2 жніўня адзначаецца Дзень дэсантніка. Гісторыя гэтага свята сягае ў 1930 год, калі пад Ленінградам быў створаны першы авіямотадэсантны атрад. Гэты дзень адзначаецца як Дзень дэсантніка на ўсёй постсавецкай прасторы.
Сярод вядомых гарадзенцаў, якія служылі ў дэсанце, — гарадзенскі пісьменнік і праваабаронца Віктар Сазонаў.
Вось як апісвае сваю службу сам Віктар:
— Служыў я ў Чэхаславакіі пры бальшавіках. 1981—1983 гады. 18 кастрычніка, у дзень, калі мне споўнілася 18, мяне забралі ў войска. Праз нейкі час апынуўся ў ЧССР у школе разведчыка. Там былі такія савецкія войскі. Пасля — рота спецыяльнага прызначэння. Вайсковая спецыяльнасць — старшы разведчык. Служба цяжкая, але не сумная. Я рады, што там быў. Спазнаў вайсковае жыццё, навучыўся быць салдатам і дэсантнікам. Упершыню ад чэхаў даведаўся пра Пражскую вясну.
— Ці святкуеш ты гэтае свята як сучасныя дэсантнікі — скачучы ў фантаны і разбіваючы бутэлькі аб галаву?
— Дзень дэсантніка святкую з сябрамі-дэсантнікамі, калі яны выходзяць на мяне. Або з сённяшнімі сябрамі-адраджэнцамі, бо я іх усіх лічу ваярамі. Публічных святкаванняў не люблю, у фантаны стараюся не скакаць. Лічу, што маёй заслугі ў тым, што я служыў у дэсанце, няма. Проста так атрымалася. Узялі і завезлі. А я служыў там, дзе загадалі.
Дзень дэсантніка да сёння святкуюць паводле старых савецкіх традыцыяў, але Віктар спадзяецца, што гэта можна змяніць.
Размаўляў Андрэй Мялешка