8542

04.04.2009

sula_11

Пахаванне Стралы (Сулы) – архаічны абрад, распаўсюджаны пераважна ў Пасожжы і блізкім сумежжы: сярэднім Падняпроўі і басейнах рэк Сожа і Дзясны, г. зн. на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Беларусі, заходняй Браншчыны і паўночна-ўсходняй Украіны, на тэрыторыі рассялення радзімічаў.

sula_1

sula_2

Абрад праводзіўся пад час першага выхаду ў поле для агляду азімых хлябоў, які найчасцей прыпадае на дзень Ушэсця (у лакальнык варыянтах —на дзень веснавога Юр’я або радзей — на Вялікдзень), ён «замыкае» вясну і «адмыкае» лета.

sula_3

sula_4

Найлепшая захаванасць абраду на сёнешні дзень у вёсках Веткаўскага р-на Гомельскай вобласці: Стаўбун, Казацкія Балсуны, Неглюбка. Сіламі настаўнікаў мясцовай сярэдняй школы, і ў прыватнасці, Басава Грыгорыя, абрад “Ваджэнне Сулы” адноўлены у вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна.

sula_5

Абрад “Пахавання Стралы” асэнсоўваецца мясцовым насельніцтвам як абрад, які не толькі садзейнічаў росту хлябоў, але і ахоўваў ураджай і людзей ад стыхійнага бедства (навальніцы з градам, засухі): «Каб маланка не ўбіла», «Кабы ўвесці гразу на лета ад дзярэўні», «Каб жыта не згарэла» і г. д.

sula_6

У абрадзе прысутнічае след ахвярапрыношання (закопванне на ніве нейкага прадмета, які належыць удзельніцы абраду: пярсцёнка, стужкі, грэбня і т.п.), у некаторых вёсках гэта павінна была быць лялька. Магчыма, што некалі гэтыя прадметы замянілі ахвяру чалавечую. Яскрава сведчыць аб гэтым галоўная песня абраду:

sula_7

Як пушчу сулу да па ўсём сялу.
Забіла сула добра моладца.
Па том моладцу некаму плакаці:
Мамка старая, сястра малая,
А жана млада да як ягада.
Дзе матка плача – там рэчка цячэ,
Дзе сястрычанька – там крынічанька,
Дзе жана плача – там расы няма.
А мамка плача век да давеку,
А сястра плача год да годзіку,
А жана плача да абедзіка.
Паабедаўшы ў зялён сад пайшла,
Ў зялён сад пайшла, дай траіх знайшла.

sula_8

Вось як адбываўся абрад “Пахавання Стралы”у вёсцы Стаўбун:

У поўдзень прыгожа апранутыя жанчыны і дзяўчаты групамі збіраюцца ў розных канцах вёскі і пад спяванне «Стралы» ўтвараюць кругі. Некаторы час яны водзяць карагоды, затым выстрайваюцца ў шырокія рады (12-14 чалавек) і пад спяванне «Стралы», узяўшыся пад рукі, рухаюцца па цэнтральнай вуліцы да вялікай пляцоўкі каля перакрыжавання дарог у цэнтры вёскі. На працягу паўтары гадзіны, утварыўшы агульны круг (100 чалавек), яны водзяць карагод, узяўшыся за рукі (часам у карагод уступаюць дзеці, але яны не спяваюць). Затым вялікі круг раздзяляецца, унутры яго ўтвараюцца два кругі паменей. Кругі спыняюцца, і жанчыны, разняўшы рукі і стоячы нерухома, пачынаюць пець «Стралу», прычым дзве групы пераклікаюцца адна з другой. Пасля выканання «Стралы» ўсе заводзяць так званы «крывы танок» (карагод змейкай) пад песню «А ў крывога танца не выведу вянца». У хуткім часе адна з жанчын гучным голасам усклікае: «Схадзіцеся ўсі, пайдзем у жыта!» Карагодніцы перастрайваюцца ў рады і накіроўваюцца да поля з азімымі. Калі ўсе падыходзяць да поля, з натоўпу выходзяць нямногія — толькі самыя паважаныя ў вёсцы жанчыны і лепшыя песельніцы – і водзяць карагод на ніве. Пасля некалькіх карагодных песень («Па садочку бег малойчык», «На гарэ лён, белы кужаль» і інш.) адна з жанчын заклікае сябровак: «Закопвайце стралу!» Карагодніцы прыгінаюць калоссе да зямлі, становяцца на калені і закопваюць у зямлю прынесеныя для гэтага выпадку дробныя прадметы – завушніцы, грабеньчыкі, шпількі, манеты, прыгаворваючы:

Пайшоў Гасподзь на небяса,
Пацягнуў жыта за каласа.

sula_9

Лічыцца, што гэта дзеянне будзе садзейнічаць добраму росту каласоў і багатаму ўраджаю. У час «пахавання стралы» дзеці разбягаюцца па полі і перакачваюцца па ім са смехам.

sula_10

У вёсцы Казацкія Балсуны, прыйшоўшы на поле, вадзілі карагод вакол дзяцей, якіх па заканчэнні карагоднай песні хапалі і падкідвалі ўверх. Потым жанчыны качаліся па полі, каб ніва была такая ж урадлівая, як і яны.

Тэксты аўтараства Ірыны Мазюк.

Фотаздымкі былі зробленыя Андрэем Лянкевічам у вёсцы Маркавічы Гомельскага раёну 26 красавіка 2008 года.

Тэгі: