— Як Вы здолелі ўтрымаць такую прыгажуню?
— Мы ніколі не жылі ў адной кватэры. А разам ужо 40 гадоў.
Тамара таксама прысутнічала на нашай сустрэчы. Вельмі прыгожая жанчына — чымсьці падобная да балерыны (насамрэч яна ўсё жыццё працавала сакратаркай у банку). Калі яны пазнаёміліся, Тамары было 35 гадоў, Барысу — 62. Па яе словах, Барыс вельмі моцна ўразіў яе — дасціпны, выкшталцоны і ладны мужчына, да таго ж, выбітны апавядальнік. Ён і цяпер такі.
— Я ўжо прыдбаў месца для сябе і Тамары на самых старых рускіх могілках Еўропы. Гэта тут недалёка — у Вісбадэне, 40 км ад Франкфурта. Там ёсць праваслаўная царква. У нас будуць цудоўныя суседзі — графіня Варанцова-Дашкава і жонка Пушкіна Наталля Ганчарова.
— Ці верыце Вы ў Бога?
— Так, цяпер мне хацелася б верыць. Калі я быў малады, дык не думаў пра гэта. Але дажываючы апошнія дні, я спадзяюся, што гэта не канец.
Ганна Анакер, Алег Улевіч, Франкфурт-на-Майне, спецыяльна для «Будзьма разам».