Дэбютны альбом менскага музычнага ўтварэння, што сфармавалася на абломках не менш цікавай каманды Zombie Zoo. Тое, што гэтыя музыкі разам з новай вакалісткай, якая называе сябе Патрык, маюць што сказаць, было зразумела яшчэ летась, калі яны прадставілі свой сінгл “Fromage”. Дыск “Random Mood Jukebox” чаканняў не падмануў, а нават і пераўзыйшоў.
У Clover Club выйшаў альбом-поспех, можа нават альбом-выбух. Менавіта так можна яго акрэсліць, улічваючы той магутны патэнцыял і шалёную энергію, што ў ім адчуваюцца. Тут няма выпадковых нумароў і кожны з іх здольны закахаць у сябе. Ад абсалютна шыкоўнай, торганай і шалёнай кампазіцыі “On rewind” да электроннага эксперыменту з праектам іdeainahead, пранізлівага ў сваёй манатоннасці. Невядома, ці вучылася Патрык у музычных школах, але робіць яна сваю справу не па-пісанаму. Яна тонка і з душою адчувае, як ды дзе падаць свой голас. Часам бярэ за душу чысцюткім вакалам, удаючы мілую на выгляд поп-спявачку. А бывае, што бярэ ў рукі мегафон ці проста дае волю неспрадусаваным эмоцыям і паўстае ледзь не ў ролі панк-рок-вумэн. Яе асабісты бенефіс на гэтым альбоме — нумар “One more sad song”.
І не толькі на адной харызме Патрык трымаецца феномен Clover Club. Часам удзельнікі каманды сплятаюць свае галасы разам — і выходзіць надзвычай цудоўна. Разам з дзівакаватым гітарыстам Генры, які мае нестандартнае музычнае мысленне, ды клавішніцай Наці (між іншага, удзельніцай гурта ULIS) яны складна малююць яркую карціну, якую проста ніяк нельга абмінуць увагай. На беларускай незалежнай сцэне Clover Club яўна выглядаюць арыгіналамі і маюць усе нагоды лічыцца лідэрамі “асацыяльнай хвалі” беларускага року. Карацей кажучы, “Random Mood Jukebox” — безумоўна адзін з найлепшых беларускіх альбомаў гэтага году.
Ідэя: 8
Выкананне: 10
Тэксты: 8
Запіс: 10
Аздабленне: 9
Сяргей Будкін