Фэстываль be2gether, які ўжо чацьвёрты год запар праводзіцца на літоўска-беларускай мяжы, ў гэтым годзе стаў яшчэ бліжэй да Беларусі. Апроч чатырох беларускіх гуртоў, якія выступаюць ля замку ў Нарвілішках, сёлета прадстаўленыя два беларускія намёты – ад галерэі “Ў” і ад кампаніі “Будзьма беларусамі”, дзе можна пазнаёміцца зь беларускаю культурай, паслухаць выключна беларускую музыку, набыць сувеніры.
У першы дзень фэстывалю беларускія выканаўцы парадавалі гледачоў прыемнымі нечаканасьцямі. Гурт Cherryvata прадставіў абноўлены склад: новай вакалісткай гурта стала рок-князёўня Руся. Ня гледзячы на тое, што гэта быў адзін зь першых выступаў дню, гурт сабраў пад сцэнай нямалую колькасьць гледачоў і пазнаёміў іх з сваім новым гучаньнем.
Cherryvata
Праз гадзіну пасьля электроншчыкаў Cherryvata на сцэне ля замку зьявіўся Лявон Вольскі з сваім новым бэндам. Напэўна, ўсе беларусы, якія прыехалі на фэстываль, наведалі выступ Лявона, на якім ён прадставіў кампазыцыі з альбому “Белая яблыня грому”, а таксама апрацаваныя народныя песьні і кампазыцыі з рэпэртуару “Крамбамбулі”.
Вольскі & C
Увечары пачалася “зорная” частка фэстывалю. Спачатку галоўную сцэну ўзарвалі сваім пазытывам музыкі гурта Who Made Who. Ня менш энэргічным атрымаўся выступ у гурта Crystal Fighters. Хіпавата выгляду хлопцы прыгалі па сцэне, па-вар’яцку білі ў бубны і прымушалі публіку танчыць пад рытм іх песьняў.
Who Made Who
Crystal Fighters
Асноўную частку фэстывалю завяршалі хэдлайнеры – Casiokids і Empire of the Sun. Выступ апошніх камусьці падаўся занадта патасным: апранутыя ў бліскучыя строі музыкі, група падтанцоўкі, доўгія інструмэнтальныя пераходы паміж песьняў. Але прыхільнкі творчасьці маладых электроншчыкаў засталіся задаволенымі.
Casiokids і Empire of the Sun
Пасьля выступаў на двух галоўных сцэнах, начны адпачынак працягнуўся на маленькіх пляцоўках і ў барах. Напрыклад, гурт Cherryvata зладзіў начны выступ у намёце “Будзьма”, а на сцэне Zip.FM выступіў вядомы біт-боксер Kila Kela.
Другі дзень фэстывалю падорыць гледачам выступы самых чаканых гасьцёў – Roots Manuva і Skunk Anansie, беларусаў Akute і Open Space і шэрагу другіх вядомых музыкаў.
На першым фота — Лявон Вольскі.