Марцін Угла (Martin Uggla), праваабаронца, старшыня Шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека Östgruppen. 39 гадоў. Скончыў найстаражытнейшы ўніверсітэт Скандынавіі ў шведскім горадзе Упсала, у якім вывучаў расійскую філалогію. У 2000 годзе пазнаёміўся з беларускімі праваабаронцамі. Гэта стала для яго вялікім адкрыццём, бо раней ён амаль нічога не ведаў пра Беларусь.
“Калі я пазнаёміўся з беларускімі праваабаронцамі, я адразу закахаўся ў краіну і людзей, з якімі кантактаваў. Гэта падштурхнула да больш глыбокага зацікаўлення беларускай культурай, гісторыяй і палітычнай сітуацыяй. З таго часу пільна сачу за падзеямі Беларусі, асабліва ў сферы правоў чалавека. Рэгулярна кантактую з беларускімі калегамі і сябрамі. Самастойна вывучыў беларускую мову. Дарэчы, калі мы сустракаемся са шведскім амбасадарам у Беларусі Стэфанам Эрыксанам, паміж сабой размаўляем толькі па-беларуску. Два чалавекі на ўсю Швецыю!
Я быў у Беларусі разоў 5 альбо 6. Апошні раз – у 2006 годзе. Але пасля таго амбасада Беларусі ў Швецыі чатыры разы адмаўляла мне ў выдачы беларускай візы. Апошні раз адмовілі ў снежні 2010 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Наша арганізацыя Östgruppen заўсёды пільна сочыць за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і аператыўна рэагуе на іх парушэнні. Канечне, сачыць і дапамагаць было б лягчэй, калі б у мяне была магчымасць бываць у Беларусі.
Сітуацыя ў вашай краіне вельмі няпростая. Змяніць яе могуць толькі самі беларусы, але для гэтага яны павінныя ведаць свае правы! Натуральна, калі кантралююцца СМІ, амаль няма незалежнай прэсы, улады ціснуць на трэці сектар, гэта даволі цяжка. Але гэта вельмі важна – распаўсюджваць інфармацыю пра правы чалавека, каб кожны ведаў, якія ў яго ёсць правы, праводзіць вялікую асветніцкую працу. А наша задача звонку – падтрымаць людзей, якія змагаюцца за змены.
Мяне заўсёды здзіўляе вялікая розніца паміж беларусамі. Ёсць даволі няшмат надзвычай прасунутых, адукаваных у юрыдычным плане людзей, якія ведаюць свае правы і гатовыя іх адстойваць. І нашмат больш людзей, якія панятку не маюць нават пра самыя элементарныя правы. І гэта вялікая праблема. Такое ўражанне, што людзі дэмакратычнага кірунку працуюць на даволі вузкае кола і не даходзяць да шырокіх мас. Гэта доўгі працэс – дайсці да кожнага…
Мне здаецца, што беларусы вельмі падобныя да шведаў – па тэмпераменце, па характары, цярплівасці, талерантнасці. Дый краіны нашы вельмі падобныя.
Мяне вельмі ўражвае, як мае калегі па праваабарончым руху працягваюць сваё змаганне, нягледзячы на тое, што яны падвяргаюцца жорсткім рэпрэсіям, арыштам. Цяпер хваля рэпрэсій узмацнілася, і іх трэба абараніць, таму што праца праваабаронцаў вельмі важная менавіта для таго, каб сітуацыю ў Беларусі нармалізаваць. Для мяне вялікі гонар супрацоўнічаць з такімі прынцыповымі і моцнымі людзьмі.
Мяне вельмі цікавяць беларуская мова і беларуская культура. Вельмі падабаецца проза Альгерда Бахарэвіча, які піша па-беларуску, нягледзячы на тое, што жыве ў Гамбургу. Захапляюся прозай Барыса Пятровіча, творчасцю Андрэя Хадановіча. Я не раз слухаў ягоныя палымяныя выступленні. Ён не толькі паэт, але і сапраўдны артыст!
Хацелася б пабываць у вольнай, свабоднай, дэмакратычнай Беларусі. А гэта не мроя. Гэта будзе. Я аптыміст. Я веру, што справядлівасць і розум перамогуць. Беларусь – неад’емная частка Еўропы, і я вельмі хацеў бы, каб вашая краіна стала сябрам Еўразвязу. Аднак пакуль гэта далёкая перспектыва. І хоць цяперашняя сітуацыя няпростая, але паступова яна будзе паляпшацца, бо ў вас ёсць патэнцыял. Вельмі важна, што маладое пакаленне цяпер можа даволі свабодна перасоўвацца ў рэальным і віртуальным свеце, і гэта адкрывае новыя магчымасці”.