7 лютага 2013 года гродзенскі краязнавец Віктар Саяпін у гарадзенскай бібліятэцы імя Карскага прадставіў гарадзенцам кнігу «HronoГродна. Гісторыя Гродна на старонках газет». Кніга расказвае пра жыццё горада з 1913 па 1941 гады.
— Для таго, каб напісаць гэтую кнігу, трэба было прагледзець усе газеты, раздрукаваць, зрабіць пераклад, — расказвае пра стварэнне кнігі Віктар Саяпін, — і набраць тэкст самой кнігі. Напрыклад, з 1920 года пра жыццё і гісторыю нашага горада пісала гарадзенская газета «Перспектыва». Гэтая газета і цяпер працягвае публікацыю гарадзенскай хронікі.
— Чым цікавы і цяжкі гэты перыяд?
— Гэта, можна сказаць, самы насычаны перыяд у гісторыі нашага горада. 1913 год — гэта яшчэ Расійская імперыя, канец 1915 года — ужо кайзераўская Германія, 1920 год —Польская дзяржава, канец верасня 1939 года — Савецкі Саюз, а 23 чэрвеня 1941 года — гітлераўская Германія. І кожная змена ўлады — гэта цяжкі час для гарадзенскіх жыхароў. Пра гэты перыяд можна было б напісаць па-рознаму і многа. Я вырашыў, што ў кнізе не павінна быць ніякай палітызацыі, што трэба паказаць праблемы штодзённага жыцця, тое, чым жыў горад у гэты перыяд. У кнізе шмат цікавых фактаў, фаліянт змяшчае вялікую колькасць ілюстрацыяў, — працягвае гарадзенец Віктар Саяпін.
Трэба сказаць, што прэзентацыя кнігі была ці не адной з самых мнагалюдных гарадзенскіх прэзентацый за апошні час. Аўтар расказаў не толькі пра сваю кнігу, але і пра гісторыю гарадзенскіх касцёлаў.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі, Аляксандра Саенкі, выявы гарадзенскіх выданняў з асабістай калекцыі Віктара Саяпіна
Тэгі: Горадня