Карціна дня: “P.Q.R” Юрыя Якавенкі

Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Юрый Якавенка і яго “P.Q.R”. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.

Юрый Якавенка

Пра аўтара:

Юрый Якавенка  нарадзіўся ў 1965 годзе ў Прымор’і (Расія), маладосць правёў у Горадні. У 1992 скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў. З 1994 – сябра Беларускага саюза мастакоў. З 2007 – сябра шведскага аб’яднання «Grafikens Hus». Жыве ў Горадні. Працуе ў графіцы.

 
Юрый Якавенка, “P.Q.R.”, серыя  «alfabeto», афорт, меца-цінта, 2009.

Свет як інтэрферэнцыя

Аднойчы я сёрфіў нэт. На адным вядомым заходнім аўкцыёне я знайшоў у продажы копію “Рукапіса Войніча”. Гэта манускрыпт, што створаны каля 600 гадоў таму невядомым аўтарам на невядомай мове з выкарыстаннем невядомага алфавіту, аздоблены фантастычнымі выявамі людзей, жывёлаў, раслінаў і астранамічных аб’ектаў. Арыгінал захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг Ельскага ўніверсітэта ў ЗША.

Андрэй Адамовіч

Бадай самая папулярная цяпер версія стварэння гэтага манускрыпту – містыфікацыя (хаця ёсць і іншыя погляды на паходжанне кнігі). Згодна з гэтай версіяй хтосьці невядомы ў XV стагоддзі адмыслова распрацаваў штучную мову і алфавіт, напісаў на гэтай мове тэкст і аздобіў яго выявамі. Прычым на распрацаванай мове можна гаварыць – гэта даведзена матэматыкамі.

Мэтаю містыфікацыі магла быць простая прага да грошай: алхімікі і лекары падманвалі кліентаў, дэманструючы ім такія вось “таемныя” кнігі. Але прыемней думаць, што містыфікатар стварыў свой свет проста таму, што яму хацелася зрабіць гэта, з любові да мастацтва. Стварыць тое, чаго раней не існавала.

Гэту гісторыю я згадаў, углядаючыся ў гравюру сп. Якавенкі. Дзіўна, што мастакі, пачынаючы працаваць у гравюры, адначасова ўцягваюцца ў тэматычную арбіту сярэднявечнага дыскурсу. Гэта не ілюстрацыя да Бібліі ці старажытнага трактата пра д’ябла. Аднак тое, што мы бачым перад сабою, – інтэрферэнцыя ўсіх сюжэтаў, якія можна пабачыць, увёўшы ў гугле запыт кшталту “сярэднявечная гравюра”. Здавалася б, нічога дзіўнага ў гэтым няма. Разам з тэхнікаю перадаецца і тэматыка. Але мастак мусіць (калі, натуральна, зыходзіць з таго, што ён штосьці ў прынцыпе мусіць) прыўносіць сваё бачанне свету ў свет. Аднак сп. Якавенка занураецца ў зацяганую сімволіку. Складана нават сказаць, што тут належыць мастаку, калі тэхніка пазычаная ў майстроў мінуўшчыны, вобразы – у кэшу гугла, а спробы візуалізоўваць літары старажытнейшыя за клінапіс. Здавалася б, прычым тут “Рукапіс Войніча”…

 

Голас з Акадэміі:

Юрый Якавенка – арыгінальны творца, які захоўвае і развівае старажытныя традыцыі гравёрнага мастацтва. Так, серыя графічных лістоў «alfabeto», якую мы разглядаем на прыкладзе аркуша пад назвай “P.Q.R.”, выкананая, як і некалькі стагоддзяў таму, з удзелам майстра-друкара (італьянец Джуліяна Якамучы) які робіць адбітак з гравёрнай дошкі. Сам малюнак распрацоўвае і гравіруе на меднай дошцы мастак. Меца-цінта – гэта разнавіднасць гравюры на метале, якая дазваляе дасягнуць асаблівых светлаценевых эфектаў і, у адрозненне ад разцовай гравюры з выразным штрыхавым малюнкам, мадулюе форму кропачкамі і плямамі. Не меншай увагі заслугоўвае мастацкае і сэнсавае вырашэнне. Літара асэнсоўваецца мастаком як метафара, як умоўнае абазначэнне праяваў свету. Міфічныя істоты, відушчае вока, сімвалы зямнога і нерэальнага нагадваюць карціну нараджэння свету з хаосу. У ім сярод безлічы выяўленчых і дэкаратыўных элементаў літара-натхняльніца ёсць знакавай канстантай мовы.

Алеся Раманюк