Легенда беларускага року гурт “Н.Р.М.” вярнуўся на сцэну пасля вакацый і адзначыў блізкае свята Калядаў вялікім акустычным канцэртам, які сабраў аншлаг у канцэртнай залі “Мінск” 17 снежня.
Квіткоў на канцэрт не было ў касах гораду ўжо за два тыдні да выступу ветэранаў беларускага року, а канцэртную залю чакаў татальны аншлаг.
Калядны антураж заснежаных дрэваў у водблесках чароўных ліхтароў на сцэне яшчэ ў пачатку імпрэзы ствараў святочны настрой сярод шэрагаў слухачоў. Пад ліхтарамі красамоўна чакаў свайго часу мех з падарункамі. Шызы туман разліўся па сцэне. Лявон Вольскі, Піт Паўлаў, Юрась Ляўкоў і Алезіс Дземідовіч з’явіліся перад беларускай публікай пасля доўгага перапынку. Легендарная чацвёрка зайграла першыя акорды, якія ўзнялі ў залі “паветраны шар” апладысментаў.
Лявон Вольскі:
– Набліжэнне Калядаў, Новага году – гэта заўжды чароўны час. Мы паспрабавалі перадаць гэтую атмасферу сёння падчас канцэрту.
Стваральнікі “Незалежнай Рэспублікі Мроя” адсутнічалі на беларускай сцэне каля году, артысты знаходзіліся ў стане творчага адпачынку, а пачуць іх мажліва было толькі на некалькіх замежных фэстах.
Гітарыст “Н.Р.М.” Піт Паўлаў:
– Гэта было жаданне зрабіць паўзу. Былі паходы да розных супрацоўнікаў, забароны, дазволы. У нейкі момант мы адчулі ціск, бо захацелі, каб мы абавязкова сыгралі. У гэтых умовах мы вырашылі, што не будзем граць “абавязкова”. Гэтая паўза атрымалася інтуітыўна, ніхто не прымаў свядомых рашэнняў. Мы сумавалі па нашай публіцы і яшчэ не наталілі смагу сустрэчы з аматарамі.
Музыканты вандравалі па анталогіі сваёй творчасці: ад супольных праектаў “Я нарадзіўся тут” і “Святы вечар” да апошняга альбому “06”, паглыбляліся ў далёкія часы “Мроі” і выконвалі хіты “Тры чарапахі”, “Одзірыдзідзіна” ды інш. Лявону Вольскаму давялося змяняць гітару на раяль, а Піту Паўлаву дадаць электрычнага драйву і гітарных рыфаў у акустычную ўтульнасць і атрымаць статус “злоснага парушальніка працоўнай дысцыпліны” ў вачах Вольскага.
Песні перапыняліся жартамі і розыгрышамі падарункаў, а прызёры абіраліся метадам навуковага тыку ў план сядзячых месцаў пальцам аднаго з артыстаў. Падарункамі сталі кнігі, дыскі, вінілавы рарытэт – “Дваццаць восьмая зорка” ад “Мроі”, каляндар “Канец словаў” і капялюш Лявона.
Лявон Вольскі:
– Я прывёз гэты капялюш з Чарнагорыі. Можна будзе ў вёсцы фарсануць – прыгожа. Я яго ні разу не надзяваў, таму педыкулёзу не будзе.
Кола аматараў “НРМ” пазбаўленае ўзроставых крытэрыяў: далікатныя дзяўчынкі і доўгавалосыя рокеры, дарослыя твары і юныя ўсмешкі добра ўжываюцца ў “рэспубліцы Мроя”.
Наведвальніца:
– Гэтая музыка шмат мне дала і нават змяніла маё жыццё, прапусціць канцэрт я не магу, таму што гэта заўжды шмат пазітыўных эмоцыяў і вельмі добрыя людзі, якія змяняюць рэчаіснасць
Канцэрт перапыніўся антрактам, пасля якога ў праходах распачаліся танцы. Хто каля месца, а хто на крэсле рухаўся ў такт знаёмых рытмаў.
Лявон Вольскі:
– Адчуванне класнае, выдатная публіка. Чаканні ад канцэрта апраўдаліся нават болей, чым хацелася.
Апошнія песні слухачы сустракалі стоячы, скакалі пад “Легкія-лёгкія” ды выклікалі музыкантаў на біс, якія развіталіся светлым, дэпрэсіўным “Бывай” да наступнай сустрэчы.
Да наступнага канцэрту не пройдзе “пара стагоддзяў”, а толькі паўтара месяца, бо дзесятага лютага музыкі зладзяць электрычны канцэрт у мінскім клубе “Рэактар”.
Піт Паўлаў:
– На жаль, не ўсе, хто хацеў, трапілі на канцэрт. Мы паспрабуем задаволіць гэтых людзей праз паўтара месяца ў “Рэактары”, калі не задаволім, ёсць думка зладзіць канцэрт у Палацы спорту, бо мы даўно не гралі для нашых людзей.
Фота: generation.by