Карціна дня: «Залацісты торс» Адама Глобуса

Мы працягваем разбіраць творы беларускіх мастакоў у жанры ню. Сённяшняя “аголеная” карціна — “Залацісты торс” Адама Глобуса. Абмяркоўваюць, як і звычайна, Алеся Раманюк і Андрэй Адамовіч. Далучайцеся!

Адам Глобус

Пра аўтара:

Адам Глобус (Уладзімір Адамчык) нарадзіўся ў 1958 у Дзяржынску ў сям’і пісьменніка В. Адамчыка. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1977), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі ўніверсітэт (1983). Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афармляльнікам, рэдактарам у часопісе «Крыніца» (з 1987). Цяпер займаецца выдавецкай дзейнасцю (выдавецтва «Сучасны літаратар»). Удзельнік таварыства «Тутэйшыя» (1986—1990). Сябра СП СССР (з 1988), СП БССР (з 1989) Працуе ў галіне паэзіі і прозы. Аўтар 16 кніг (сярод апошніх: «сУчаснікі», 2006; «Літары», 2006; «Play.by», 2009). Вершы і апавяданні А. Глобуса перакладзеныя на асноўныя мовы свету.

 

 

 

 

Адам Глобус, "Залацісты торс", 2010 год. Папера, акрыл, 300х200 мм.
Адам Глобус, “Залацісты торс”, 2010 год. Папера, акрыл, 300х200 мм.

 

Колеры яркія, сэнсы — размытыя

Тэхніка пісьма, якую выкарыстоўвае Адам Глобус, сама па сабе лепшая за ўсялякую самацэнзуру: захочаш напісаць парнаграфічнае палатно, а ўсё адно нічога не атрымаецца, і ў самага зацятага эксперта з дзяржаўнай камісіі застануцца пытанні – ці напраўду гэта парнаграфія? Можа, мастацкае адлюстраванне рэчаіснасці? Такая тэхніка пісьма максімальна аддаленая ад рэалістычнасці, але захоўвае асноўныя рысы дэнататаў, па якіх мы ўсё ж такі можам дадумаць сюжэт карціны. Але чалавек з парушанай псіхікаю, пазбаўлены неабходных для абагульнення здольнасцяў, не пабачыць тут голай жанчыны.

Андрэй Адамовіч

Што ж да менавіта гэтага палатна, то было б цікава ў якасці эксперыменту паспрабаваць накідаць тую самую карцінку словамі. Давайце паспрабуем.

Белы. Жоўты. Плячо. Шэры. Грудзі. Цыцкі. Смочка. Смооооочка. Белы. Жоўты. Рукі. Белы. Далоні. Пальцы. Шэры. Клубы. Жоўты. Похва. Сцёгны.

Як бачыце, асабліва парнаграфічнай карціны не вымалёўваецца. Атрымліваецца такая сабе экспрэсія, у якой асноўны акцэнт усё ж прыпадае на колеры, на іх значэнні, а не на полавыя органы. І хаця гэтае палатно можна назваць сціплым сярод іншых працаў мастака, прынамсі, ногі тут не рассунутыя, але калі б мы расклалі на назоўнікі якое іншае палатно, вынік быў бы прыблізна той самы – гэта хутчэй псіхалагічная прыпавесць, напрыклад, пра ўзаемаадносіны натуршчыцы і мастака, або наследаванне старажытным мастакам, што малявалі ў пячорах мамантаў (а чаму б тады ім не маляваць і жанчын, улічваючы стаўленне да іх у старажытнасці), чым спроба мастака распаліць юр у гледачах.

Безумоўна, сп. Глобус правакуе гэтым палатном, хоча, каб мы ўбачылі ў ім голую мадэльку, натуршчыцу, але тое, што ляжыць пад павярхоўнаю інтэнцыяй, нешта глыбейшае, не дае ўспрымаць гэтую працу як выяву цела жанчыны і жарсці мужчыны. Як бы мы ні круцілі, мы ўсё адно вяртаемся ў свет тонкіх паўтонаў чалавечых узаемаадносінаў, і нават колеры, якімі карыстаецца мастак, не пакідаюць нам права на рэзкія, рубленыя трактоўкі палатна.

Калі адарвацца ад гэтай працы і паглядзець на малюнкі сп. Глобуса, дзе напраўду адлюстроўваюцца полавыя акты ў непрыхаваным выглядзе, дык і там усё ж застанецца пытанне: ці парнаграфія гэта?

 

Голас з Акадэміі:

У далёкія першабытныя часы ў розных месцах Зямлі пачалі з’яўляцца фігуркі жанчын, вылепленыя з гліны або выразаныя з косткі і камню. Сёння мы іх ведаем пад назвай “палеалетычныя Венеры”. Гэта былі статуэткі невялікіх памераў, з усечанымі рукамі і нагамі, вельмі ўмоўна абазначанай галавой або наогул без яе. У гэтых фігурках жанчын дагістарычны мастак асабліва выразна абазначыў рэпрадуктыўныя органы — вялікія грудзі, шырокія сцёгны, круглы, нібыта цяжарны, жывот. Многія творы Адама Глобуса вонкава нагадваюць гэтых самых Венераў, асабліва тая, якую мы сёння разглядаем. Аднак калі першабытны мастак ствараў іх дзеля ўвасаблення ідэі Багіні-маці, то спадар Глобус стварае іх для душы, дзеля творчай самарэалізацыі. Выява жанчыны мадэлюецца ўсяго некалькімі лініямі, якія пазначаюць грудзі, чэрава і жывот. Іншыя часткі цела жанчыны мастака не цікавяць і ўяўляюцца другаснымі, бо нават не ўключаюцца ў выяву. Сама манера жывапіснага пісьма — гэта прыпадабненне да кубістаў, фавістаў і іншых прадстаўнікоў мадэрнізму. Яркая размазаная па палатне фарба і грубая лінія сілуэта перадаюць эмацыйнае разняволенне мастака. Эратызацыя вобраза, якой спрабуе дасягнуць мастак, не заўжды атрымліваецца. Падчас разгляду шматлікіх серый ню, напісаных спадаром Глобусам, складаецца ўражанне, што для яго натуршчыца — гэта выяўленчы матэрыял, каштоўнасць якога заключаецца не ў прыхаваным змесце, а самакаштоўнай эстэтычнасці жаночых формаў.

 

Алеся Раманюк