Веснавое Юр’я знаменавала сабой сапраўдны пачатак вясны. Святы Юрай – “Божы ключнік”, бо ў яго знаходзяцца ключы, якімі ён замыкае зіму і адмыкае вясну, выпускае расу, благаслаўляе ўсё навокал: зямлю, людзей, жывёл.
Юр’я, устань рана, Юр’я,
Юр’я, ўмыйся, бела.
Юр’я, ідзі ў стайню, Юр’я,
Юр’я, сядлай каня.
Юр’я, едзь у поле, Юр’я,
Юр’я, адамкай зямлю.
Юр’я, выпусць росу, Юр’я,
Юр’я, на цёплу зямлю.
Раса раніцай на Юр’я лічылася лекавай як для жывёлы, так і для чалавека. Хто хацеў быць дужым і здаровым, павінен быў пакачацца гэтай раніцай па расе. Расу нават збіралі ў місачку і выкарыстоўвалі як лекавы сродак. Лічылася, што святы Юрай асвяціў яе. “Юр’ева раса” — ад сурокі, ад сямі хвароб. Будзь здароў, як “Юр’ева раса”.
“Некаторыя качаліся па расе, збіралі расу і вочы лячылі. Кажуць, яна вельмі памачная, дык збіралі расу на Юр’я. Я таксама рукою расу брала, ды вочы ўсё мазала і прыказвала: “Госпадзі, памажы мне святою расою юрьеваю, каб маі вочы бачылі”.
Юр’е – адзін з самых урачыстых дзён гадавога кола беларусаў. Наш народ стварыў шмат розных фомаў абрадаў, якія ладзілі ў гэты дзень. Рэшткі комплексу старажытных звычаяў захаваліся яшчэ ў некаторых мясцовасцях Беларусі і да цяперашняга часу. Найболей захаваў сваю патрыярхальнасць звычай абыходзіць поле з маладой рунню, які павінен быў забяспечаць рост збожжа, добры ўраджай, ахову палёў ад граду і іншых прыродных стыхій. У адных рэгіёнах на поле хадзіў гаспадар, а ў іншых – моладзь, або толькі дзяўчаты.
Напярэдадні Юр’ева дня гаспадыні-сялянкі пякуць хлеб-каравай, загортваюць яго ў чысты белы абрус і аддаюць гаспадару, які кладзе яго ў бярозавы кашэль. На світанні ён выходзіць з хаты з гэтым кашалём, абыходзіць усе свае палі, падышоўшы да апошняй паласы, засеянай жытам, дастае з кашаля хлеб-каравай, кладзе яго ў жытнёвую рунь і параўноўвае вышыню сцябла з караваем. Калі каравай хаваецца ў жыце, то ў гэтым годзе жыта будзе добрае. Пасля малітвы ён вяртаецца з караваем дадому, разразае яго на кавалкі па колькасці членаў сям’і, і ўсе ядуць яго.
У іншых жа мясцовасцях гэтыя абрады праходзяць пры больш урачыстых абставінах. Сям’я гаспадара раніцай нашча адпраўляецца ў абход па сваіх палях, захапіўшы з сабою каравай, кілбас, яек, гарэлку і косці ад асвячонай велікоднай смажаніны ці ў натуральным іх выглядзе, ці ў выглядзе парашку (перапаленых касцей). Прыйшоўшы на ніву, яны качаюцца па ўсходах, каб абкрапіцца «Юр’евай расой». Пасля пачынаецца частаванне. Касцямі абтыкаюць мяжу, а калі яны ў парашку, то абсыпаюць тыя месцы, дзе расце пустазелле, каб яно ніколі не расло. Звычай абыходжання палёў, паводле народнага падання, тлумачыцца тым, што ў гэты дзень можна падслухаць, аб чым гаворыць жыта.
У іншых рэгіёнах аглядзіны палеткаў адбываліся не так камерна. Рыхтавацца да свята пачыналі за тыдзень, а то і за два. Маладыя дзяўчаты абыходзілі сваю і суседнія вёскі з просьбай даць ім, хто што можа, на каравай. Давалі звычайна пшанічную муку ці пшаніцу, яйкі, масла, сыр, каўбасу і інш. Суседняя інтэлігенцыя, ці, як называлі тут, «паны і падпанкі», якіх таксама не мінаюць у гэтым выпадку, забяспечвала іх часам грашыма, якія аддаюцца выключна на каравай і яго ўпрыгожанне.
Усе сабраныя прадукты прыносілі ў мяшках ці фартухах дамоў і складвалі ў таго гаспадара, у хаце якога прызначана «спраўляць Юр’я». Звычайна выбіралі хату, у якой ёсць дзяўчына-нявеста. Напярэдадні свята мылі сталы і лавы, вымяталі хату і двор, высыпалі усюды жоўтым пяском; смажылі, пяклі, варылі. Галоўная ўвага звярталася на каравай. Хлопцы ў сваю чаргу рабілі складчыну па некалькі капеек з брата і купляюць крыху гарэлкі і ў вялікай колькасці піва і мёд.
Калі ўсё гатова, каравай упрыгожваюць зеленню (барвінкам), і стужкамі, кладуць на вечка (ад дзяжы) і пакідаюць усё нечапаным да дня свята. У дзень свята ўся моладзь адпраўляецца ў царкву, а па заканчэнні богаслужэння збіраецца ў хаце, якую выбралі для святкавання. Сюды запрашаюцца музыкі, збіраецца шмат людзей – дзяцей і дарослых, прыходзяць глядзець і аднасяльчане пажылога ўзросту. Музыкі пачыналі іграць, адразу ж чуўся шум, і ўвесь натоўп, які папярэднічаў аднаму з «маторных» парубкаў, на галаве якога красаваўся ў вечку каравай, з песнямі, музыкай і скокамі выходзіў на вуліцу і накіроўваўся ў поле. Там усе спыняліся на ніве з лепшымі ўсходамі. Спевы і музыка замаўкалі. Усе станавіліся на калені, і пры поўнай цішыні пачыналася малітва. Пасля малітвы рвалі ўсходы і кідалі на каравай, выражаючы пажаданне добрага ўраджаю ў надыходзячым леце. Затым увесь натоўп тым жа парадкам вяртаўся назад. Усё падрыхтаванае на свята з’ядалася. Уся ноч праходзіла ў песнях, музыцы і танцах.
Сярод сялян у некаторых месцах захоўваецца паданне, чаму неабходна ў дзень св. Юр’я рабіць абход сваіх палёў. Гавораць, што калісьці было зроблена такое распараджэнне, што калі сын не заб’е свайго састарэлага бацьку ў той час, калі сам можа быць гаспадаром, то сам ён ад грамадства павінен падвергнуцца гэтай долі. Аднак здарылася так, што адзін добры сын вельмі быў прыхільны да свайго бацькі, і ў яго ніяк не падымалася рука зрабіць злачынства. Не хацелася ў той жа час і самому падвергнуцца цяжкай долі. Вось любячы сын схаваў свайго бацьку ў склеп, распусціў тады ж слух, што ён забіў яго. Справа была ўладжана. Сын між тым пастаянна наведваў свайго бацьку, прыносіў яму ўсё неабходнае для жыцця і карыстаўся яго парадамі. Атрымалася, што ў гаспа дарцы не стала жыта для сяўбы ды і не было дзе было купіць яго. Сын звярнуўся за парадай да бацькі, як быць у дадзеным выпадку. Бацька параіў яму пайсці набраць саломы, якою накрыты хаты, добра перамалаціць яе і пасля рассеяць па полі. Сын так і зрабіў. 3 прыходам вясны сын пайшоў паглядзець, што робіцца на яго ніве, якія ўсходы, але там, на яго здзіўленне, хоць шаром пакаці, нічога не было. Засмучаны, сын ізноў пайшоў да бацькі, паведаміў яму сваю тугу і гора. Бацька сказаў, што ён у дзень св. Юр’я павінен пайсці на поле, абысці яго, а пасля паслухаць, што будзе гаварыць жыта. Абышоўшы поле, сын прыклаў вуха да зямлі і стаў слухаць, улёгшыся на загоне. Жыта як бы гаварыла яму: «Пасунься ты, тут сядуць тры», што быццам бы ўказвала на будучыя густыя ўсходы. Сапраўды, жыта ўрадзілася надзвычай добрае, кусцістае на заглядзенне ўсім суседзям. Удзячны сын адкрыў, у чым тайна… Усе, вядома, пранікліся глыбокай павагай да старога і рашылі болей не забіваць сваіх бацькоў, а на Юр’я абыходзіць палі і слухаць, што гаворыць жыта.
Спецыфіка паўднёва-беларускай традыцыі святкавання Юр’я заключалася перш за ўсё тым, што святочныя абрады яго здзяйснялі ў карагоднай форме. У юраўскім карагодзе ішло заклінанне ўраджаю. Абрад-карагод на Юр’е рэпрэзентаваўся яго ўдзельнікамі як ачолены Богам і гэтым прадвызначалася яго прадуцыравальная роля ў дачыненні да нівы.
Дай урай, маці, ключы,
Да подай, маці, ключы
Шоб небо отворыці,
Да росіцу пусціці.
Ведом-ведом корогод,
Сам Бог наперод,
А у корогода сын воевода,
А у коромыслі добрые мыслі.
Дзе корогод ходзіць,
Там Бог жыто родзіць,
А дзе не бывае,
То там улягае.
Ведом-ведом корогод,
Сам Бог наперод,
Дзе корогод ўецца,
Там жыто ўдаецца,
А дзе не бывае,
Там жыто ўлегае.
Зродзі, божэ, жыто
Да на новое лето,
Да на жыто на пшэніцу,
На усяку пашніцу.
Здымкі былі зробленыя у вёсцы Пагост Жыткавіцкага р-на 6 мая 2008 года.
Тэксты аўтараства Ірыны Мазюк.