Vinsent прэзентуе сінгл і анансуе кліп “Ні кроку назад”, падрыхтаваны адмыслова да вялікага канцэрту ў клубе “Re:publiс”, які адбудзецца 9 траўня.
“Ні кроку назад” – гэта першая студыйная праца запісаная з жывым складам, з якім Vinsent ужо паспеў даць шмат канцэртаў у Беларусі і за мяжою, выдаць шэсць канцэртных кліпаў і “Жывы DVD” .
Да таго ж песня “Ні кроку назад” стала саўндтрэкам да фільму “Вышэй за неба”. Падчас працы над фільмам Андрэй Курэйчык, сцэнарыст і мастацкі рэжысёр праекту, асабіста прапанаваў Vinsent’у, які зняўся ў фільме, на гэтую песню зняць кліп.
“Андрэю Курэйчыку я паказаў песню яшчэ восенню ў дэма варыянце, і ён сказаў, што яна абавязкова павінна стаць саўдтрэкам, бо перадае эмацыйна ўсё тое, што Курэйчык закладаў і бачыць у фільме, таму яшчэ да заканчэння працы над песняю і фільмам, мы мелі падрыхтаваны макет кліпа”, – узгадвае Vinsent.
Першымі ўбачаць кліп усе наведвальнікі канцэрту, які адбудзецца 9 траўня ў клубе “Re:publiс”. Пасля прэзентацыі на канцэрце кліп з’явіцца ў інтэрнэце.
“Я задаволены працаю, задаволены вынікам, бо песня сапраўды атрымалася шчырай і яскраваю. “Ні кроку назад”, як мне здаецца, добра адлюстроўвае не толькі мае адчуванні і настроі, але і настрой фільму “Вышэй за неба”. Кожны хто яе пачуе, хочацца каб адчуў нешта сваё, жыццё і атмасферу “гораду сонца”, тэму “кахання і здрады”, праблему “свабоды і няволі”. У песні ёсць лёгкае дэпрэсіўнае адценне, стан пошуку жыццёвага выйсця, але гэты стан пранікнёны рамантызмам, які мы павінны захоўваць ня гледзячы на вонкавыя праблемы і пэўныя цяжкасці”, – каментуе Vinsent .
9 траўня ў клубе “Re:publiс” адбудзецца канцэрт Vinsent’а з жывым складам.