Хоць збоку можа здавацца, што верхавая язда — гэта складаны і небяспечны занятак, нашая гераіня ведае, як ператварыць яго ў адпачынак, рэлаксацыю і свайго кшталту медытацыю. Яна ўпэўненая, што да любога каня можна знайсці падыход і ўсталяваць з ім блізкі кантакт. Пра тое, чаму коні больш сумленныя за людзей і як увайсці да іх у давер, у новай серыі праекта «Захапленнi» расказвае Вольга Скварцова, харэограф, стваральнік і кіраўнік тэатра танца “SKVO’s Dance Company”.
— Калі я саджуся ў сядло, тут жа забываю пра свае справы, а ўсё навакольнае проста перастае існаваць. Гэта адначасова і адпачынак, і медытацыя: ёсць толькі тут і цяпер, ёсць толькі я і мой конь.
Каб навучыцца добра ездзіць і атрымліваць ад гэтага радасць, трэба ўвесь час канцэнтравацца на кані, быць да яго «падключанай». Гэта як у фільме «Аватар», дзе героі маглі рабіцца з жывёлай адным цэлым і адчуваць свет з яе дапамогай, памятаеце? Вось і я заўважыла, што найлепшыя моманты падчас язды верхам здараюцца тады, калі ў мяне з маім канём атрымліваецца ўсталяваць шчыльны кантакт. Важнае менавіта поўнае апусканне ў сітуацыю, ніякія паўтоны тут не працуюць.
Больш за ўсё ў гэтых жывёлах мне падабаецца тое, што яны не ўмеюць хлусіць, гэта вельмі шчырыя істоты. Яны рэагуюць на цябе менавіта так, як ты сам пачынаеш паводзіцца з імі. У той жа час з гэтымі жывёламі нельга быць празмерна добрым і мяккім. Дасведчаныя людзі кажуць, што ў дачыненні да коней выкарыстоўваецца і метад бізуна і перніка, але калі будзе толькі пернік, яны робяцца вельмі наравістымі і непрадказальнымі. Таму ў зносінах з канём перш за ўсё важны дыялог.
У кожнага каня свой характар: некаторыя больш мяккія і спагадлівыя, некаторыя больш парывістыя і агрэсіўныя. Але каб хоць на час стаць яго гаспадыняй і дамагчыся паслушэнства, трэба быць даволі жорсткім у паводзінах і камандах. Гэта як у зносінах з мужчынам: каб быць правільна зразуметай, трэба тлумачыць выразна і ўпэўнена, без непатрэбных прыбудоваў і ўводных канструкцый.
Нягледзячы на сваю даўнюю любоў да коней, ў мяне ніколі не было моцнага жадання паспрабаваць сябе ў ролі наезніцы. Усё вырашыў выпадак. Неяк мая сяброўка прывяла мяне на ферму з конікамі, і зносіны з імі мяне захапілі.
Памятаю, у тое самае месца мы вярталіся некалькі разоў, нам тлумачылі практычныя прыёмы язды верхам: як ставіць ногі ў страмёны, як трымаць спіну. З кожным разам ўменні патроху навострываліся, і я пачала атрымліваць велізарнае задавальненне не толькі ад язды, але і ад кантактаў з гэтымі выдатнымі стварэннямі.
Любоў да коней узнікла ў мяне яшчэ з самых ранніх гадоў: я лічыла іх самымі прыгожымі і грацыёзнымі жывёламі. У дзяцінстве на нейкае са святаў нас папрасілі намаляваць партрэты сваіх мам. Мая мама працавала доктарам і я, нядоўга думаючы, намалявала каня ў медычным халаце і падпісала: «Мая любімая мама». Яна тады моцна пакрыўдзілася, падумаўшы, што я ўяўляю яе такой жа загнанай і стомленай, як конь. Але ў мяне былі свае асацыяцыі і ўяўленні аб прыгажосці: конь здаваўся мне дасканаласцю, эталонам прыгажосці і грацыі! Шкада, што гэты партрэт не захаваўся.
Верхавая язда абавязвае ведаць некаторыя практычныя навыкі, якім я вучылася праз уласныя спробы і памылкі. Самае галоўнае ў гэтым занятку — трымаць спіну роўна і не хіліць корпус наперад, інакш можна папросту выпасці з сядла. Таксама важна не забываць пра нагі: яны павінныя шчыльна сядзець у страмёнах, а пры некаторых відах язды гэта не так проста.
Мне здаецца, прыгожая язда — гэта перш за ўсё, вопыт уменне канцэнтравацца на працэсе і выразна, без блытаніны, аддаваць каманды. Калі атрымліваецца знайсці баланс, раўнавагу, то ўвесь працэс ідзе без асаблівых высілкаў, нібы сам сабой. Але паколькі я займаюся харэаграфіяй, мне часам нялёгка знайсці гэтую грань каардынацыі з маім конікам.
Некалькі гадоў таму я часта бывала ў Гатаве, каталася там па лесе, спрабавала сябе ў розных стылях язды. Тады ў мяне атрымлівалася нават ездзіць галопам, а гэта няпросты стыль: таз трэба пастаянна ўтрымліваць на вісу. А вось у рысі, як я для сябе здагадалася, галоўнае — плечы трымаць крыху назад, тады таз пачынае працаваць сам. Але пры любым стылі важна добра адчуваць сябе і сваё цела, тады не будзе складаным злавіць рытм каня.
Гэтага выдатнага коніка, якога я цяпер кармлю яблыкамі, клічуць Міля. Перад катаннем лепш за ўсё пачаставаць жывёлу чымсьці смачным. Давер каня трэба заслужыць.
Міля мне вельмі спадабалася, мы выдатна прабавілі час разам. І я ўпэўненая, што мы з ёй сустрэнемся яшчэ не раз.
Ганна Трубачова, Каця Клімко
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»
Выказваем падзяку прыватнай стайні “С Veterком” і ўсім яе супрацоўнікам за магчымасць правядзення здымак.