Вольскі завітаў у Беласток праездам з Прагі. Музыка выправіўся ў міні-тур па Усходняй Еўропе і даў акустычныя канцэрты ў сталіцы Чэхіі ды Берліне. Дабіраўся Лявон з кампаніяй у Польшчу з прыгодамі, бо на чэшска-польскай мяжы ў яго паламалася аўто, і музыка ледзь не спазніўся на канцэрт. Але абышлося — выступ адбыўся своечасова.
Арганізатары абралі для канцэрту невялічкі паб пад назвай “Алхімія”, які знаходзіцца на цэнтральнай вуліцы горада — Ліповай. Змясціцца ў яго можа з чалавек 50, але ў гэты вечар увайшло ў два-тры разы болей. Плату за ўваход бралі сімвалічную — 5 злотых (меней за 2 даляры). Канцэрт быў кватэрнага характару, у пабе няма нават гардэробу.
Вольскі граў на пару з гітарыстам Алегам Гарусам, часам з тамбурынам да іх далучаўся Мацей Сабураў. “Ці ўсе разумеюць па-беларуску?” — спытаў у пачатку Лявон. Праблем з разуменнем яўна не было, варта было толькі паглядзець на залу. Сярод гледачоў — навучэнцы беларускага ліцэя з Бельска, студэнты-каліноўцы, беластоцкія беларусы, сярод якіх такія вядомыя асобы, як Алег Латышонак і Алесь Аркуш, прысутнічала нямала расійскамоўных гледачоў. Пачалі з “Паветранага шара”, а потым было вандраванне па ўсіх праектах Вольскага, акрамя хіба што ZET. Нават песня з “сівых 80-х” прагучала — “Зямля”. Выканаўца прадставіў яе з настальгічнай ноткай: “Яна гучала на першым “Басовішчы”. Вельмі цікава атрымалася з песняй “Бывай”: з біт-боксам да яе далучыўся Мацей Сабураў, і яна загучала неяк па-свежаму.
Алесь Аркуш і Алег Латышонак
Традыцыйна зала ажывілася пасля выканання трылогіі з «Народнага альбома» пра Юзіка, Казіка ды бойку між імі на лузе. Песню «Роля героя» з праекту «Такога няма нідзе» Лявон прысвяціў «усім тым, хто сядзіць у турме ні за што». У прынцыпе, публіка рэагавала не вельмі жыва, нават вядомыя хіты апладысментамі ў пачатку не сустракалі. Але людзі больш-менш разварушыліся пасля закліку патанчыць пад «Маму дарагую», а калі Вольскі выканаў «Ja śpiewam po polsku”, дык наогул прыйшла ў замілаванне. На гэтай песеньцы Лявон і развітаўся, але неаднойчы быў пакліканы на біс.
“Не можам вам сыграць “Белую яблыню грому”, — выбачаўся Лявон, — не паспелі адрэпетаваць яе ў акустыцы, але ў наступны прыезд — абавязкова!” Музыкі ўсё ж сыгралі з праекту на вершы беларускіх паэтаў песні “Мала сказаць ненавіджу” ды “Пахне чабор”. А палове першай ночы па беларускім часе Вольскага неяк цудам адпусцілі са сцэны, але ён яшчэ доўга раздаваў аўтографы ды размаўляў з гледачамі.
Мікалай Дубавіцкі, фота – Аляксандр Максімюк