Гульня прайшла ўвечары 28 лютага. Прысутнічала каля 60 чалавек. Спачатку пра правілы гульні расказалі яе стваральнікі.
Задача — рассакрэціць персанажа, як у вядомай гульні “Мафія”. Усе ўдзельнікі атрымліваюць персанажаў, але яны не ведаюць, хто ёсць хто. Гульня мае 3 калоды, кожная са сваім функцыяналам. Калі ў мафіі ёсць мафія і мірныя жыхары, то тут 2 каманды, што змагаюцца між сабой, а яшчэ прысутнічаюць беларусы.
Гульня, можна сказаць, нарадзілася жартам: стваральнікі шукалі адметную беларускую гульню ў інтэрнэце, не знайшлі і вырашылі яе стварыць самі.
На каго разлічаная гэтая гульня? Стваральнікі кажуць, што ім было б цікава, каб яна выкарыстоўвалася ў школах.
Картаў тры калоды. Першая — персанажы; гэта рэальныя ўдзельнікі паўстання, паўстанцы, царскія службоўцы і беларусы. Другая калода — карты выбару, якія вырашаюць, на чый бок стануць беларусы, там карты “касінер” і “жаўнер”. І трэцяя калода — карты лёсу. Калі кагосьці выкідаюць з гульні, карта можа вырашыць яго лёс. Напрыклад, павесіць на шыбеніцы — карта “шыбеніца”. Удзельнік можа збегчы ў пушчу, можа пачытаць “Мужыцкую праўду”, пераканаць беларусаў і змяніць кірунак гульні.
Нечаканасцю для прысутных быў выступ гурта “Людзі на балоце”, што выканаў тры свае творы.
Гульня цягнулася некалькі гадзін. У выніку паўстанцы перамаглі і змянілі гісторыю.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі