У рамках праекту «Захапленні» мы распачынаем серыю інтэрв’ю, у якіх будзем абмяркоўваць нераўнапраўе беларускіх культур: афіцыйнай і альтэрнатыўнай. Сваім бачаннем сітуацыі падзеляцца беларускія музыкі, мастакі, акторы, крытыкі, прадусары, арганізатары канцэртаў, прадстаўнікі Міністэрства культуры.
Пачнем з абмеркавання тэмы «чорных спісаў», ідэйнага крызісу эстраднай музыкі і адзінага фармату нашых радыёстанцый. Думкамі пра ўсё гэта з намі падзяліўся Зміцер Безкаравайны, музычны крытык, піяршчык, кіраўнік праекту “Experty.by”.
Ідэйны крызіс эстрады
— Афіцыйна наша музыка прадстаўленая эстрадай. Толькі гэтую музыку мы чуем па радыё, па тэлевізары бачым толькі эстрадных выканаўцаў. Але многія ведаюць, што сучасная беларуская музыка нашмат больш разнастайная. Дзіма, які рэальны стан рэчаў? Што кажуць experty.by?
— «Эсперты» фіксуюць факты: за мінулы год беларускімі выканаўцамі ва ўмоўным рок-, поп— і альтэрнатыўным мэйнстрыме было выпушчана 63 альбомы, якія мы і адрэцэнзавалі. З іх крыху больш за дзясятак — дыскі эстрадных выканаўцаў. Але найлепшы з іх атрымаў 6 балаў па 10-бальнай шкале, а ў агульным рэйтынгу апынуўся ў раёне 35-га месца. На маю думку, сучасная беларуская эстрада перажывае пік ідэйнага крызісу. Гэта было асабліва заўважна па выніках Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднай музыкі, якая прайшла не так даўно. Раптам сярод пераможцаў прэміі з’явіліся «Троіца» і Sounduk… Аказваецца, «Найлепшая эстрадная група» і «Найлепшы эстрадны альбом». Хто б мог падумаць! (Смяецца). Ды і «J:морс» з «Без Білета» я б не назваў проста вось эстраднымі калектывамі — схадзіце да іх на канцэрт і параўнайце з Ганнай Шаркуновай. Увогуле, усё гэта спробы схаваць той факт, што якаснай, цікавай поп-музыкі, не звязанай з рок-музыкай, з альтэрнатывай, у Беларусі, па сутнасці, няма.
— Асабліва экзатычна сярод гламурных спявачак выглядала “Троіца”… Навошта ўжо ім гэта трэба было?
— Ну як? Схадзіць нескладана, да таго ж гэтая прэмія, магчыма, дапаможа Кірчуку. Як мінімум атрымаць нармальнае рэпетыцыйнае месца для гурта: ён зрабіў для музыкі Беларусі значна больш за, скажам, Дарафееву, у якой цэлы ўласны тэатр ёсць. Я яшчэ не кажу, што ў яго ўнікальная калекцыя этнічных інструментаў, якая захоўваецца па частках у розных месцах, батлейка, якую давялося пакінуць на захоўванне ў Польшчы, таму што тут няма дзе, а таксама вялікая калекцыя прадметаў побыту. Але няма памяшкання ні для чога. Хоць можна было б і музей зрабіць, і тэатр, школу-студыю — ведаў і матэрыялу ў Івана Іванавіча больш чым дастаткова, але нікому гэта не трэба. А цяпер ён лаўрэат Нацыянальнай музычнай прэміі пад эгідай Мінкульта — а раптам нейкі начальнік на гэта зверне ўвагу ў той ці іншай сітуацыі. Гучыць дзіка, але гэта першая дзяржаўная ўзнагарода «Троіцы» за 16 гадоў існавання калектыву. Такая вось кур’ёзная, вельмі ўмоўная, але першая.
— Тое, што наша папса нікога сур’ёзна не цікавіць, — гэта пытанне яе якасці або ўзроўню жыцця ў Беларусі: спачатку паесці б людзям, а потым музыкай цікавіцца?
— Гэта адназначна не пытанне ўзроўню жыцця і не пытанне ўзроўню публікі — замежныя гастралёры збіраюць тут залы з дарагімі квіткамі. Як на мяне, не хапае ўзроўню матэрыялу, цікавых артыстаў, ды і проста хоць бы кроплі аўтэнтычнасці. Скажам, ёсць вялікі патэнцыял беларускай мовы, які ніхто не выкарыстоўвае, аддаючы перавагу таму, каб выглядаць калькай з расійскіх артыстаў. Вядома, не абыходзіцца без аб’ектыўных фактараў — у Беларусі рынак меншы за ўкраінскі ці расійскі, прыватны сектар максімальна заціснуты. Але гэта не можа быць апраўданнем музычнай аднастайнасці айчыннай поп-музыкі. Прычым яна даўно надакучыла і публіцы, і радыёстанцыям, якія гэтую музыку круцяць. Але яны, у сваю чаргу, заціснутыя працэнтамі і іншымі абставінамі.
Адно на ўсіх радыё
— Ты як наогул ставішся да таго, што ў свой час з’явіліся «працэнты»?
— Сама ідэя нядрэнная, але яе ўжо даўно варта было б адкарэктаваць. Радыйшчыкі хапаюцца за галаву, так ім гэта ўсё надакучыла: артысты, дапушчаныя калісьці ў фармат, сёння разгультаіліся, і круціць ужо зусім няма чаго. Людзям такі радыёэфір таксама не цікавы. У выніку сітуацыя закансервавалася — як склалася іерархія беларускай поп-сцэны ў 2005-2007 годзе, так яна практычна не змянілася. А прайшло ж нямала гадоў.
— Вось рызыкні якая-небудзь радыёстанцыя паставіць, напрыклад, «Серебряную свадьбу» што самае страшнае можа здарыцца?
— Не, «Серебряную свадьбу» не паставіць ні адна станцыя, таму што гэтая музыка не ўпісваецца ў іх канцэпцыю.
— Якая канцэпцыя станцый на сённяшні дзень?
— Яны нібыта розныя, але, па вялікім рахунку, гэта ўсё поп-фармат, фонавае вяшчанне для тых, хто наогул не сочыць за музыкай, не цікавіцца ёй. Масавая аўдыторыя.
— На гэты фармат арыентуюцца ўсе радыёстанцыі? Можаш згадаць якія-небудзь выключэнні?
— З агульнага шэрагу відавочна вылучаюцца дзве станцыі. З аднаго боку, радыё Рокс, якое круціць шансон. З іншага — радыё «Мінск». Яны ставяць рок, прычым моладзевы, але на паўнавартасную рок-радыёстанцыю яны не цягнуць. Нармальная рок-радыёстанцыя ў нас немагчымая, бо самыя папулярныя айчынныя рок-артысты перыядычна трапляюць пад забарону. Магла б з’явіцца мэйнстрымавая рэп-станцыя, як у Расіі, але мала беларускіх артыстаў робіць нешта сапраўды якаснае ў рэп-стылістыцы. Думаю, будзе праблема з захаваннем «працэнтаў». Да таго ж уладальнікі пабаяцца рызыкаваць — раптам адкуль-небудзь патэлефануюць і выкажуць незадаволенасць. У нас жа вырашае не толькі камерцыйны фактар, але і ідэалагічны.
— Ну, не «Серебряная свадьба», дык Akute маглі б цалкам упісацца ў беларускамоўны мэйнстрым.
— Нават Akute занадта альтэрнатыўныя для большасці станцый, а беларускамоўнага матэрыялу некаторыя радыёстанцыі ўвогуле пабойваюцца. Але галоўная бяда ў іншым — «працэнты» замарозілі стылістычную разнастайнасць беларускага эфіру. Напрыклад, немагчыма зрабіць джазавую станцыю на аснове 75% беларускай музыкі. Ці станцыю з рэлакс-музыкай. Дастаткова прыехаць у Літву ці ў Маскву, каб, пакруціўшы прымач, усвядоміць, наколькі бедны беларускі радыёэфір.
І ўсё-такі яны круцяцца! ..
— Калі б ты стаў міністрам культуры, якія б ты правёў рэформы ў музычнай сферы Беларусі?
— У першую чаргу адмяніў б спісы забароненых музыкаў, хоць вырашаецца гэта відавочна не на ўзроўні Мінкульта.
— Гэтыя спісы сапраўды існуюць?
— Я лічу, што адназначна існуюць. Тым больш што ёсць факты. Тады яшчэ музычны рэдактар радыёстанцыі “Пілот ФМ” Дзяніс Зыль у інтэрв’ю «БелГазеце» адкрыта пацвердзіў, што спісы сапраўды ёсць. Як мне неафіцыйна расказвалі многія радыйшчыкі, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі ўручалі іх пад роспіс. У інтэрнэце таксама «гуляла» выява спісу па лініі Мінкульта, які нібыта пайшоў па выканкамах. Маўляў, вось гэтыя артысты тлятворна ўплываюць на моладзь — усё як за Савецкім Саюзам. Улічваючы павальныя адмены канцэртаў згаданых там артыстаў, у мяне асабіста ніякіх сумневаў у праўдзівасці ўсіх гэтых спісаў няма. Містыкі быць не можа: у Гомелі ў «ляпісаў» было прададзена тры з лішнім тысячы квіткоў — і з тэхнічных прычынаў канцэрт адмяняецца. І так па ўсёй краіне, у розных артыстаў.
— А апроч гэтага?
— Зменшыў бы ліміт беларускай музыкі на радыё да 30%. Ачысціў бы яго ад «запісных» беларусаў накшталт Маісеева, Антонава, «Начных Снайпераў» і «Бі-2» — падтрымліваць трэба тых, хто тут жыве і працуе. Пры гэтым увёў бы абавязковую частку беларускамоўнай музыкі. За кошт ільгот стымуляваў бы разнастайнасць фарматаў радыёстанцый, асабліва для якаснай музыкі, якая ўплывае на базавы густ — класічнай, джазавай, этнікі. Але толькі з якаснай канцэпцыяй, а не дзеля галачкі, як радыё «Культура».
— У дачыненні да канцэртаў?
— Прапанаваў бы распрацаваць новыя патрабаванні бяспекі па фестывалях на адкрытых пляцоўках. За мяжой нармальна праходзяць такія мерапрыемствы з півам і без гэтай кучы АМАПу, які цяпер некалькі разоў абшуквае ўсіх на ўваходзе. АМАП павінен кропкава кантраляваць нейкія моманты, не больш — яны самі будуць толькі радыя. Усё гэта адпужвае нармальнага плацежаздольнага гледача ад наведвання масавых мерапрыемстваў у краіне. Маргінальная публіка як хадзіла п’янай на канцэрты, так і ходзіць — п’юць хто пад кустом, хто на аўтастаянцы.
Асаблівасці мясцовай кузні «зорак»
— Тэарэтычна гэтыя забароны павінныя толькі дадаваць славы мясцовым музыкам. Вяртаючыся да «зорнай тэмы», хочацца спытаць, чаму ў нас няма знакамітасцяў?
— Гістарычна так склалася, што ў нас усё ніяк не завершыцца фармаванне нацыянальнай самасвядомасці. Мы доўга былі залежным народам — і гэтага стэрэатыпу беларусы пакуль не могуць пазбавіцца — усё якаснае недзе там, у Еўропе, Амерыцы ці ў Маскве, але ніяк не ў нас. Усе сапраўдныя зоркі, героі, творцы — там жа. Сябе і сваіх суграмадзян прынята лічыць недаспецыялістамі, недамузыкамі, недамастакамі, у нас недамова і г.д.
Дзяржава магла б спрыяць змене гэтай сітуацыі, але ніхто нічога не хоча з гэтым рабіць на практычным узроўні. Просты прыклад на ўзроўні мовы — у нас адзін беларускамоўны міністр, прэзідэнт кажа, што беларуская — бедная мова, а па ўсёй краіне рассылаюцца цыркуляры пра «недапушчэнне прымусовай беларусіфікацыі», якой няма. І мы хочам, каб людзі нармальна ставіліся да беларускай культуры, да ўсяго беларускага?
Культурная і моўная самасвядомасць спецыяльна тармозіцца, яе быццам баяцца. Гэткі ж стэрэатып пра недамузыкаў выкараняецца значна павольней, чым мог бы, і тое толькі за кошт з’яўлення цікавых артыстаў, перш за ўсё прадстаўнікоў року і альтэрнатывы.
— Якіх, напрыклад?
— Асабліва важны момант для нашай «залежнай» грамадскай свядомасці — поспех за мяжой. І ён ёсць. Вазьміце хаця б сучасную музыку — за апошнія некалькі гадоў дзякуючы «Ляпісам», «Серебряной свадьбе», «Касіяпеі» словазлучэнне «сучасная беларуская музыка» ў Расіі і Украіне здабыло вельмі станоўчую афарбоўку. Нашы артысты якасныя, цікавыя і ні да кога не падобныя.
— А каго ў нас у краіне лічаць «зоркамі»?
— Пад паняццем «зорка» маецца на ўвазе публічная вядомасць, пазнавальнасць. У гэтым плане ў нас зоркі ёсць, але іх мала: Алеся, Іна Афанасьева, Аляксей Хлястоў, Жора Калдун, Аня Шаркунова, Герман, «Тяни-Толкай» з эстрады, Сяргей Міхалок, Лявон Вольскі, «J:МОРС», «БЕЗ БІЛЕТА», Вайцюшкевіч з рокераў і блізкіх да іх артыстаў. Першыя бяруць перш за ўсё мільганнем у мас-медыях, другія — творчасцю.
— Атрымліваецца, у першую чаргу «зоркі» — гэта тыя, хто часта мільгае па тэлевізары.
— Гэта ўвогуле нармальная сітуацыя для поп-музыкі. Іншая рэч, што ў заходніх краінах музыкі не толькі добра «мільгаюць» на экранах і старонках часопісаў, але і выпускаюць альбомы, якіх чакаюць дзясяткі і сотні тысяч слухачоў, запісваюць песні, якія робяцца хітамі. І я кажу пра поп-музыку: Кайлі Міноўг, Мадонна, Лэдзі Гага… У нас няма ніводнага поп-выканаўцы, чый альбом беларусы чакалі б з нецярпеннем, вядомых поп-песняў таксама ўжо вельмі даўно не было. Усё застыла.
— Але ёсць на захадзе практыка, індустрыя «кавання зорак»: прадусары, СМІ, грошы, вялікія грошы — усё гэта робіць знакамітасцяў часам з цалкам пустога нумару. Чаму тыя ж правілы не працуюць у нас?
— У нашай музыцы няма «вялікіх грошай» — бізнэсу на ёй не зробіш, а дапамагаць у нас гатовыя адзінкі. Хтосьці не хоча «свяціцца», хтосьці не верыць у само паняцце «беларуская музыка», хтосьці лічыць, што ўсё занадта жорстка рэгламентавана, і публіцы гэта нецікава. У выніку ў нас бракуе дарагіх якасных праектаў, бракуе фестываляў, бракуе ўкладанняў у інфраструктуру.
Комплекс неданацыі
— Чаму дзяржава так не зацікаўленая ў наяўнасці ў нас культуры?
— У мяне складаецца ўражанне, што дзяржаву больш цікавіць лаяльнасць артыстаў, чым іх узровень і рэпертуар. Творчы арыентыр чыноўнікаў — «Славянскі базар», дзе ніякай рэальнай беларускай культуры няма. Найлепшыя ўзоры беларускай музыкі робяцца прыватным чынам, без падтрымкі дзяржавы і часцей за ўсё на ўласныя грошы.
— Няма грошай, але ёсць жа СМІ і прадусары, каб рабіць “зорак”. Чаму ў нас няма часопісаў, якія пісалі б пра тое, з кім сустракаецца Дарафеева і якога колеру майткі ў Пугача?
— Пытанне не так у жаўцізне і скандалах, як у спосабе падачы. Людзям павінныя быць вядомыя і цікавыя персоны, пра якіх пішуць газеты. За 20 гадоў незалежнасці мы не зрабілі беларускае важным для публікі па-за нейкім жыццёва важным побытавым кантэкстам, не напрацавалі дастатковай колькасці папулярных і вядомых фігур. Як я ўжо казаў, у поп-музыцы працэс з’яўлення новых асоб фактычна спыніўся, хоць гэта павінна быць самае канкурэнтнае музычнае асяроддзе, што мусіць карміць СМІ сенсацыямі і загалоўкамі. Але яно часцей за ўсё выклікае ў беларусаў апатыю і пытанне: “А хто гэта?”
— Дык, можа, трэба пачынаць «каваць» нашых «зорак» менавіта са СМІ? Часта журналісты робяць чалавека вядомым. Пачні «Камсамолка» пісаць пра беларускую альтэрнатыўную культуру, у апошняй тут жа з’явілася б у разы больш прыхільнікаў.
— «Камсамолка» павінная пісаць пра поп-герояў, гэта нармальна. Але яны павінныя быць свае. Давай паглядзім на нашы папулярныя СМІ. «Савецкая Беларусь» праз асаблівасці распаўсюду не абмяркоўваецца. Якія выданні купляюць часцей за ўсё людзі? «Камсамолка», «Аргументы і факты», «Антэна» — расійскія матэрыялы займаюць большую частку зместу гэтых газет. Па-мойму, гэта досыць выразны паказнік таго, што цяпер у нас адбываецца. Гэта ўсё тое ж пытанне неданацыі, якое чамусьці цалкам задавальняе дзяржаву. Зразумела, што за пару гадоў гэтага не вырашыш, але ж нават зрухаў асаблівых не бачна. У музычнай сферы быў рост асвятлення пасля ўвядзення працэнтаў на радыё, мы да гэтага часу за кошт яго жывем, але ўжо ідзе зваротны працэс — асвятленне той жа музыкі скарачаецца. З прычынаў, якія я ўжо агучваў.
— Але, я так разумею, усё ж ёсць попыт на беларускую культуру (не такі значны, як мог бы), раз, нягледзячы на ўсю «дапамогу» дзяржавы, у нас адбываюцца цікавыя канцэрты, выставы і літаратурныя мерапрыемствы.
— Гэта так. Але хутчэй на ўзроўні народнага руху і асабістага запалу. Усё самае цікавае робяць музыкі без падтрымкі дзяржавы, а часам нават насуперак. Не праз ТБ і прэсу, а ў асноўным праз інтэрнэт людзі даведваюцца пра гэтыя праекты і пампуюць музыку. Прычым сваю ролю выконвае нават элементарная даступнасць інфармацыі. Прывяду просты прыклад — нядаўна мы ўручалі штогадовыя ўзнагароды Experty.by. Прыз ад наведнікаў сайта ўручаў просты хлопец, студэнт, які за год ацаніў 44 з 63 альбомаў. Мы з ім потым размаўлялі — ён расказаў, што і два гады таму, і цяпер аддае перавагу заходняй музыцы. Але калі да таго як ён знайшоў наш сайт у яго плэеры быў 1 працэнт беларускай музыкі, то цяпер — 10-15%. Нармальны сучасны хлопец, у добрай сусветнай музыцы разбіраецца, будучы культуролаг — проста паслухаў і спадабалася. І гэта не адзінкавы прыклад.
— Што рабіць у такой сітуацыі?
— Пры ўсёй складанасці сітуацыі нельга ўсё спіхваць на ўладу: кожны з нас можа нешта зрабіць на сваім узроўні, змяніць нешта ў сабе. Трэба ствараць сваё, цікавіцца ў тым ліку сваім і, што таксама важна, хоць бы часам размаўляць на беларускай мове. Не трэба быць нейкім абмежаваным гіперпатрыётам — можна быць грамадзянінам планеты Зямля, але пры гэтым памятаць, дзе твае карані, ведаць сваю гісторыю, культуру. Каб змяніць нешта ў грамадстве, трэба пачынаць з сябе. За нас гэта ніхто не зробіць.
Даведка “Будзьма беларусамі!”
Зміцер Безкаравайны нарадзіўся 17 лютага 1978 у г. Вянёў-2 Тульскай вобласці, Расія. Скончыў МДЛУ па спецыяльнасці “перакладчык-рэферэнт”, абараніўшы дыплом “Пераклад лексікі шоу-бізнэсу з ангельскай на рускую мову”. Журналіст і сябра рэдкалегіі “Музычнай газеты” (1996-1999), музычны аглядальнік штотыднёвікаў “Адпачывай” (2000-2001), “БелГазеты” (2002-2005). Піяр-мэнэджар кампаніі West Records (2002-2005), расійскай рэкард-кампаніі “Студыя Маналіт” (2005-2007). Прадусар і піяршчык многіх паспяховых беларускіх рэлізаў апошняга дзесяцігоддзя, у тым ліку альбомаў гуртоў “Ляпіс Трубяцкой”, “J:морс”, “Крамбамбуля”, “NRM” і інш. Адзін з аўтараў рэгламенту і сябра аргкамітэта цырымоніі “Рок-каранацыі-2002”, аўтар праекту “Першы беларускі інтэрнэт-сінгл” (“100 дарог” гурта “J:морс”, 2004), аўтар ідэі медыяпраекта «Адлегласць» (з “J:морс”, 2007). З 2008 — заснавальнік, кіраўнік і адзін з экспертаў музычнага інтэрнэт-праекту “Experty.by”, прысвечанага беларускім музычным альбомам, і аднайменных штогадовых узнагародаў.
Размаўляла Ганна Трубачова, фота – Аляксандр Ждановіч