Выйшаў у свет каляндар “Канец словаў”

10.06.2009 Культура

kanec_slovau_vokladka_demo-1

Прэм’ера-прэзентацыя арт-календару “Канец словаў” адбудзецца 19 чэрвеня (пятніца) а 18-й гадзіне ў бар-клубе “6А” (Партызанскі праспект, 6A).

У праграме: дзявочы слэм, эратычны аўкцыён, паэтычнае караоке.

Музыка ад dj Laurel, Андрэя Такінданга і ягонага “дэструктыўнага пажарнага аркестра з жаночым вакалам “Гаротніца”, Сяргей Пукста. Словы і дзеянні: Віктар Шалкевіч.

Уваход вольны

Увага! Толькі падчас івэнту! Спэцыяльныя кошты на каляндар і дадатковую прадукцыю.

Пра праект

“Вечны” каляндар “Канец словаў” – прэцэдэнт комплекснай прамоцыі беларускай літаратуры праз аранжыроўку актуальных тэкстаў гламурным візуальным шэрагам з элементамі ню.
“Канец словаў” можна разумець па-рознаму: як вычарпанасць творчага акту, перспектыву новага тэксту альбо невербальнае выказванне літаратара. Таму тут ёсць месца і аголеным азадкам, і тэкстам (у літарах і малюнках), і іх агульным кантэкстам – той прасторы, дзе ў галовах з’яўляюцца словы.
Фатографы арт-календара: Андрэй Шчукін і Дзяніс Нядзельскі.

Удзельнікі аб праекце:

Юрась Барысевіч: “Я пагадзіўся на ўдзел таму, што вырашыў прынесці мужчынскае цела ў ахвяру жаночаму воку. Менавіта такі варыянт мне і прапанавалі, экстрэмальны – узімку голым паздымацца… Я не страшыўся мерзнуць. І нельга сказаць, што я быў ужо зусім голы. У мяне быў абутак – балея з цэментам. А з вопраткі ў мяне была рыдлёўка”.

Анатоль Івашчанка: “Я не лічу гэта хуліганcтвам. Магчыма, калі б мы пазавалі зусім голымі ці калі б мы былі дзяўчатамі, гэта было б па-хуліганcку”.

Севярын Квяткоўскі: “Ідэя для нашага псеўдапурытанскага грамадства досыць хуліганская. А я люблю хуліганіць – інтэлектуальна, творча. І таму я з радасцю далучыўся. Я не эксгібіцыяніст. Але калі часам можна эпатаваць публіку, з задавальненнем гэта раблю”.

Сірошка Пістончык: “У гэтым німа ні рэвалюцыі, ні правакацыі – эта проста жэст, сваеабразнае запрашэнне да разгавора на балезненыя цемы. (…) У голава ліціратара наліцо дадатковае аружые ў барбе з пурытанствам і ліцамерыем”.

Віталь Рыжкоў: “Падчас фотасесіі я думаў пра тое, што гэты чалавек, з якога мяне малявалі, ад нечага памёр. І гэтыя чорныя кропачкі на лёгкіх, і гэтыя ненатуральных – відаць, мёртвых – колераў унутраныя органы… У мяне бодзі-арт з дыягназам. Толькі я не ведаю, з якім”.

Ілля Сін: “Я адразу ўсведамляў, што гэта будзе не проста прыгожая выява, але адлюстраванне маіх ідэяў. Тое, што можна пабачыць у календары, не столькі фотапартрэт, колькі своеасаблівая мастацкая акцыя, якая называецца “Апаганьванне іконы”. Фота – тая форма, у якой гэтая акцыя ўвасобілася”.

Андрэй Хадановіч: “У Беларусі аднойчы мусіць распрануцца кожны. Калі літаратары – святарныя каровы, настаўнікі жыцця, жывыя помнікі самім сабе, аголеная задніца – адзіны жывы атрыбут, які ва ўсім гэтым ёсць. Нешта гарантавана “сваё”.

Прэзентацыя пройдзе пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: