Не хаваючы таго, ён любіць эстэтыку сталовак і ўстановаў грамадскага харчавання. І любоў гэтая грунтуецца ў першую чаргу на ўспамінах пра смачныя рэчы з яго дзяцінства, юнацтва і студэнцтва. Менавіта таму Аляксандр Памідораў, лідар гурта Pomidor/off, не лічыць сваё захапленне ўстановамі грамадскага харчавання чымсьці нявартым або дурным. У новай серыі праекту «Захапленні» — эксклюзіўная экскурсія па знакавых піцейных і агульнахарчэўных месцах горада.
Час злёгку паздзекаваўся з савецкіх пунктаў грамадскага харчавання, і стаўленне да іх змянілася. Але асабіста я радуюся, калі бачу, што недзе яшчэ працуе старэнькая мілая забягалаўка. Сёння, калі мы, як прынята лічыць, пачалі жыць лепш, я часам адкрыта сумую па душэўнасці гэтых месцаў. І таму я вырашыў правесці вас па маіх улюбёных месцах. Месцах памятных і знакавых як для мяне, так і для многіх мінчукоў майго пакалення і старэйшых.
А вось і першае знакавае месца! Сёння яно называецца «Сталічны буфет», а калісьці гэта была самая буйная ў горадзе пельменная. Вунь, бачыце, пад шыльдай яшчэ можна ўбачыць надпіс — «Пельменная». Незразумела, чаму такія месцы не атрымалі вялікага распаўсюду (дакладней, я ўпэўнены, яны атрымалі б), але ў Мінску такая велізарная пельменная была адна, а ў Кіеве ці Пецярбургу, напрыклад, іх было мноства. Як жа тут смачна кармілі! Цяпер тут звычайная сталоўка: хіба што цэнавы ўзровень злёгку памяняўся, ды і працуе яна толькі да 16.00. Побач са сталоўкай працуе нейкая наліваечка — усё, што простаму чалавеку трэба, скажаце вы. Можа, і так, але былой душэўнасці і атмасферы дзіўных для Мінска пельменных не засталося.
А вось і стары даваенны дом па адрасе Казлова, 15. Тут былі дзве кавярні, адны з першых кааператыўных, хоць і савецкіх. У іх гатавалі цудоўную каву з пяску, гарачыя запечаныя бутэрброды, была таксама гарэлачка танная — смаката! Ну а цяпер тут камерцыйныя лаўкі, але як і тады, яны працуюць штодня да 11-й вечара.
Хадземце далей! Там, на тым баку дарогі, яшчэ шмат усяго цікавага! І, дарэчы, я вас не ваджу па месцах, дзе лепш за ўсё выпіць (некаторыя з гэтых установаў ужо не існуюць як піцейныя), а расказваю пра знакавыя некалі месцы, дзе тусаваліся пэўныя людзі, і сярод іх было вельмі шмат творчых і даволі вядомых асоб. Увогуле ансамбль вуліцы Казлова ад Плошчы Перамогі заўсёды быў месцам, дзе можна ажыццявіць так званы «барфлай». І гэта свайго роду культура, я так лічу.
Следам у нас ідзе кавярня «Малочная» (да смеху, «Малочніца» ў народзе). Дарэчы, у адрозненне ад пельменных, «Малочных» кавярняў у нас было найвялікшае мноства. І ёсць яшчэ адна недарэчнасць у дачыненні да іх: усе яны ў нейкі момант зрабіліся ўстановамі, якія гатуюць усходнюю кухню (узбекскую, азербайджанскую і г.д.). І вось гэтая кавярня «Малочная» не стала выключэннем. Цяпер тут рэстаран «Аль-Халіль». Цікавае месца: яно захавала сваю душэўнасць, але, у згодзе з усходнімі традыцыямі, алкаголю тут не прадаюць. Але затое вельмі смачна гатуюць. Я чуў, што з гаспадаром рэстарана можна дамовіцца і спакойна прынесці свой алкаголь, замовіўшы тут банкет або проста абед-вячэру. Такая вось душэўнасць. І таксама другая нацэначная катэгорыя.
Вось мы і дайшлі да аднаго з самых легендарных месцаў! Цяпер яно называецца «Бар 42» (або «Циферка» ў народзе), а раней многія яго ведалі пад назвай «Труны» (“Гробы”) (вып’ем на «грабах», казалі), таму што насупраць установы знаходзяцца вайсковыя могілкі, таксама адны з самых старых у горадзе. Чаму сёння бар называецца «Бар 42», я не ведаю, алё гэтае месца вядомае здаўна і не аднаму пакаленню мінчукоў, хто курсуе па вуліцы Казлова. Калісьці перад вяселлем Лявона Вольскага мы яго тут, можна сказаць, прапівалі.
Вось тое, пра што казаў, глядзіце: і каньячок, і гарэлачка розных коштаў і розных відаў, і віскі ёсць, і марціні з чынзана, безалкагольныя і энергетычныя напоі, і шампанскае! Ну, а страваў усялякіх — удосталь! І нават з ікорачкай тут у нас нешта ёсць, крылцы, салодкае, безэ, кекс і вельмі смачная кава. Адно з апошніх месцаў у горадзе, дзе апарат робіць надзіва смачную каву. Я тут часта бываю: люблю выпіць кубачак кавы і часам таго-сяго з’есці. Вось тут ёсць мае любімыя блінчыкі з мясам. Калі ласка! І нават хатні халадзец! Дзіўнае месца!
Мы на бойкім месцы — Камароўскі рынак. Гісторыя ў яго вельмі багатая: некалі Камароўскае балота, сёння яно асацыюецца ў большасці выключна з гандлем. Але гэта яшчэ і творчы раён: побач з Камароўкай жыло і да гэтага часу жыве шмат прадстаўнікоў беларускай артыстычнай эліты. І вось тут, пасярод усяго гэтага гандлю, было вельмі файнае месца, брутальная піўная і кулінарыя. Цяпер тут не менш папулярная ўстанова, таксама вельмі душэўная, але ўсё ж больш прыстойная, калі так можна сказаць. Называецца «Ячменны вус».
Тут заўсёды ёсць чым паабедаць і закусіць: усё свежае, па-хатняму смачнае. Я не тое што рэкламу месцу раблю, проста люблю ўсякія смачнасці: катлеткі, дранічкі, блінцы, а тут яны асабліва смачныя. А вунь, паглядзіце, які, так бы мовіць, клапатлівы, з веданнем справы складзены наборчык пад піва! Тут не проста наліваюць, але і думаюць пра сваіх наведнікаў!
І цэны ў такіх установах самыя даступныя. Зразумела, людзі, якія прызвычаіліся да дарагіх французскіх рэстарацый, хутчэй за ўсё тут наморшчаць нос, але іх меркаванне, ведаеце, мне да аднаго месца.
Тут працуе бармэн Васіль, ёсць яшчэ адзін бармэн, таксама вельмі каларытны, — і гэта, я вам скажу, самыя сапраўдныя бармэны, прафесіяналы, якія, дарэчы, калі што, змогуць у дастаткова даступнай і культурнай форме растлумачыць наведніку, што яму больш не трэба наліваць. Інтэлігентны і моцны хлопец Васіль! Менавіта таму тут ніколі не бывае сцэн накшталт «А ну налі мне яшчэ, а то заб’ю!»
«Ячменны вус» — адна з апошніх класічных піўных у нашым горадзе. І тэндэнцыя, здаецца мне, не вельмі спрыяльная: піўную «Аліварыі» на Белай вежы зусім нядаўна закрылі, вырашыўшы зрабіць з яе музей. “Ячменны вус”, на маю радасць, толькі развіваецца: даўно, у самы слаўны час гэтай установы, вось гэтай вялікай залы не было (быў склад або цэх, а потым тут працавала кулінарыя). Гадоў 10 таму адкрыўся гэтая зала (так жа ў паляўнічым стылі) і пры гэтым душэўнасць бара не згубілася — наадварот, тут пануе асаблівая атмасфера! Калі забегчы сюды перад Новым годам, напрыклад (Камароўка ўсё ж, закупкі да святаў, пераднавагодняя мітусня), то можна вельмі весела прабавіць час. Сюды заходзяць вулічныя музыкі, адпачываюць пасля цяжкага працоўнага дня, граюць і спяваюць для душы.
А часам тут можна занурыцца ў атмасферу… як бы так растлумачыць… я не кажу нават пра класіку беларускай літаратуры. Цяпер стала модным чытаць кніжкі Сяргея Пясэцкага. Дык вось тут часам пануе атмасфера з трылогіі Пясэцкага «Яблычак», пра падзеі часоў між Кастрычніцкай рэвалюцыяй і абвяшчэннем БССР. І частка падзей трылогіі адбываецца канкрэтна тут, на Камароўцы.
Сёння піва ў барах падаюць значна больш свежае, чым яно часцяком было за савецкім часам, але соль, як памяць пра старыя парадкі, заўсёды стаіць на сталах сучасных піўных. Традыцыя такая была. Піва было, як памятаю, вадкае, распушчанае часам. І каб трохі дадаць яму смаку, салілі краі куфля, іншыя проста дадавалі соль у піва. Соль давала трохі болей пены, ну і трошачкі прыбівала вадзяны смак. Алё гэта было ў старыя-старыя часы. Было так даўно, што нават страшна. Але традыцыйна соль заўсёды на стале, як сімвал беларускага дабрабыту.
Раней такіх установаў было значна больш, а цяпер яны паціху зачыняюцца. І на месцы якой-небудзь цёплай кнайпы адчыняецца альбо больш багатая піцэрыя з паўфабрыкатаў, альбо нікому не патрэбны буцік, дзе проста адмываюцца грошы. Калі б такіх установаў было крыху больш (гаворка нават не пра тое, каб на кожным кроку), то не ўставала б у людзей пытання, дзе заняць, як схапіць гэтую бутэльку і дзе яе выпіць, у якой падваротні. Але трэба час, каб у нашым народзе трохі змянілася ментальнасць і савецкае стаўленне да ўжывання алкаголю. Каб мы хоць на крок падышлі да таго, як гэтая частка жыцця людзей праходзіць у Польшчы, у Літве, у Нямеччыне, дзе зусім недарэчным выглядае распіць бутэльку на марозе, на вуліцы. «А навошта? Хадзем у бар!” — скажа калі-небудзь звычайны беларус беларусу. Бо гэта цэлая культура, якая, на жаль, знікае.
Прывабнасць гэтых установаў (кнайпачак) — у іх цэнавай катэгорыі, вядома ж. Кнайп — нямецкае слова, але паколькі яно пазычанае, то прысутнічае і ў ідышы, і ў польскай мове, і ва ўкраінскай. Кнайпа — гэта такая вось страўня невялічкая. Ежа тут часцяком гатуецца па-хатняму, а не з паўфабрыкатаў. Мінус — гэта, безумоўна, кантынгент. Дзякуй Богу, тут ёсць людзі, якія могуць чалавеку і параіць, і адвесці яго, і не наліваць яму больш. Голасна часам бывае, брудна, лаянка, але, ведаеце, і голасна, і брудна, і лаянка бывае і ў дарагім рэстаране, што, дарэчы, яшчэ больш агідна. А тут ты нічога асаблівага не чакаеш, а прымаеш усё як ёсць. Гэта таксама свайго кшталту эстэтыка.
Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Вялікі дзякуй кіраўніцтву і персаналу бараў “Ячменны вус” і “Бар 42” за магчымасць правядзення здымак.