Неба пад Бэрлінам. Яраслаў Рудзіш, пераклад з чэскай М. Мартысевіч. Логвінаў, 2008.
“У-бан трымае людзей і ўвесь горад у сваёй аблозе. Горад, які ўжо быў і які пакутуе ад гэтага, горад, разарваны на ўсе бакі сьвету, горад, які зноў хоча быць адным вялікім горадам. Горад, які ёсьць адным цэлым толькі ўнізе, горад, які стаіць на пагорках з руінаў.”
“Неба пад Бэрлінам”, Яраслаў Рудзіш.
Неба пад Бэрлінам… Звычайная столь, што Яраслаў Рдзіш параўнаў зь небам, знаходзіцца у нямецкім падземным мэтро, ва ў-бане. Неба – гэта тое, на што людзі глядзяць, калі падымаюць галаву ўверх, нібы шукаючы адказу. У-бан – месца, што зусім побач з гараджанамі, ён хавае таемныя тунэлі, дае спачын целам і прытулак духам самагубцаў, там зарабляюць музыкі са сваімі гітарамі. Аўтар кнігі пра мэтро і “Бэрлін чэха” (словы Марыі Мартысевіч, перакладніцы), сёньня жыве ў Празе, ладзіць літаратурныя кабарэ і займаецца музыкай, што перагукаеццца з жыцьцём галоўнага героя, які грае ў гурце “Ў-бан” – аднайменным з гуртом Яраслава Рудзіша.
Тут няма глыбокіх філязофскіх разважаньняў, гэта хутчэй нататкі з падзеямі і іх асэнсаваньнем, замалёўкі самых яскравых момантаў і роздум над імі пэўнага чалавека – Бэма, музыкі і былога настаўніка. Бэм прыяжджае ў Заходні Бэрлін і сустракае Панча Дзірка, які прапануе разам жыць, працаваць і граць панк у старой воданапорнай вежы. Бэм пагаджаецца, яны адшукваюць бубнача Атама, даюць канцэрты, у тым ліку ва ў-бане з дапамогай прывіда чалавека, што стасаваўся зь Ленанам і любіць Бітлз. І гэты чалавек мёртвы. Дзяўчына Катрын, якую спрабаваў клеіць лявэляс Панча Дзірк, робіцца каханай паловай Бэма.
Яшчэ нядаўна разьяднаны сьцяной, Бэрлін дагэтуль падзелены на ўсходні і заходні. Капіталізм і сацыялізм зрабілі людзей аднаго гораду рознымі па мэнтальнасьці. Нават праз шмат гадоў, калі ўжо разбураная сьцяна з бэтону (“Гэта”, як называў яе Панча Дзірк), яна застаецца, нябачная, у сьвядомасьці. У-бан нітуе горад, ён адзіны для ўсходу і захаду. Гурт “У-бан” грае музыку для жывых і для мёртвых, апавядае пра быцьцё для любога, незалежна ад таго, наколькі і дзе ён жывы.
Бэрлін нітуе мэтро. Яно – схаваная частка гораду, рознага і еднага пад адзінай назвай. Знаходзячыся побач з гараджанамі, мэтро заставецца таямніцай. Людзі бачаць толькі абалонку – сьветлыя станцыі, чыстыя вагоны. А хто лічыў, колькі чалавек пераехаў кожны з кіроўцаў метро? Хто ведае пра вочы самагубцаў, што сустракаюць кіроўцаў у натоўпе на кожнай станцыі?
Горад дае чалавеку тое, што чалавек здольны ў ім убачыць. У дзяцінстве Бэм і ягоныя ўсходнебэрлінскія родныя ўяўлялілі Заходні Бэрлін своеасаблівым раем, і, стаўшы больш дарослым, Бэм уцякае туды. На новым месцы ён адмаўляецца ад старых праблемаў, а разам зь імі і ад часткі сябе, пераконваючы сябе, што яна неістотная.
Музыка і сьветапогляд тут – душа чалавека, на частку якой ён намагаецца забыцца, пакінуўшы яе ў Празе. Чэх вызначыў у горадзе самае істотнае для яго, і рысы ягонага характару, бачаньне сябе і сьвету, што гэта абумовілі, магчыма, здольныя патлумачыць, што шукае звычайна чалавек, уцякаючы ад сябе і ствараючы новае жыцьцё ў новым горадзе, абіраючы часткай гэтага жыцьця музыку.