
Асьпірантка Нацыянальнага інстытуту адукацыі Тацяна Астроўская ў межах праекту Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў прааналізавала падручнікі гісторыі Беларусі для 5-11 клясаў, якія выдаваліся, пачынаючы з 1993 году і да 2010 году. За апошнія 17 гадоў з падручнікаў па гісторыі Беларусі паступова зьнікаюць знакавыя фігуры. Дзеячаў ХХ стагодзьдзя ў падручніках амаль няма. Чаму так адбываецца, і чаму за апошнія паўтара дзесяцігодзьдзі так часта перапісваліся падручнікі гісторыі?
Навуковая праца асьпіранткі Тацяны Астроўскай называецца «Генэалёгія гістарычнай памяці беларусаў у кантэксьце адукацыйных практык». Адлюстраваньне гісторыі ў школьных падручніках дасьледчыца падзяліла на тры пэрыяды: так званы антыкаляніяльны (1993-95 гады), дамінаваньне панславісцкай ідэалёгіі (1996-2001) і фармаваньне нацыянальнай ідэі (з красавіка 2002-га году). Вось як тлумачыць выбар тэмы сама Тацяна Астроўская:
«Былі прааналізаваныя падручнікі, і мяне цікавіла, ці зьмяняецца, па-першае, інтэрпрэтацыя. І калі зьмяняецца, то якім чынам, і што на яе ўплывае? Вядома ж, я прыйшла да высновы, што так, зьмяняецца. Гістарычны матэрыял вельмі залежыць ад таго гістарычнага і сацыяльна-палітычнага кантэксту, у якім ён пісаўся».
Што да постацяў старажытнасьці, сярэднявечча — Эўфрасіньні Полацкай, Усяслава Чарадзея, Францішка Скарыны — яны падаюцца станоўча, пра іх матэрыял у падручніках досыць поўны. Прычым, падаюцца, як выбітныя асобы, пэрсоны. Што, да знакавых фігур больш позьняга часу, да прыкладу, ХІХ стагодзьдзя, то тут шмат залежыць ад самой постаці, кажа Тацяна Астроўская:
«Напрыклад, Кастусь Каліноўскі паўстае ў апошніх падручніках па гісторыі такой ня вельмі зручнай фігурай. Нацыянальна-вызвольная тэматыка не зусім супадае з тым сацыяльна-палітычным кантэкстам. Што да паўстаньня Каліноўскага, пішацца пра тое, што гэта паўстаньне польскае, прычым, паўстаньне польскай шляхты. І наагул, беларускі народ паўстае ў падручніках амаль цалкам сялянскім. Паўстаньне Касьцюшкі ці паўстаньне Каліноўскага падаюцца выключна як шляхецкія паўстаньні, выключна польскія. Але ў той жа час паўстаньне Каліноўскага было яшчэ і антырасейскім. Пра гэта інфармацыі няма».