Лявон Вольскі стаў адным з аўтараў музыкі да польскага мюзыкла «Nie ma Solidarnosci bez Milosci» («Няма салідарнасьці безь любові»). Яго прэм’ера адбудзецца 21 студзеня ў варшаўскім тэатры Palladium, гэта найбуйнейшая прыватная тэатральная пляцоўка ў Польшчы. Тамтэйшыя СМІ называюць гэтую культурную падзею грандыёзнай. Праект падтрымалі былы польскі прэзыдэнт Лех Валэнса і старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузек. Цікава, што акрамя Вольскага, да напісаньня музыкі да мюзіклу былі запрошаны сэр Элтан Джон і Бона.

У працы над мюзіклам бралі ўдзел вядучыя польскія рэжысэры, прадусары і акторы. Яго стваральнікам зьяўляецца знакаміты актор Пётар Прэнгоўскі, які дэбютаваў тут у якасьці прадусара. Рэжысэрам стаў вядомы пісьменьнік і колішні дысыдэнт Мацей Вайтышка ды яго сын Адам. У акторскім складзе задзейнічана больш за 30 чалавек. Мастацкім аздабленьнем мюзіклу займаўся Ежы Янішэўскі, якому належыць аўтарства гістарычнага надпісу «Cалідарнасьць». Падтрымалі праект асабіста Лех Валэнса, былы прэзыдэнт Польшчы і старшыня Эўрапарлямэнт Ежы Бузек.
Дзея мюзіклу адбываецца ў 80-я гады, часы польскай «Cалідарнасьці». Распавядаецца пра гісторыю каханьня, якая разгортваецца на фоне змаганьня палякаў за свае правы. Шмат якіх іншых цікавостак да прэм’еры аўтары мюзіклу не раскрываюць, але вядома, што ў пастаноўцы будуць гучаць знакавыя песьні тых часоў, як «Мур» Яцэка Качмарскага. Створана і арыгінальная музыка. Да яе напісаньня запрасілі сэра Элтана Джона, Бона, а таксама Лявона Вольскага — каб такім чынам прадэманстраваць салідарнасьць зь беларусамі. Беларускі музыка напісаў для мюзыкла песьню «Танк».
Усе творцы, задзейнічаныя ў падрыхтоўцы мюзыкла «Nie ma Solidarnosci bez Milosci» запрошаныя на ўрачыстую прэзэнтацыю, якая адбудзецца 21 студзеня ў варшаўскім тэатры Palladium. Квіткі на паказ былі раскупленыя задоўга да прэм’еры.
Афіцыйная старонка мюзыклу.