Быць беларусам – погляд збоку: Андрэй Ажароўскі

Андрэй Ажароўскі (Андрей Ажаровский) – расійскі фізік-ядзершчык, які актыўна змагаецца супраць будаўніцтва атамных электрастанцый не толькі ў сваёй краіне, але і па ўсім свеце. Яму 45 гадоў. Жыве ў Маскве. У 1989 годзе скончыў Маскоўскі інжынерна-фізічны інстытут. Апошнім часам у якасці эксперта ў ядзернай галіне вельмі часта наведвае нашу краіну. Удзельнічае ў шматлікіх прэс-канферэнцыях, якія ладзяць беларускія і расійскія эколагі ў Мінску. Падчас грамадскіх слуханняў у Астраўцы быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў за спробу пранесці крытычныя заўвагі па праекце беларускай АЭС у залу, дзе праходзіла мерапрыемства. Таксама браў удзел у ток-шоу “Выбар”, прымеркаваным да праблемы будаўніцтва АЭС у Беларусі.

Першы раз Андрэй пабываў у Мінску ў канцы 80-х. Тады ён быў студэнтам, а квіткі на цягнік да беларускай сталіцы ў тыя часы былі вельмі таннымі, таму грэх было не скарыстацца магчымасцю.

– У тыя часы Мінск быў вельмі папулярны сярод студэнтаў дзякуючы якаснаму і недарагому глінтвейну. Таму разам з маімі сябрамі я накіраваўся сюды, каб паглядзець на горад і паспрабаваць той самы глінтвейн. Тады Мінск падаўся мне невялікім горадам у параўнанні з Масквой, дзе я жыў. Увесь час мы з сябрамі перамяшчаліся пешкі. У цэнтры горада вельмі шмат будынкаў, створаных пасля вайны, падчас якой амаль уся гістарычная частка горада была зруйнаваная. Я памятаю, што ў тую паездку нам вельмі спадабалася Траецкае прадмесце. Гэта добра, што ў цэнтры горада ёсць такі куток, дзе спрабуюць узнавіць старадаўнюю архітэктуру. Шчыра кажучы, першае маё ўражанне было хутчэй уражаннем падарожніка, якое мала можа расказаць пра краіну ў цэлым.

З цягам часу сяброў і знаёмых у Беларусі стала болей, і Андрэй бываў тут часцей. Удзельнічаў у розных праектах, звязаных з правамі чалавека, таксама ў якасці замежнага назіральніка ўдзельнічаў ў выбарах 1996 года. Цяпер Андрэй актыўна падтрымлівае пратэсты грамадскасці супраць будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі.

– Падчас маіх паездак па рэгіёне, дзе хочуць пабудаваць беларускую АЭС, я адкрыў для сябе Астравецкі і Нарачанскі край. Вельмі самабытны рэгіён з цікавай гісторыяй, а таксама людзьмі, якія спрабуюць вывучаць мінулае, адраджаць рамёствы. Гарадскія жыхары прыязджаюць сюды і ўкладаюць душу ў развіццё рэгіёна. Сем дзён я меў зносіны з адным жыхаром з Астравецкага краю. У яго вельмі моцная гаспадарка, і я быў вельмі здзіўлены тым, што ён працуе ў калгасе. Мне здаецца, што сваёй цяжкай сялянскай працай ён мог бы добра зарабляць на жыццё. Бо людзям і цяпер трэба малако і мяса, але ён па восем гадзінаў працуе ў калгасе і кажа, што так трэба.

Андрэй – касмапаліт. Ён лічыць Беларусь сваім родным домам, як і іншыя краіны свету. Яму толькі вельмі не падабаецца, як успрымаюць жыццё ў Беларусі яго суайчыннікі.

– Мне здаецца, што расійцы ўспрымаюць Беларусь згодна са стэрэатыпамі, якія з’яўляюцца адлюстраваннем дзяржаўнай прапаганды. Яны думаюць, што Беларусь – востраў стабільнасці. Я ў такім выпадку запрашаю іх пажыць тут некаторы час. Бо адна справа – наведаць краіну ў якасці турыста, другая – пражыць тут некаторы час, каб на ўласнай скуры адчуць палітычныя і эканамічныя працэсы, што адбываюцца ў краіне.

Паводле словаў Андрэя, беларусы абавязкова знойдуць выйсце з палітычнай і эканамічнай сітуацыі, якая склалася за часамі кіравання дзейнай улады, бо сляпога даверу да яе ў іх няма. “Можна падманваць увесь народ кароткі час альбо невялікую яго частку доўгі час, але ўвесь народ доўгі час падманваць немагчыма”, – кажа ён.