Жаніцьба коміна

16.05.2009

zanidzba_komina_1_1

Жаніцьба коміна (пасвета, лучніка) – сакральны абрад першага восеньскага запальвання святла ў хаце. Комін – прылада для асвятлення сялянскай хаты ў вячэрні час. Гэта конусападобная труба, якая выходзіць вонкі праз столь і дах.

zanidzba_komina_7_1

Пад спецыяльнай адтулінай у столі прымацоўвалі вісячы дымаход, які рабілі з дошак, мешкавіны, плялі з лазы, абмазвалі глінай, да яго падвешвалі звычайную патэльню, каганец, ці невялікую металічную рашотку (пасвет, лучнік). На ім гарэла лучына або дробна пасечаныя хваёвыя карэньчыкі, асвятляючы хату.

zanidzba_komina_8_1

Абрад бытаваў пераважна на Палессі і прымяркоўваўся да дня Сымона Стоўпніка, 14 верасня (а некалі, магчыма, да дня восеньскага раўнадзенства). Захаваўся ў Столінскім і Жыткавіцкім раёне, у наш час можна назіраць у вёсцы Пагост. Абрад ушанавання коміна адзначае першае пасля летнягя перапынку запальванне лучыны, якое азначае таксама пераход ад пераважна знадворкавых працаў да працаў у хаце. Вядомы запісы Жаніцьбы коміна, прымеркаванага да вясны – да Фамінога тыдня, першага тыдня пасля Вялікадня.

zanidzba_komina_9_1

“Жаніха” адмыслова рыхтуюць да абраду: коміна беляць, упрыгожваюць зелянінай: абвязваюць хмелем, стужкамі, новымі ручнікамі, упрыгожваюць кветкамі. Коміна абсыпаюць гарбузікамі, зернем, кладуць пад яго ахвяру – ласункі, у “каганец” падліваюць гарэлку, кідаюць скрылёчкі сала, масла, што можа ўспрымацца як абрад ахвярапрынашэння, адрасатам якога выступае як персаніфікаваны комін, агонь, так і дух, які звязваўся з агнём, печчу. З кім жэніцца комін? Хто кажа – з хатай, печчу, або нават з працай доўгімі зімовымі вечарамі.

zanidzba_komina_10_1

Жанчыны водзяць вакол коміна карагод і спяваюць вясельную песню “жаніху”: “Ой прыйшлі ж ночанькі доўгенькія, мы ж цябе кветкамі ўбіралі, бервяночкам, рутай аперазалі”; “нявесце”: “Праца наша дзеўка гарненька, палюбіць коміна радзенька”.

zanidzba_komina_11_1

Комін правамерна суаднесці з цэнтральнай восьсю сялянскага мікракосму. У “Жаніцьбе коміна” назіраецца агульнародавы рытуал ушанавання хатняга свяшчэннага агню з праекцыяй на агонь сусвету з магічнай мэтай спрыяння дабрабыту ў хаце, які разумеўся як і парадак у Сусвеце.

zanidzba_komina_4_1

zanidzba_komina_5_1

zanidzba_komina_6_1

zanidzba_komina_2_1

Тэксты аўтараства Ірыны Мазюк.

Фотаздымкі былі зробленыя Андрэем Лянкевічам у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна 10 студзеня 2009 года.

Для budzma.org