Майсюк — увасабленьне слогану “зрабі сябе сам”. Хлопец зь вёскі пачаў самастойна пракладаць сабе шлях яшчэ ў пачатку 90-х і ўрэшце высьпеў да дэбютнага альбому, запісанага ў Менску, а даведзенага да ладу ў Галівудзе.
Гітарыстаў экстра-клясы ў Беларусі заўжды было ў дастатку — беларуская гітарная школа нарадзілася сама па сабе насуперак усяму яшчэ ў 60-х гадах і мае трывалыя традыцыі. Супэргітарыстаў, якія пішуць уласныя арыгінальныя п’есы ў нас трошкі меней: яны або разьехаліся па сьвеце, або сьпіліся за час несупыннага чосу ў кавэр-бэндах па кабаках. Самадастатковых яркіх гітарыстаў, якія свой матэрыял упарадкавалі і ахайна запісалі ў студыі ў нашай краіне, дык наогул вобмаль. Уладзімір Майсюк — адзін з такіх. Ён таленавіты творца і зацяты баец, увасабленьне слогану “зрабі сябе сам”. Хлопец зь вёскі пачаў самастойна пракладаць сабе шлях яшчэ ў пачатку 90-х і ўрэшце высьпеў да дэбютнага альбому, запісанага ў Менску, а даведзенага да ладу ў Галівудзе. Па выхадзе працы “Freatwalk” (назва — майсюкоўскі наватвор, які можна перакласьці як “шпацыр па гітарных ладах”) яго можна сьмела заносіць у лік найлепшых беларускіх гітарыстаў новага пакаленьня.
“Freatwalk” — альбом якасна запісанай інструмэнтальнай музыкі, у якой рэй вядзе гітара. Праца зробленая велізарная — адчуваецца, што кожны трэк прадумваўся і кшталтаваўся працяглы час. Майсюк парупіўся за ўсё і ўвасобіў свае мары належным чынам. Уласна, з фантасмагарычнай п’есы “Valley of Dreams” і пачынаецца гэтая плытка, зь якой адразу ж можна атрымаць уяўленьне пра манеру ігры гітарыста. Уладзь дэманструе сваё ўменьне “думаць інструмэнтам”, але не пантуецца тым уменьнем. Пры такой сьціпласьці ён здольны разгортваць перад слухачом вялікія гукавыя абсягі. Дзеля гэтага ён часам зьвяртаецца да этнікі — ледзь улоўны жаночы бэк-вакал у першым трэку ці “песьняроўская” жалейка ў “Mountains” пра гэта сьведчаць. П’есы з альбому гучаць аб’ёмна, а ўся праграма збудаваная такім чынам, што ўвага трымаецца цягам усяго яе гучаньня.
На гэтым альбоме Майсюк паказаў хіба толькі частку з таго, на што здольны. Мяркуючы з таго, што ён вырабляе на гітарных сэйшнах, нас чакае яшчэ не адна яскравая праца. Да ўсяго, Уладзь зьбіраецца неўзабаве запісаць парачку трэкаў з вакалам. Самадастатковых гітарыстаў экстра-клясы, якія пішуць уласныя п’есы, даводзяць іх да ладу ў студыі, а яшчэ і сьпяваюць пры гэтым пад сваю музыку, у нас зусім адзінкі.
Альбом “Fretwalk” можна набыць на iTunes
Ідэя: 8
Выкананьне: 10
Тэксты: –
Запіс: 9
Аздабленьне: 7
Сяргей Будкін