Лагiшын, адзiны на Пiншчыне гарадскi пасёлак, слаўны перш за ўсё гiсторыяй сваiх храмаў. У цэнтры яго ўзносяцца купаламi да неба праваслаўная Свята-Праабражэнская царква i чырвоны каталiцкi касцёл Святых Пятра i Паўла. А людзi тут спрадвеку жывуць у згодзе i шануюць агульную заступнiцу — Мацi Божую Лагiшынскую.
Абразу больш за 300 гадоў. Цяпер ён знаходзiцца ў алтары касцёла. А першы касцёл у Лагiшыне ўзвёў у 1634 годзе Пiнскi стараста Альбрэхт Станiслаў Радзiвiл. Пасля паўстання 1863 года касцёл трапiў у нямiласць, быў перанесены на праваслаўныя могiлкi, а потым згарэў. На яго месцы у канцы ХІХ стагоддзя пабудавалi праваслаўную царкву. Але лагiшынскiя католiкi не здраджвалi сваёй веры, i ў 1909 годзе пабудавалi свой прыгожы храм. Знакамiты ж абраз усё адно захоўваўся ў праваслаўнай царкве. Ды ў 1938 годзе яго тайком вывезлi ў Польшчу. I толькi 13 гадоў таму Мацi Божая Лагiшынская вярнулася на радзiму. У маi 1997 года кардынал Казiмiр Свёнтэк правёў каранацыю цудадзейнага абраза. Тэкст цалкам.