Тэатр: Хто і чаму раскідаў гняздо?

10.04.2013 Тэатр

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля “Раскіданае гняздо”.

Для Аляксандра Гарцуева, мастацкага кіраўніка калектыву, пастаноўка стала трэцяй спробай увасаблення на сцэне гэтага твора Янкі Купалы. Галоўным адрозненнем новага “Раскіданага гнязда” ад папярэдніх версій стаў перанос падзей у сучаснасць. Рэжысёр прызнаўся: “Асабіста для сябе я вызначыў месца дзеяння як сельгаспасёлак на ўскраіне Мінска”. Нездарма жытло сям’і Зяблікаў (сцэнаграфія Ігара Анісенкі) пабудаванае з кардонных скрыняў. Прычым калі Дворныя людзі, што працуюць у Паніча, раскідаюць дом, дык героі далей аказваюцца ледзь не на сметніку. Агульнай задуме адпавядаюць і вобразы герояў. Старац (Сяргей Шымко) бамжуе і збірае бутэлькі. Сымон (Максім Брагінец) апрануты ў скураную куртку, нагадвае рокера. А Паніч (Дзяніс Паршын) падчас размовы з Зоськай (Вольга Скварцова) і яе маці Марыляй (Алена Баярава) не выпускае з рук смартфон.

Ці аказаўся апраўданым такі ход? Аўтарскі тэкст амаль не зведаў зменаў. Дык адкуль у пачатку ХХІ стагоддзя ўзяўся Паніч і хто ў наш час будзе выплачваць такую сялянскую павіннасць, як чынш? Але раю не спяшацца з высновамі, бо літаральнае ўвасабленне аўтарскага тэксту яшчэ не гарантуе высокі мастацкі вынік. Летась падчас паказаў у сталіцы спектакляў ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі давялося ўбачыць “Раскіданае гняздо” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы (пастаноўка Уладзіміра Савіцкага). Той спектакль выглядаў надзвычай традыцыйным і быў цалкам прывязаны да часу, калі адбывалася дзеянне п’есы. А пастаноўка Гарцуева каштоўная тым, што дазваляе без цяжкасцяў паяднаць драматургічны матэрыял з рэаліямі розных эпох. Падзеі “Раскіданага гнязда” з лёгкасцю прыецыруюцца і на перадрэвалюцыйную атмасферу пачатку ХХ стагоддзя (калі, уласна, і адбываецца дзеянне п’есы), і на раскулачванне ў канцы 1920-х (Паніч мог быць старшынёй калгаса, а сям’я Зяблікаў — аднаасобнікамі), а таксама на пачатак 1990-х і на наш час (як, напрыклад, барацьба фермераў супраць мясцовых уладаў). Купалаўскі тэкст гучыць абсалютна сучасна, прымушае разважаць пра вечныя, глабальныя праблемы жыцця, смерці, кахання, зямлі. Спектакль Гарцуева пераконвае, што кожная эпоха робіць гэтыя пытанні для беларусаў надзіва актуальнымі. І гэта адна з несумненных вартасцяў новага “Раскіданага гнязда”.

Прэм’ерны паказа ўзрадаваў шэрагам удалых акцёрскіх работ. У параўнанні з купалаўскай трупай, найлепшыя акцёры размаўляюць на сцэне сакавітай вясковай мовай, большасць салістаў РТБД прамаўляе хутчэй з гарадскім акцэнтам. Такі штрых таксама працуе на агульную канцэпцыю (хоць некаторыя выканаўцы, на жаль, часам дазваляюць сабе і дробныя памылкі, і не вельмі выразнае маўленне).

Найбольшым адкрыццём зрабіліся вобразы Сымона і Марылі. Выканаўца першай ролі, Максім Брагінец, перайшоў у трупу РТБД у мінулым годзе. Але ў двух мінулых прэм’ерах ён быў абмежаваны ў раскрыцці вобраза або сціплым драматургічным матэрыялам (Інструктар у “Дажыць да прэм’еры”), або рэжысёрскай задумай (Сяргей у “Тры Жызэлі”). Яго Сымон ўспрымаецца як надзвычай харызматычная асоба і ў супрацьстаянні з Панічом цалкам таго пераігрывае. Калі апошні ў выкананні Д. Паршына выглядае раўнадушным да ўсяго, што адбываецца наўкола, і нават любоўную сцэну з Зоськай праводзіць з адным і тым жа тварам-маскай (магчыма, такой была рэжысёрская задума), дык герой М. Брагінца бачыцца згусткам неўтаймаванай энергіі. Яго Сымон — увасабленне нацыянальнага і зусім не памяркоўнага характару. Таму аўтарскі фінал (гаворка пра яго ніжэй) — адзіная магчымасць утаймаваць яго волю.

Алена Баярава, выканаўца ролі Марылі, працуе ў трупе даўжэй. Але ў папярэдніх пастаноўках рэжысёры часцей рабілі акцэнт на яе прыгожых вонкавых дадзеных. Магчымасцю праявіць сябе актрыса скарысталася напоўніцу. У вобразе Марылі няма ні празмернай сацыяльнай скіраванасці, ні звыклых скаргаў на гаротную сялянскую долю. Манера выканання А. Баяравай ў “Раскіданым гняздзе” надзвычай стрыманая. Гераіні ўласцівыя годнасць, своеасаблівы сялянскі арыстакратызм, яна ўвасабляе нацыянальны жаночы характар. Парадокс, але больш пераканаўча ўспрымаецца дуэт Марылі з сынам Сымонам, чым з мужам Лявонам. Выканаўца апошняй ролі Валянцін Салаўёў не заўсёды “трапляў” у ансамбль і часам існаваў у сваім, больш вострасацыяльным “Раскіданым гняздзе”.

Увасабленне роляў малодшых дзяцей Зяблікаў пакінула розныя ўражанні. Вельмі пераканаўча выглядае на сцэне Вольга Скварцова, якая перадае эвалюцыю Зоські ад наіўнай светлай дзяўчыны да падманутай у найлепшых пачуццях маладой жанчыны. Актрыса таксама выступіла ў спектаклі ў якасці харэографа, прычым пастаўленая ёю сцэна блізкасці Зоські з Панічом выглядала арыгінальна. А вось студэнт Акадэміі мастацтваў Арцём Курэнь (Данілка) яшчэ не выкарыстаў напоўніцу свой патэнцыял. Як дасціпна заўважыў у сваім пасце ў Facebook крытык Андрэй Ганчароў, “тэма “торбачкі” раскрытая пераканаўча. Наконт тэмы “скрыпачкі” засталіся пытанні”. І сапраўды, тэма пошуку Данілкай свайго “я”, узаемаадносіны паміж ім як творчай асобай і грамадствам раскрытыя пакуль эскізна.

Асабліва нечаканай атрымалася і трактоўка вобраза Незнаёмага, і заклік апошняга ісці “на Вялікі сход, на Бацькаўшчыну”. Герой Дзмітрыя Давідовіча паўстае абсалютна парадыйнай, камічнай асобай, лозунгі якога нельга прымаць усур’ёз. Больш за тое, у фінале Незнаёмы на загад Паніча забівае двух герояў. Фактычна ён выступае ў ролі правакатара, які прываблівае Сымона пустымі марамі. Хутчэй за ўсё, герой Д. Паршына заплаціў Незнаёмаму таксама і за агучванне ідэі пра сход. Так Паніч спрабуе пазбавіць Сымона яго зямлі. Такая інтэрпрэтацыя купалаўскага тэксту прымушае згадаць раман Алеся Наварыча “Літоўскі воўк”, у якім дамінавала думка пра марнасць і бессэнсоўнасць паўстання 1863 года. У “Раскіданым гняздзе” рэжысёр падводзіць гледачоў да падобнай высновы. Фінал спектакля, падчас якога гучыць “Малітва” ў выкананні У. Мулявіна, напісаная на купалаўскія радкі (“Я буду маліцца і сэрцам і думамі…”) выглядае як рэквіем па беларусах, якія нідзе не могуць знайсці справядлівасці. Сапраўды, застаецца толькі маліцца…

Упэўнены, што рэжысёрскі фінал выкліча абурэнне некаторай часткі гледачоў, якія ў кожным спектаклі на нацыянальную тэматыку шукаюць працяг ліні двух знакамітых купалаўскіх пастановак (“Тутэйшых” і “Translations”). Зразумела, можна знайсці ў “Раскіданым гняздзе” праяву творчай палемікі Гарцуева з іх пастаноўшчыкам Мікалаем Пінігіным. Але ніхто не будзе спрачацца, што рэжысёрскае рашэнне з’яўляецца праявай шмат у чым песімістычнай атмасферы часу і цудоўна яе адлюстроўвае.

Пастаноўку можна крыху папракаць у іншым — у арыентацыі на відовішчнасць і апеляцыі да гледача. Так, дынамічная музыка Дзмітрыя Фрыгі ўзмацняе драматызм разгортвання падзей. А эфектная сцэна разбуранага гнязда разлічаная на зрокавы эфект і ў нечым перагукаецца з карцінай спаленай вёскі са спектакля “Не мой”, таксама пастаўленага Гарцуевым. Разам з тым, “Раскіданае гняздо” — прафесійна зробленая і годная пастаноўка. Так, пасля яго прагляду дасведчаны тэатрал не ўбачыць неба ў дыяментах. Але задумаецца пра логіку паводзінаў герояў і сэнс іх жыцця. Такі спектакль варта глядзець і абмяркоўваць. Гайда ў Тэатр беларускай драматургіі!

Дзяніс Марціновіч
Фота прадстаўленае Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі