75-годдзе Генадзя Бураўкіна адзначалі ў галерэі “Ў”. Павіншаваць юбіляра прыйшло блізу двухсот чалавек — добра, калі самая вялікая зала галерэі змяшчала хаця б палову з гэтай колькасці. Людзі запоўнілі ўсе месцы, усе праходы, а тыя, хто не змог уціснуцца, стаялі на вуліцы, перыядычна заглядаючы ў залу. Бачна, што настрой ва ўсіх быў добры, нягледзячы на дыскамфорт і на тое, што на подступах да галерэі ў дварах немаведама чаму дзяжурыў аўтобус са спецназам.
Як зазначыў шведскі пасол Стэфан Эрыксан, тут сапраўды сабраліся найлепшыя людзі Беларусі. Прыйшлі Аляксандр Казулін і Станіслаў Шушкевіч, Віктар Дашук і Зінаіда Бандарэнка, Станіслаў Багданкевіч і Уладзімір Колас, Юры Хашчавацкі і Рыгор Сітніца… Яшчэ да пачатку імпрэзы ўсе імкнуліся паціснуць юбіляру руку ды ўручыць падарунак.
Урачыстую частку адкрылі арганізатары вечарыны — кіраўнікі Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская. Якраз гэтай арганізацыі і належыць ідэя зрабіць такую вечарыну.
Прамоўцы шмат казалі пра тое, што цяперашнія ўлады віншуюць каго заўгодна, толькі не тых, хто аддаў жыццё на тое, каб жыла Беларусь. Да воклічу “Жыве Беларусь!” абавязкова дадавалася: “Жыве Бураўкін!”. “Шлях сапраўднага Паэта не заўжды ўсыпаны ружамі” — папярэджваў Васіль Зуёнак, а Віктар Казько згадаў, што 75-гадовы юбілей чалавека, які доўгі час служыў гэтай краіне на самых адказных пасадах, адзначаецца ў былым прыёмным пункце шклатары. Уладзімір Някляеў па прачытанні верша-прысвячэння юбіляру падарыў таму тэлевізар — “каб убачыў па ім урэшце новае Беларускае тэлебачанне, дзе скажуць пра тое, што ўлада змянілася і змянілася стаўленне ў краіне да ўласнай культуры і мовы”. Рэжысёр Віктар Дашук вырашыў падараваць свайму даўняму сябру… лекі. Праўда, яны аказаліся “ад усіх хваробаў, дарагія, замежныя” — каньяк, значыць.
Ад Змітра Вайцюшкевіча падарункам былі найперш песні на вершы юбіляра. Выканаўца зазначыў, што вельмі прыемна ўсведамляць, што сапраўдных беларусаў не малая “кучка”, і пажадаў паэту, на верш якога запісаў цэлы альбом, “зноў стаць пажаданым”. А вось тых выканаўцаў, якім песні на вершы Бураўкіна прынеслі вялікую папулярнасць за савецкім часам, не было бачна ў гэты вечар у галерэі. Зрэшты, іх адсутнасці ніхто не заўважыў. Славутую “Калыханку” ў музычным суправаджэнні Вайцюшкевіча спяваў хор прысутных, уключаючы самога аўтара гэтай неўміручай песні.
Бураўкіну прызнаваліся ў шчырай любові і зычылі нават не 100 — 110 гадоў (узрост Барыса Кіта), падкрэслівалі яго звышадданасць беларускай справе, казалі пра яго як пра найвыдатнейшага паэта-лірыка. Радзім Гарэцкі назваў яго “без сумневу Народным паэтам Беларусі”, а Анатоль Вярцінскі чытаў архіўныя дакументы з КДБ з тых часоў, калі яны з Бураўкіным ратавалі Васіля Быкава ад нападаў савецкіх псеўдакрытыкаў.
Генадзь Мікалаевіч уважліва слухаў, не перабіваючы. Прамовы скончыліся амаль праз тры гадзіны. Тады паэт устаў з крэсла, прачытаў колькі сваіх вершаў ды адказаў на віншаванні. Найперш Бураўкін пагадзіўся з зычэннямі доўгіх гадоў: “Беларусам трэба доўга жыць. Бо нам трэба вельмі шмат яшчэ зрабіць. Беларусам трэба доўга жыць. Бо трэба шмат чаго зразумець, — прамаўляў ён. — І ніколі не трэба дараваць здзеку са сваёй душы і сваёй мовы. Каб не дапусціць гэтага здзеку, трэба жыць”.