А. Карпюк “Развітанне з ілюзіямі”. – Гародня–Wroclaw, 2008
Складана пісаць пра такія кнігі. Іх нельга ацэньваць. Нельга крытыкаваць. Можна толькі асэнсоўваць іх змест, падсумоўваць напісанае між радкоў. Іх трэба прымаць як належнае, як парады. У іх трэба вучыцца шчырасці, моцы духу, цвёрдасці поглядаў і перакананняў, бескампраміснасці сумлення. Іх трэба паважаць і ўважліва слухаць, як аповеды і наказы бабуль і дзядуль, як людзей, якія пражылі доўгае і складанае, аднак не пазбаўленае ілюзій жыццё, бо калі чалавек развітваецца з ілюзіямі, ён памірае.
“Развітанне з ілюзіямі” – кніга цэласная, нягледзячы на тое, што складаецца з ідэйна і сэнсава розных твораў. Некаторыя яе часткі ўжо друкаваліся раней (аўтабіяграфічныя нататкі “Мая Джамалунгма”), але ў кантэксце кнігі, дзякуючы праекцыі апісаных падзей у мінулае і будучыню аўтара, яны набываюць новае гучанне, робяцца не проста “аўтабіяграфічнымі нататкамі”, у якіх апісваецца пэўны перыяд жыцця аўтара, але ўзвышаюцца да ўзроўню “жыццёвай справаздачы” героя свайго часу.
Галоўны герой кнігі (ён жа аўтар) – чалавек надзіва шчыры: ён без крывадушша асэнсоўвае падзеі ўласнага жыцця, паказваючы не толькі станоўчыя бакі сваёй асобы, але і звяртаючы ўвагу на жыццёвыя памылкі, негатыўныя якасці характару. Часам такое занадта крытычнае стаўленне да сябе падаецца самакатаваннем, ды разуменне таго, што толькі абвостранае пачуццё адказнасці можа падштурхнуць да такіх разваг, дазваляе зразумець, што сапраўды смелы чалавек не баіцца памыліцца, аказацца вінаватым. Не пазбаўлены аўтар і пачуцця гумару, нават у абставінах ваенных дзеянняў ён можа знайсці час для псіхалагічнага адпачынку.
Карыснымі ў розных адносінах з’яўляюцца нататкі пісьменніка “Чацвёртае вымярэнне”, у якіх Аляксей Карпюк змясціў адказы на пытанні, што датычаць літаратурнай творчасці, мастацкага перакладу, ды ўласныя назіранні, адкрыцці, зробленыя падчас пісьменніцкай працы (тут ёсць і аўтарскае даследаванне смерці Я. Купалы, якое дапамагло А. Карпюку дазнацца пра сапраўдныя абставіны гібелі класіка). Нататкі гэтыя дазваляюць прасачыць ход думак пісьменніка ад задумы твора да яе ўвасаблення, адчуць творчыя пакуты аўтара, яго “дрыжыкі” і трымценне, што з’яўляюцца ў час напісання асобных момантаў твора; зразумець эфект “рэзанансу сэрцаў” (ці не пра гэтую з’яву пісаў Хемінгуэй, называючы яе “эфектам айсбергу”?).
Аўтар прызнаецца, што менавіта прымусовае вядзенне дзённіка (у час вайны А. Карпюк быў камандзірам партызанскага атрада імя К. Каліноўскага) дапамагло яму пераадолець ляноту, пачаць атрымліваць задавальненне ад працэсу апісання падзей, дазволіла стаць больш назіральным і ўважлівым. Менавіта гэтыя якасці і з’яўляюцца ключавымі для пісьменніка.
Кніга паказвае важнасць Чалавека і моцы яго характару, але ў той жа час наводзіць і на думку пра існаванне Лёсу, наканавання, што праз Выпадак дае Чалавеку магчымасць здзейсніць свае задумы, развіць свой характар.