Сучасны мінчанін або моцна ідэалізуе культуру вясковага жыцця, або зусім нічога пра яе не ведае. Да чаго трэба быць гатовым у марах пра ўласны дом у вёсцы? Чаму сельскія чыноўнікі адэкватнейшыя за гарадскіх? Якія выгады атрымлівае бізнэс, асталёўваючыся ў сельскай мясцовасці? Хто і навошта пераязджае з горада ў вёску? Чаму на перыферыі не прыжываюцца маладыя настаўніцы і дактары? Як выжыць у вёсцы ва ўмовах адсутнасці электрычнасці? Як наогул выжываюць у вёсцы, расказвае Уладзімір Шаблінскі, арганізатар буйных музычных мерапрыемстваў (у тым ліку блізкага «Вольнага паветра»), уладальнік знакамітага хутара «Шаблі». Чарговае інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё!».
— Вясковая культура сёння прадстаўленая старымі, што дажываюць свой век, алкаголікамі і прасунутымі гараджанамі-перасяленцамі. Зрэшты, апошнія ўсё роўна часцяком «завязаныя» на горад, дзе ў іх ёсць кватэра і як мінімум магчымасць памыцца. Так што культура вясковага жыцця ў даволі сумным стане.
— Як выглядае вясковае жыццё ў рэальнасці без ідэалізацыі кшталту «чыстае паветра і прыгожыя далі»?
— Людзям, якія пастаянна жывуць у вёсках, даводзіцца вельмі нялёгка, і тут я маю на ўвазе ў першую чаргу ўмовы жыцця, пытанні працаўладкавання і аплаты працы, варыянты баўлення вольнага часу — спіс можа быць бясконцым. У Валожынскім раёне, напрыклад, за апошнія дзевяць гадоў закрылася маса школ і маленькіх крамаў — яны не запатрабаваныя і нерэнтабельныя. Школьнікаў аб’ядналі ў буйнейшыя класы, крамы пакінулі толькі ў вялікіх вёсках. Стала яшчэ менш сельскіх жыхароў: моладзь (хто не спіўся) імкнецца з’ехаць у горад, а бабулі і дзядулі паволі паміраюць, і на жаль, іх дамы не засяляюцца сваякамі. Купляць жыллё на вёсцы горад таксама не асабліва спяшаецца.
— І гэта зразумела: я ведаю гараджан, якіх ад перасялення ў вёску ўтрымлівае адсутнасць годнай адукацыі для іх дзяцей.
— Гэта так. У сельскіх школах не хапае кадраў. Выпускнікі, якія заканчваюць у Мінску медыцынскі або педагагічны ўніверсітэт, успрымаюць размеркаванне ў глыбінку як пакаранне: яны ўсімі праўдамі і няпраўдамі спрабуюць не трапіць у якое-небудзь Малое Запруддзе. І я іх разумею: у вёсках для іх няма элементарных бытавых умоваў. Аграгарадкі, якія прадстаўляюцца маладым спецыялістам для пражывання, — гэта нават не мінулы, а пазамінулы век. Уявіце, пра што думаюць маладыя людзі, якія скончылі ўніверсітэт: яны пяць гадоў жылі ў Мінску, дзе мелі магчымасць карыстацца ўсімі выгодамі цывілізацыі (ад гарачай вады і цэнтралізаванага ацяплення да камп’ютараў і інтэрнэту), яны марылі «змяніць гэты свет у лепшы бок», і вось, прыязджаючы ў вёску, яны сутыкаюцца з тым, што большая частка іх думак скіраваная на выжыванне, а не на выкананне сваіх прафесійных абавязкаў. Як нарыхтаваць дроваў на зіму, каб тапіць хату, нацягаць вады, «злавіць» аўтакраму, каб купіць нейкай прымітыўнай ежы… Каму з маладых спецыялістаў захочацца сяліцца ў такіх умовах?
— І сапраўды — сярэднявечча!
— Гарадскія жыхары, якія купляюць хаты ў сельскай мясцовасці і мараць пра адзіноту ў вясковай глушы, павінныя разумець, што па-за горадам яны могуць спадзявацца толькі на свае сілы. У горадзе мы любім пабурчаць у сацсетках, маўляў, як гэта так: прайшло 3 гадзіны пасля снегападу, а цэнтральныя вуліцы ўсё яшчэ не расчышчаныя. Поўная лухта! «О, з трох палос руху на праспекце засталася адна!» — піша хтосьці, а я ўсміхаюся: абурацца з гэтай нагоды могуць толькі людзі, якія не выязджаюць зімой за кальцавую. Рэальнасць у тым, што калі вашае загараднае жыллё знаходзіцца ўбаку ад аўтобуснага маршруту, то дарогі да дома чысцяцца толькі па рэшткавым прынцыпе: калі засталася салярка пасля ачысткі асноўных дарог, магчыма, дабяруцца да вас. Але часцей за ўсё пра «неасноўныя» дарогі забываюць на тыдзень, а то і больш. Могуць наогул не ўспомніць: дзе ты ўсочыш, каму і колькі саляры прадаў мясцовы трактарыст. Гэта тая рэальнасць, да якой вясковаму жыхару трэба быць заўсёды гатовым. Можа адбыцца бура і пакласці дрэвы на электрычныя правады. І электрасеткі будуць аднаўляць па тым жа прынцыпе: у першую чаргу лініі, якія ідуць да буйных населеных пунктах, фермаў, а потым усе астатнія. І калі вы жывяце на хутары, святло вам дадуць у апошнюю чаргу. Вы павінныя быць гатовыя, што, магчыма, тыдзень давядзецца жыць без электрычнасці.
Цяпер я ведаю, што выязджаць з горада ў непагоду з пустым бакам раўназначна вар’яцтву: бура, паваленыя дрэвы, адсутнасць электрычнасці, непрацуючыя калонкі з палівам. У вёсцы вы жывяце па-за цывілізацыяй і часцяком спадзявацца можаце толькі на сваю прадбачлівасць. Гэта зусім іншая ступень адказнасці за ўласнае жыццё і жыццё вашых блізкіх. Адна справа ўсміхацца ў ФБ, што «адна чыстая паласа засталася», а іншая — рэальна з гэтым сутыкацца.
— І нягледзячы на гэта, сёння з’явілася тэндэнцыя, пры якой гараджане купляюць хутары, дамы ў вёсцы, каб калі не ўвесь час, то хоць бы частку яго бавіць у месцах, далёкіх ад горада.
— Так, цяпер гэтая тэндэнцыя стала прыкметнай — людзі, якія нарадзіліся і жывуць у гарадах, пачынаюць пераязджаць адтуль у якія-небудзь глухія і неверагодна прыгожыя мясціны Беларусі ў пошуках адзіноты і ўнутранага камфорту.
— Гэта «імкненне да зямлі» ці да нейкай свабоды?
— Мабыць, у часткі беларусаў адбываецца вяртанне да зямлі, але яно ў меншай ступені закранае гараджан, а датычыць у першую чаргу тых, хто нарадзіўся ў сельскай мясцовасці. Людзі, якія жывуць у гарадах і маюць закінутыя дамы-дачы, раптам успамінаюць пра іх і з радасцю вяртаюцца на свае ўчасткі. Магчыма, гэта звязана з паступовым выхадам грамадства з крызісу 2008 года.
Таксама з горада з’язджае творчая інтэлігенцыя, прадстаўнікі якой ужо даўно знаходзяцца ў прыгнечаным стане і не маюць магчымасці свабоднага самавыяўлення. Дзяржава юрыдычнымі і неюрыдычнымі рамкамі і дзеяннямі свядома сціскае культурнае асяроддзе Беларусі. Велізарная частка незалежнай і свабодалюбнай часткі нашага грамадства ставіць перад сабой пытанне: з’ехаць, пачынаць жыць і ствараць на карысць чужых краін або шукаць сябе на радзіме? Большасць з асабістых прычын не гатовая з’ехаць з гэтай краіны, і людзі пачынаюць шукаць маленькія астраўкі свабоды ў Беларусі, каб рэалізавацца творча, духоўна, не чуць натоўпу, не адчуваць скаванасці і рамак Мінска.
— Як атрымалася ў вас, гарадскога жыхара, уліцца ў вясковае асяроддзе?
— Я не магу сказаць, што ўліўся да канца — гэта бясконцы працэс. У вёсцы ў людзей менш бар’ераў у зносінах, патрабаванняў адно да аднаго. Там зусім іншы тэмпарытм. Мне вельмі цяжка было прызвычаіцца да няспешнага бізнэс-працэсу сельскай мясцовасці. Нейкія пытанні вырашаюцца як у горадзе, цягам гадзіны, па іншых трэба пачакаць, таму што «спяшацца няма куды». І ў той жа час усе ідуць насустрач, калі растлумачыць тэрміновасць і важнасць справы.
Як у гарадах, так і ў вёсках беларускае заканадаўства трактуецца канкрэтна кожным чыноўнікам зыходзячы з яго адукацыі і выхавання, наяўнасці ў яго сумлення і здаровага розуму. Але дзіўна, што ў сельскай мясцовасці сумленных людзей больш, чым у горадзе. І я зразумеў, чаму! Еду неяк па Валожыншчыне і раптам усведамляю, што мясцовыя глядзяць мне ў вочы. І я проста не маю права паглядзець на прыборы: калі не міргну фарамі ў адказ на прывітанне — крыўды будзе на цэлы год. І ўсе кіроўцы ветліва глядзяць у твар адно аднаму: «Воўка паехаў». А ў Мінску ўсе зацыкленыя на знаках, на габарытах пярэдняй машыны, на мікрафонах у вушах і мабільніках у руках. А ў вёсцы ты не маеш права праігнараваць погляд аднавяскоўца, а таму і схлусіць, скрасці, зрабіць подласць тут складаней — у вёсцы ўсе глядзяць у вочы. Тут усё хутка даведаюцца. Таму і чыноўнікі тут адэкватнейшыя.
— Ці заахвочвае дзяржава тэндэнцыю перасялення гарадскіх жыхароў у сельскую мясцовасць?
— На Захадзе, безумоўна, існуюць нейкія праграмы падтрымкі. У Беларусі яны таксама ёсць, але, мякка кажучы, своеасаблівыя, бо мала хто ўяўляе, на якіх умовах людзі павінныя перасяляцца ў сельскую мясцовасць. Робіцца шэраг змяненняў у заканадаўстве, якія палягчаюць жыццё людзям, што вырашылі заняцца бізнэсам на сельскай тэрыторыі. Ёсць указ прэзідэнта, які дае падатковыя льготы юрыдычным асобам — невялікім прыватным прадпрыемствам. Гэтымі льготамі карыстаюцца як зноў створаныя на сяле прадпрыемствы, так і фірмы, перанесеныя сюды з буйных гарадоў.
Існуе магчымасць узяць вялікі льготны крэдыт — 2000 базавых велічынь, 200 мільёнаў рублёў, пад 5% гадавых на развіццё аграсядзібы. Гэта таксама стымулюе на тое, каб быць актыўным, змяняць уласнае жыллё, паляпшаць яго характарыстыкі і запрашаць турыстаў. Я чуў, што нехта карыстаецца гэтымі крэдытамі, але хутар «Шаблі», на шчасце, па іх не звяртаўся — выбіраемся самі.
— Чаму «на шчасце»?
— Ёсць шмат нюансаў. Карыстанне тымі ці іншымі льготамі, якія даюцца дзяржавай, заўсёды мае адваротны бок. Як гаворыцца, «чытайце тое, што напісана дробным шрыфтам унізе, перш чым падпісаць дамову». Чаму асабіста мы, жыхары хутара «Шаблі», не скарысталіся дзяржаўным крэдытам на аграсядзібы? Таму што ён мае пад сабой стымуляцыю куплі тавараў беларускай вытворчасці. І я не магу на гэты крэдыт купіць замежны тавар. Калі мы кажам пра пабудову дома, высвятляецца, што нейкія пазіцыі беларускія прадпрыемствы прыкрыць не могуць. Узнікаюць пытанні да якасці, камфорту і экалагічнасці. А частка прадукцыі беларускіх вытворцаў не адпавядае як мінімум маім асабістым патрэбам і запытам. Навошта мне тады гэты крэдыт, на які я не магу купіць тое, што мне падыходзіць?
— Я чула, што варта пастаянна пацвярджаць статус аграсядзібы — разводзіць жывёлу, апрацоўваць зямлю.
— У межах адной краіны ёсць зусім розныя прыклады: абапіраючыся на існыя законы, аднаго прэсуюць за неадпаведнасць статусу аграсядзібы, іншага, наадварот, граматамі ўзнагароджваюць за тое самае. Усё залежыць ад адэкватнасці ўспрымання і асабістай трактоўкі канкрэтным чыноўнікам заканадаўчай базы. Апрацоўка сельгасугоддзяў — што гэта? Апрацоўка зямлі ў той ці іншай ступені. Безумоўна, «апрацоўка сельгасугоддзяў» — гэта агароды, ралля, але калі я гэтую зямлю кожны тыдзень выкошваю, разводжу на ёй кветкі, угнойваю газон, падкладаю цырату, падводжу дрэнаж — гэта тая ж апрацоўка. А юрыдычна гэта досыць спрэчная сітуацыя.
— Дадамо да гэтага складаныя ўмовы жыцця ў вёсцы, і робіцца відавочна, чаму культура вясковага жыцця на мяжы вымірання. А чым можа быць небяспечнае для краіны знікненне вёсак?
— Я скажу, можа быць, парадаксальную рэч: гэта нічым не дрэнна для краіны, гэта аб’ектыўны працэс. Гэта, на жаль, тое сталенне, якое Беларусь павінная перажыць. Можа, дзяржава нарэшце ўсвядоміць, што паўмеры ў падтрымцы сяла не вырашаць праблему выратавання краіны і беларусаў як нацыі. Наступіць час, калі вёскі апусцеюць праз натуральнае змяншэнне насельніцтва, калі гарадскі жыхар не атрымае жалезнага закона прыватнай уласнасці на зямлю. У дадзены момант у гарадскіх жыхароў няма стымулу пераехаць і купіць гэтыя закінутыя дамы.
Што адбываецца з будынкамі, у якіх няма гаспадароў? Дом прыходзіць у заняпад, абвальваецца дах, руйнуецца будынак — яго зносяць бульдозерам. А калі дом прыдатны для жыцця, у ім пасяляюцца бамжы ці жыхары Сярэдняй Азіі. Безумоўна, пагаршэнне крымінагеннай абстаноўкі — гэта першае, чаго варта чакаць. А таму як Беларусь — буферная зона паміж ЕС і Мытным саюзам, сельскія зямлі не будуць доўга пуставаць, іх зоймуць, але тады ўжо будзе ісці гаворка пра выратаванне нацыі.
— Якім чынам мы можам наладзіць струмень «з горада ў вёску», каб прадухіліць выміранне сяла?
— Магчыма, калі дзяржава ўвядзе максімальныя ільготы для тых, хто перасяляецца, для мясцовых, якія хочуць адкрыць уласны бізнэс, працэс неяк пойдзе. Цяпер у вёсках адчуваецца глабальны недахоп кадраў. Тыя, хто быў, спіліся, памерлі. Трэба, каб гараджане масава куплялі дамы ў сельскай мясцовасці, укладвалі туды свае веды, уменні, сілы, рэсурсы …
Мы, жыхары хутара «Шаблі», выкарысталі льготы па падаткаабкладанні прыватнага бізнэсу, які знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. І я рады, што падаткі з «Вольнага паветра» і іншых фестываляў, што праводзяцца на нашым хутары, паступаюць у Валожын, а не ў гарадскі бюджэт мегаполіса, дзе грошы пойдуць на тое, каб, у найлепшым выпадку, у снегапад адна паласа з трох была пачышчаная. Тут грошы значна больш неабходныя.
— Ці ёсць у гараджан гатоўнасць і разуменне працэсаў «уваскрашэння» сяла?
— Свядомасць грамадства — гэта не тая штука, якой можна пстрыкнуць, як тумблерам. Калі дзяржава гатовая па-сапраўднаму прадэклараваць «Давайце адродзім краіну разам» — народ заварушыцца, але толькі калі гэта будзе замацавана канстытуцыйна, назаўжды, а не ў двух указах прэзідэнта. Тады таты і мамы будуць разумець, што будучыня іх дзяцей можа быць звязаная з Малымі Запруддзем назаўжды і прыйшоў час пашукаць радавое гняздо. І вось тады краіна масава пачне адраджацца. Дзяржаве дастаткова хоць бы стварыць умовы, а народ ужо даўно гатовы да пераменаў.
Ганна Трубачова, Таццяна Смаленская
Фота Аляксандра Tarantino Ждановіча
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»