Выстава Барыса Аракчэева

25.03.2009 Культура

Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на мастацкую выстаўку Барыса Аракчэева “Мая Яраславія”.

Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў − вядомы беларускі жывапісец і педагог. Нарадзіўся ў 1926 годзе, у Расіі. Але лёс звязаў яго з Беларуссю. Тут, у Мінску, ён атрымаў мастацкую адукацыю і дасягнуў прафесійных вышынь. Стаў вядомым выкладчыкам Мінскага мастацкага вучылішча і Беларускай акадэміі мастацтваў. Але першыя свае дзяцічыя крокі зрабіў ён у вёсцы Турбанава на Яраслаўшчыне.

З горадам Яраслаўлем цесна звязана жыццё знакамітага беларускага паэта Максіма Багдановіча, які пераехаў сюды ў 1908 годзе з Ніжняга Ноўгарада. Тут Максім скончыў Яраслаўскую мужчынскую гімназію, Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. З гэтым горадам звязаны вялікі адрэзак творчага шляху пісьменніка. Яраслаўль, яго ваколіцы, зменлівае жыццё вялікага горада адлюстраваны М.Багдановічам у шматлікіх нататках, замалёўках, рэпартажах і фельетонах.
Выстаўка мастацкіх работ Барыса Аракчэева “Мая Яраславія” прысвячаецца цудоўнаму гораду Яраслаўлю, які сёлета святкуе 999-годдзе з дня заснавання, і яго ваколіцам. Знакавыя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча, знайшлі адлюстраванне ў творчасці Барыса Аракчэева. У фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваюцца яго карціны − “Гады вучобы ў гімназіі”, “Апошняя вясна ў ліцэі”, “Дом у Яраслаўлі”, “Яраслаўль. Сажалка ў Карабісе. Па сцежках М.Багдановіча”. Экспануюцца работы, якія былі створаны мастаком у 1980-1981 гг. падчас вандровак па мясцінах юнацтва М.Багдановіча, а таксама гарадскія пейзажы, храмы гарадоў Яраслаўля, Тутаева і інш.

Вас чакае Яраславія Барыса Аракчэева і Максіма Багдановіча… Яраславія знакамітага мастака і знакамітага паэта…

Прэзентацыя выстаўкі Барыса Аракчэева “Мая Яраславія” −
2 красавіка 2009 года а 17-й гадзіне
ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча
(г.Мінск, вул М.Багдановіча, 7а, тэл. 334-07-61, 334-42-69)

Час працы выстаўкі
3 красавіка − 8 мая 2009 года,
з 10.00 да 17.00, штодзённа, акрамя панядзелка.
(г.Мінск, вул М.Багдановіча, 7а, тэл. 334-07-61, 334-42-69)