Леанід Лаўрэш, стваральнік інтэрнэт-сайта pawet.net — найстарэйшага з гістарычных сайтаў у Беларусі — напісаў першую кнігу пра гісторыю астраноміі ў краіне.
У кнізе гісторыя такой навукі, як астраномія, падаецца праз прызму партрэтаў навукоўцаў, што гэтай навукай займаліся.
Спадар Леанід у першую чаргу — пра што кніга?
— Кніга расказвае пра гісторыю астраноміі, і ў першую чаргу гэтая гісторыя звязаная з Віленскім універсітэтам, з тымі асобамі, што там працавалі. Менавіта гэтая ўстанова ў той час (ХVIII — першай трацiны XIX ст.) была лiдарам у гуманітарных, найперш гістарычных, навуках. А асноўнае імя, якое я згадваю ў кнізе, – гэта імя Марціна Пачобута-Адляніцкага, рэктара Віленскай акадэміі ці, як раней казалі, Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага. У кнізе згаданыя таксама асобы, звязаныя з астраноміяй Беларусі праз мастацтва, праз розныя творы і вершы, прысвечаныя вядомым астраномам.
Напісанне такіх кніг, відаць, займае шмат часу?
— Кніга павінна была паўстаць яшчэ ў канцы 2009 года, аднак з’явілася толькі цяпер. Нагодай да стварэння кнігі зрабіліся напісаныя раней для “Нашага слова” некалькі публікацый па гісторыі астраноміі. Рэдактар “Нашага слова” Станіслаў Суднік паказаў гэтыя артыкулы Адаму Мальдзісу, які пахваліў іх. Ды і самі тэксты выклікалі вялікі розгалас. За з’яўленне гэтай кнігі вялікі дзякуй выдавецтву “Лімарыус”. Без іх кнігі б проста не было. Артыкулы з яе ўжо друкаваліся ў гарадзенскім “Гістарычным альманаху”, за што дзякуй гарадзенскім гісторыкам Краўцэвічу і Смаленчуку.
Каму прызначанае гэтае выданне?
— У першую чаргу навукоўцам, бо сама кніга хутчэй навуковага плану. Напісаная яна суха і, так скажам, шырокаму колу чытачоў цікавай не будзе. У кнізе больш за 1000 спасылак, і гэта першая спроба звесці гісторыю беларускай астраноміі ў адзін твор. Хачу адзначыць, што гісторыяй навукі заўсёды займаюцца ў першую чаргу не гісторыкі, а спецыялісты іншых навук.
Аўтар спадзяецца, што у хуткім часе — а гэта прыкладна праз месяц, — гарадзенцаў чакае вялікая прэзентацыя кнігі, якая ўжо зрабілася бібліяграфічнай рэдкасцю.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і pawet.net