13 лістапада ў гарадскім Цэнтры культуры і вольнага часу ў Магілёве прайшла прэзентацыя кнігі «Краіна Беларусь. Вялікае княства Літоўскае». Кнігу магілёўцам прадставілі яе сааўтары пiсьменнiк Уладзімір Арлоў i мастак Зміцер Герасімовіч. Ва ўтульнай актавай зале сабралася нямала народу – гісторыкі, беларусісты і проста неабыякавыя да гісторыі сваёй краіны людзі.
Кніга зусім нядаўна была прэзентаваная ў Мінску, а Магілёў стаў першым горадам у «гастрольным туры». Як адзначыў сам Уладзімір Арлоў, нездарма магілёўцы аднымі з першых убачылі выданне – у ім не раз згадваецца назва гэтага горада, а пра яго важную ролю ў гісторыі краіны можна нават i не казаць. Дарэчы, і цяпер Магілёў усё яшчэ прыкметна ўплывае на гісторыю нашай краіны, падкрэсліў Уладзімір Арлоў: так, менавіта ў гэтым горадзе праводзяцца зборы грошай для выкупу рэдкіх кніг, і менавіта дзякуючы магілёўцам у Беларусь вярнуўся Статут ВКЛ 1588 года выдання.
Хоць кніга і носіць назву «Вялікае княства Літоўскае», у ёй ахоплены і перыяд пасля распаду ВКЛ практычна да нашых дзён: з кнігі можна даведацца пра спробы адраджэння княства, канцэпцыі ВКЛ і многае іншае. У ёй таксама можна знайсці мноства дакументаў, старых карт, летапісаў і гравюраў – усяго ў выданні налічваецца больш за 2 000 ілюстрацый. Каля 200 з іх публікуюцца ў кнізе ўпершыню: аўтары доўга шукалі іх не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Вене, Літве. Кніга сапраўды ўнікальная, гэта не звычайная падборка ўсім вядомых фактаў і ілюстрацый. У выданні можна знайсці шмат невядомых фактаў і гісторый і нават гістарычныя анекдоты – кур’ёзныя здарэннi. І хоць кошт кнігі складае 350 000 рублёў, ужо за некалькі месяцаў увесь наклад у 5 000 асобнікаў быў раскуплены.
На мерапрыемстве аўтар расказаў некалькі гістарычных анекдотаў, апісаў працу над кнігай і сапраўды зацікавіў магілёўцаў – кніга аказалася далёкая ад вядомага ўсім курсу гісторыі, а таму вельмі цікавая. Зрэшты, некаторыя ўжо гэта ведалі – некалькі магілёўцаў прыйшлі на прэзентацыю са сваімі асобнікамі, і аўтар з радасцю пакінуў ім аўтограф. Для тых жа, хто кнігу яшчэ не паспеў набыць, магілёўскія крамы замовілі ў аўтара каля 30 асобнікаў выдання.
Марыя Гілёва