Палітычная мапа свету не мае сумневаў у тым, што Рэспубліка Беларусь – суверэнная незалежная дзяржава. Аднак нягледзячы на фармальную незалежнасць Беларусь дагэтуль застаецца ў сферы інтэлектуальных і культурных (а, зрэшты, і палітычных) уплываў Расіі. Самі таго не ўсведамляючы, мы глядзім на свет і сябе ў ім чужымі вачыма, з чужое званіцы – бачым не тое, якімі мы ёсць насамрэч, а тое што выгадна і зручна бачыць у нас іншым.
Якім чынам Расіі ў сваіх тэкстах удалося стварыць уласны вобраз (часта беспадстаўна ідэалізаваны) і як яна здолела навязаць гэты вобраз свайму народу, каланізаваным народам, а таксама іншым народам свету? Як хлусня і міфы станавіліся праўдай, а праўда набывала абрысы міфу? Што яднае Маскоўскую дзяржаву, Расійскую імперыю, Савецкі саюз і Расійскую Федэрацыю?
Як сталася так, што гістарычна Беларусь у параўнанні з Расіяй была на больш высокім узроўні развіцця, аднак нават рэтраспектыўна ўспрымае сябе як “адсталую”? Якім чынам Беларусь апынулася ў гэтай сённяшняй багне, не толькі эканамічнай, але і інтэлектуальнай, відавочнай на прыкладзе гуманітарных навук?
Імперыі прэтэндуюць на цывілізаванасць, менавіта гэта фармуе іх пачуццё перавагі і адпаведна паблажлівае стаўленне да калоніяў, аднак Масква прыносіла заваяваным краінам у падарунак не святло розуму і не дабрабыт, а руіны – ва ўсіх сэнсах.
Імперскасць – не ўнікальная расійская хвароба, на яе перахварэла, напрыклад, і Заходняя Еўропа, якая, аднак, здолела ўсвядоміць свае каланіяльныя грахі. Але якім чынам Расіі ўдалося ўнікнуць той крытыкі і самакрытыкі, з якой прыдзірліва аглядалі сябе заходнееўрапейскія грамадствы? Чаму ўсякая крытыка Расіі адразу залічваецца да русафобіі? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна знайсці ў кнізе Эвы Томпсан.
Літаратура часта падмяняе рэальнасць. Сіла мастацкага слова “пераконвае” нас больш за архіўныя дакументы, да якіх, дарэчы, і дабіраюцца адно гісторыкі.
Русская литература – абавязковы прадмет, які ў нашых школах і універсітэтах часта лічыцца больш важным за літаратуру беларускую. Па сутнасці гэта тая літаратура, на якой мы выхоўваемся і – што ўжо горш – яе схемы (якія дэканструюе Томпсан) засвойвае наша свядомасць. Няблага было б ведаць і ўсведамляць гэтыя схемы – схемы, якія абгрунтоўваюць і дазваляюць панаванне Расіі над яе “меншымі братамі” і “дзікімі, драпежнымі ды неразумнымі суседзямі”.
Аўтарка колькі разоў наўпрост і ўскосна прагаворвае – даследаванне не аспрэчвае ані велічы, ані значнасці расійскай літаратуры, а толькі дадае яшчэ адно вымярэнне да яе разгляду і аналізу. Кніга Томпсан не абвяргае ранейшых даследаванняў, а толькі дапаўняе іх, дазваляючы заўважыць тое, што было схавана між радкоў і не адразу кідалася ў вочы чытачам, аднак уздзейнічала на іх свядомасць.
З аднаго боку, гэтая кніга – пра Расію, дакладней – пра той расійскі імперскі дыскурс, які цягам некалькіх стагоддзяў выяўляўся і трансляваўся галоўным чынам у літаратуры, але таксама і ў гістарыяграфіі, літаратуразнаўстве, публіцыстыцы. З іншага боку, гэтая кніга пра нас – пра тых, хто трапіў пад раздачу, пра тых, на каго была скіраваная імперская палітыка і каланізацыя: пра расійскія калоніі, былыя і існыя – Беларусь, Украіну, Польшчу, Сібір, Сярэднюю Азію… Быць палітычнай правінцыяй іншай дзяржавы – гэта, безумоўна, непрыемна, але гэтая сітуацыя відавочная і празрыстая, а таму больш або менш лёгка вырашальная. Знаходжанне пад культурным і інтэлектуальным уплывам іншай сілы – сітуацыя, якая больш складана дыягназуецца і яшчэ цяжэй пераадольваецца і лекуецца. І нават калі залежнасць мінае, шнар – застаецца.
Аднак усведамленне сваіх праблемаў – гэта палова шляху да іх вырашэння. А на гэты шлях і выводзіць свайго чытача кніга Эвы Томпсан “Песняры імперыі…” – кніга, што не перакладалася на расійскую мову і наўрад ці ў бліжэйшай будучыні будзе перакладзеная. Вось жа – беларусы маюць рэдкую мажлівасць раней за ўсходняга суседа пазнаёміцца з даследаваннем, што ўваходзіць у корпус тэкстаў, без якіх складана ўявіць сучасную гуманістыку. Навуковае выданне, што будзе карыснае філолагам, філосафам, гісторыкам, культуролагам, даступнае таксама і не-навукоўцам, бо напісанае жывой мовай і пра добра знаёмыя і блізкія ўсім нам рэчы.
Эва Томпсан Песняры імперыі: расійская літаратура і каланіялізм /
Пер. з англ. мовы Т. Нядбай (Т. Л. Нетбаева). — Мінск : Медысонт, 2009.