Вынікі культуры – 2012

03.01.2013 Культура

Безумоўна, год быў яркім і насычаным на культурніцкія падзеі. Але калі пералічваць, то, напэўна, трэба было б згадаць усё, але жадання такога няма, таму хацелася б засяродзіцца на пэўных тэндэнцыях, якія вызначаюць ці вызначалі культурнае жыццё ў мінулым годзе.

Калі казаць пра міністра культуры, які пакінуў сваю пасаду ў 2012-м, напэўна, гэта быў самы ўплывовы міністр культуры за ўсю гісторыю незалежнасці. Але тым не менш яго ўплывовасць абмежаваная тымі рамкамі дзейнасці, якія падкрэсліваюць залежнасць сферы культуры ад агульнай дзяржаўнай палітыкі. Такія абставіны і тлумачаць тое, што культурнай палітыкі ў нас фактычна няма і не будзе ў найбліжэйшай перспектыве. Бо тыя, хто вызначае культурную палітыку – і спецыяльныя дзяржаўныя структуры, і асобныя творцы, і бізнэс – дастатковых паўнамоцтваў для гэтага не маюць. Усё вырашаецца вышэй, але не ў разглядзе паасобных пытанняў культуры, а ў датычнасці культуры да агульнай палітычнай сітуацыі. Культурніцкая ж інфраструктура збольшага функцыянуе паводле савецкіх лякалаў і прынцыпаў, падтрымліваючы савецкі статус кво культурніцкага работніка і звязаную з гэтым сацыяльную сферу ў вельмі сціплых у параўнанні з савецкім часам абрысах. Рэфармаванне ў гэтай сферы так і не было праведзенае, ну а калі ад установаў культуры патрабуецца быць больш акупляльнымі – дык можна ж праводзіць вяселлі ў музеях ці стаць суцэльнай здымачнай пляцоўкай расійскай кінаіндустрыі і г.д.

Можна сказаць, што незалежная культура ў Беларусі раўнаважная па ўздзеянні, а ў некаторых сферах і больш паспяховая за афіцыйную культуру, нягледзячы на вялікую розніцу ў рэсурсах. Уся справа ў творцах, якія ёсць важным чыннікам фармавання культуры. Якія б ні былі ідэалагічныя пасылы, творцы застаюцца незалежнымі творцамі, а неангажаваная культурніцкая праца часцей прыцягвае ўвагу грамадства менавіта сваёй надзённасцю, шчырасцю ці вострай крытычнасцю.

Можа падацца даволі моцным сцверджаннем, што “культурнай палітыкі ў Беларусі няма”. Маўляў, праводзяцца грандыёзныя канцэрты з удзелам сусветных зорак ці той жа Славянскі базар, але гэтыя мерапрыемствы зводзяць увесь сэнс культуры да тых жа савецкіх лякалаў ці толькі да аднаго з ланцужкоў тураў сусветна вядомых зорак эстрады. Пытанне ў тым, якое месца ўласнай эстрады ў гэтых працэсах…

Сімптомы таго, што культурнай палітыкі ў Беларусі няма, выяўляюцца ў наступным:

– не існуе канцэпцыі рэстаўрацыі помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, бо ўзвядзенне бутафорыяў на іх месцы рэстаўрацыяй называць нельга;

– у выдавецкай палітыцы, калі топ самых паспяховых пісьменнікаў Беларусі вызначаецца паводле накладаў іх кніг, выдадзеных не ў Беларусі (пытанне тут не ў папулярнасці за мяжой, хаця такія наклады мізэрныя ў маштабах расійскага рынку і пра папулярнасць зусім не сведчаць, а менавіта ў папулярнасці згаданых аўтараў сярод беларускага чытача, бо, даруйце, наклад твораў ці тое, што пісьменнік выдаецца за мяжой, не ёсць бясспрэчным крытэрам паспяховасці);

– у феномене творчай эміграцыі, калі шэраг творцаў звязваюць ці проста змушаныя весці сваю дзейнасць за мяжой;

– у моўнай палітыцы, калі беларуская мова знаходзіцца на мяжы выжывання;

– у наяўнасці “чорных спісаў” творцаў.

Можна сказаць, што культура Беларусі набыла новыя канцэптуальныя рысы, што праявілася перш за ўсё ў адкрыцці беларускім гледачам мастакоў Парыжскай школы. Безумоўна, гэта гістарычная падзея, калі ўявіць доўгую дарогу мастакоў габрэйскага паходжання дадому праз эміграцыю, Другую сусветную вайну, пазней – дзяржаўнае цемрашальства, ігнараванне, антысемітызм, якія моцна заселі у нашым мастацтве. Як і ўзаемадачыненні з Радзівіламі, гэта набліжае той сусветны культурны кантэкст, да якога мела непасрэднае дачыненне Беларусь, без чаго немагчымае развіццё ніводнай нацыянальнай культуры. Разам з тым такі ж значны, а можа нават яшчэ большы патэнцыял культурніцкіх узаемадачыненняў уяўляе нашая агульная спадчына з Польшчай.

Гэты год вызначыўся і новым фарматам правядзення буйных мастацкіх праектаў, такіх як Трыенале сучаснага мастацтва. Але без выразнай канцэпцыі такога кшталту мерапрыемства не здолее пераадолець класічны фармат рэспубліканскіх выставаў-смотраў, якія, паводле савецкіх стандартаў, сугучныя дасягненням народнай гаспадаркі ў іншых галінах. Усё ж такі мастацтва не развіваецца па пяцігодках ці сямігодках і нават ад набыцця незалежнасці. Там спрацоўваюць іншыя імпульсы, непадуладныя палітыцы.

Характэрная тэндэнцыя сінтэтычнага вобразу сучаснага мастацтва, што выяўляецца, напрыклад, у мультымедыйным спалучэнні ці іншых узаемадачыненнях розных жанраў, стала і прыкметай гэтага года. Але шчырае жаданне сінтэзаваць усе такія спробы выявіла хутчэй хібы гэтага метаду, бо ўсё ж такі мяжа паміж інжынерыяй і мастацтвам ёсць (робаты на трыенале). Напэўна, ад канструктараў ХХІ стагоддзя можна было б чакаць, што іх аб’екты будуць не толькі выглядаць як робаты, але і працаваць, дзейнічаць. Падобная сітуацыя адбываецца і ў суаднясенні рэпарцёрскай і мастацкай фатаграфіі. Гэтую праблематыку выкрыла тая ж выстава World Press Photo 2012 у галерэі “Ў”. Гэты прыклад, як і папярэдні, чарговы раз паказвае, што выстава не можа адбыцца безрэфлексійна, без абмеркавання, на якім будуць прэзентаваныя процілеглыя пункты гледжання. Шкада, што фармат абмеркавання прадугледжваецца арганізатарамі зрэдку.

Адной з такіх ініцыятываў гэтага года былі лекцыі аб сучасным мастацтве ў рамках праекту “Еўрапейскае кафэ”. Праект наблізіў міжнародны кантэкст сучаснага мастацтва да беларускай аўдыторыі, але дыскусіі ў такім фармаце яўна бракавала суаднясення з наяўнай культурніцкай сітуацыяй у Беларусі, актуальнай рэфлексіі і зноў жа спасылак на беларускі матэрыял, творчую традыцыю папярэдніх пакаленняў і пераемнасць мастацкага вопыту.

Менавіта такога адкрытага форуму мастацтвазнаўцаў, крытыкаў, творцаў у рамках чарговых праектаў хацелася б пажадаць у 2013 годзе, бо перадумовы для шырокай інтэграцыі культуры ў грамадскае асяроддзе ёсць. Ёсць шанец, што культура, а можа, перадусім культура, стане грамадскім здабыткам незалежнай Беларусі.

Ягор Сурскі