Памяці Анатоля Жука

23.11.2009 Тэатр

Шаноўныя  калегі!

Калектыў  Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача надзвычай смуткуе з прычыны смерці аднаго са сваіх лепшых актораў Анатоля Аляксандравіча Жука (20.05.1949 – 19.11.2009).


zhuk

Заслужаны артыст Беларусі, таленавіты пісьменнік, яркі паэт, прызнаны сцэнарыст Анатоль  Жук служыў у Тэатры юнага гледача  з 1 верасня 1975 года. За гэты час, увасобіўшы безліч роляў, актор стаў сапраўдным майстрам сцэны, творчасць якога з’яўляецца ўзорам для кожнага маладога чалавека, які вырашыў прысвяціць сваё жыццё тэатральнаму мастацтву.

Ролі, выкананыя акторам, увайшлі ў  скарбонку нацыянальнага тэатральнага мастацтва Беларусі. Сярод іх –  Несцерка (“Несцерка” В. Вольскага), Трыгорын (“Чайка”) А. Чэхава, Рабінін (“Юнацтва бацькоў” Б. Гарбатава), Луі Лепал (“Эдзіт Піяф” В. Легентава), Міканор (“Подых навальніцы” І. Мележа), Важак (“Бэмбі”) Ф. Зальтана, Хорыя (“Імем Зямлі і Сонца” І. Друцэ), Жухрай (“Як гартавалася сталь” М. Астроўскага), Заслонаў (“Паядынак”) М. Матукоўскага, Ленард Брэйзіл (“Дыск-жакей” С. Палякова), Самсон Сіліч (“Банкрут” А. Астроўскага), Мудзафер (“Шчаслівыя жабракі” К. Гоцы).

А. Жук Выканаў ролі ў тэлевізійных пастаноўках “Тайная вячэра” (“Наш актыў”) У.Траццякова, “Вочы ў вочы” Я.Сіпакова, “Зямлі яшчэ баліць” П.Панчанкі, “Варшаўскі шлях” А.Куляшова, у тэлефільмах “Новая зямля” паводле Я.Коласа, “Мая справа цялячая” паводле К.Чорнага, “Сівая легенда” паводле У.Караткевіча. зняўся ў мастацкіх кінафільмах “Пушча”, “Маці ўрагану”, “Душа мая Марыя”.

Шматгранны  талент А. Жука прынёс літаратуры Беларусі шмат адметных твораў. У якасці пісьменніка ён выдаў некалькі зборнікаў прозы – “Помста матылькоў” (1991), “Пагаварыць трэба” (1993), “Дзённае паляванне на месяц” (2002), скандальны раман “Бульвар” (2009) пра жыццё багемы, зборнік вершаў “Туга” (2007).

Калі  знойдзеце час, то зазірніце ў  кінатэатр, каб пабачыць новую кінастужку “Кадэты” рэжысёра Віталя Дудзіна – дынамічную вострасюжэтную драму, дзеянне якой разгортваецца ў Заходняй Беларусі ў першае пасляваеннае лета. Праца над гэтай стужкай сталася магчымай дзякуючы таму, што літаратурная першааснова Анатоля Жука была летась адзначана ў конкурсе сцэнарыяў, праведзеным “Беларусьфільмам”.

У сённяшнім рэпертуары ТЮГа ў Анатоля  Жука было тры вызначальныя ролі: валявы і адначасова пластычны, па-рыцарску верны ваявода князя Уладзіміра Дабрыня (“Палачанка” А. Дударава), высакародны Граф Дарынкур (“Маленькі лорд Фаўнтлярой” М. Воранава паводле Ф. Бернет) і, вядома ж, халодны, але не згаслы ў душы Палкоўнік Кінчын (“Матылёк” П. Гладзіліна). Без перабольшанняў можна дадаць, што апошняя з гэтага шэрагу роля Анатоля Жука забяспечыла яму месца ў вечнасці. Тая душэўная трансфармацыя, што адбываецца з жосткім ваякам, калі яго душа ўспырхвае матыльком, вырваўшыся з кокану знявер’я і безнадзейнасці, як нішто іншае, пераканаўча сведчыць пра бесмяротнасць чалавечай душы.