Міраслаў
Лазоўскі

Мірасла́ў Лазо́ўскі (10 ліпеня 1973, Мiнск, Беларусь — 16 траўня 2023, Бахмут, Украіна ) — беларускі грамадскі дзеяч, кнігавыдавец, адзін з заснавальнікаў і лідараў «Белага легіёну».


Біяграфія


Нарадзіўся ў Мінску. Маці паходзіла са Случчыны, з вёскі Пагост, бацька — з-пад Магілёва, з вёскі Гаі.


З дзяцінства цікавіўся гісторыяй Беларусі і сусветнай гісторыяй, у прыватнасці вайсковай, захапляўся напалеонікай. Меў мастацкія таленты, маляваў, адліваў фігуркі з волава на гістарычную тэматыку.


Пазней афармляў карыкатуры і шаржы для газеты «Свабода», аднаго з галоўных беларускіх недзяржаўных выданняў у 1990-х гг., з юнацтва актыўна ўдзельнічаў у нацыянальна-дэмакратычным руху.


У 1995 г. скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію (зараз: БНТУ), факультэт робатаў і рабатызаваных сістэмаў па спецыяльнасці інжынер-рабататэхнік. Пасля завяршэння вучобы працаваў інжынерам па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, менеджарам на будоўлі, адначасова актыўна ўдзельнічаючы ў грамадска-палітычным жыцці краіны.


Грамадска-палітычная дзейнасць і погляды


Будучы студэнтам, у 1995 г. далучыўся да «Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў», а неўзабаве — стаў адным з заснавальнікаў «Белага легіёну», які ўтварыўся з маладзейшай часткі «БЗВ» пасля яго распаду. Дзякуючы асабістым якасцям хутка здабыў аўтарытэт сярод яе сяброў, што зрабіла яго адным з лідараў арганізацыі.


Актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці арганізацыі: займаўся вайскова-патрыятычным выхаваннем моладзі, рэкрутынгам новых чальцоў, арганізоўваў асветныя семінары і лекцыі, арганізоўваў дапамогу Інстытуту гісторыi НАН Беларусі пры правядзенні археалагічных раскопак; забеспячэннем парадку на мерапрыемствах апазіцыі (у тым ліку, падзеях Вясны-96, арганізацыяй і правядзеннем спартова-патрыятычных летнікаў, удзельнічаў у супрацьстаянні беларускаму аддзяленню РНЕ.


Асабіста адзначыўся падчас Марша Свабоды-1999, займаючыся арганізацыяй бяспекі ўдзельнікаў мерапрыемства. Быў затрыманы і моцна збіты супрацоўнікамі АМАП, атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту.


У 2000 г. быў першым адміністрацыйна асуджаным на штраф паводле артыкулу 167.10 КаАП Беларусі («Дзейнасць ад імя незарэгістраваных ці не перарэгістраваных палітычных партыяў, прафесійных саюзаў ці іншых грамадскіх аб’яднанняў»).


Ад пачатку 2000-х адышоў ад актыўнага удзелу ў грамадска-палітычнай дзейнасці і заняўся патрыятычнай асветнай працай.


З 2000 г. быў актыўным сябрам Міжнароднага грамадскага аб’яднання Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», з 2008 г. — актыўным удзельнікам грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».


З 2012 г. з’яўляўся супрацоўнікам кніжнага выдавецтва «Беларускі кнігазбор» (пазней — ПУП «Кнігазбор»).

Меў сур’ёзныя веды па вайсковай гісторыі Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага, бескаштоўна кансультаваў гісторыкаў і музейных экспертаў (у тым ліку з Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі) адносна выставаў і асобных прадметаў. За свае грошы набываў гістарычныя артэфакты і перадаваў іх у музеі. Меў перакананне, што падобныя рэліквіі маюць належаць усёй нацыі, выхоўваць і фармаваць яе.


Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006 г. уваходзіў у склад каманды кандыдата ў прэзідэнты А. Казуліна, быў асабістым ахоўнікам Ніны Шыдлоўскай, тагачаснай прэс-сакратаркі кандыдата А. Казуліна.


У 2008 г. разам з іншымі былымі чальцамі «Белага легіёну» быў затрыманы па падазрэнні ў датычнасці да выбуху 4 ліпеня на Дзень незалежнасці і пасля некалькіх содняў на Акрэсціна адпушчаны.


Ад пачатку 2000-х гг. у існых рэаліях РБ з’яўляўся прыхільнікам ідэй арганічнай і паступовай нацыятворчай працы шляхам падтрымкі культурных і выхаваўчых ініцыятыў замест адкрытага супрацьстаяння з існай сістэмай.


Лічыў эвалюцыйны шлях найбольш эфектыўным для развіцця грамадства ў нацыянальна-дэмакратычным кірунку. Найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай была рэалізацыя права беларускага народа на свабоднае развіццё і рэалізацыю ў сваёй уласнай нацыянальнай дзяржаве. Бачыў непасрэдную пагрозу развіцця беларускай нацыі і дзяржавы ў імперыялістычных дзеяннях Расіі і яе пятай калоны ўнутры Беларусі, што асабліва стала бачна пасля пачатку вайны на Данбасе ў 2014 г.


«Справа патрыётаў»


21 сакавіка 2017 г. быў брутальна затрыманы супрацоўнікамі КДБ па абвінавачанні ў крымінальнай справе паводле артыкулаў 293 ч. 3 і 287 КК РБ, якая адразу атрымала назву «Справы патрыётаў». Следствам Міраславу адводзілася роля аднога з лідараў «злачыннай групоўкі», і таму на яго аказваўся асаблівы ціск: ад маральнага (падкідванне зброі ў багажнік аўто больш чым за суткі пасля затрымання, недапушчэнне адваката) і фізічнага (моцнае збіццё пры затрыманні) да магчымага ўздзеяння псіхатропных рэчываў.


«Справа патрыётаў» успрымалася грамадствам як сфабрыкаваная ад пачатку і да канца, як спроба сілавікоў запалохаць і суцішыць сацыяльныя пратэсты. Прыёмы дзяржпрапаганды: афіцыйныя СМІ грэбавалі прэзумпцыяй невінаватасці, здзяйснялі відэамантаж кадраў акцый пратэсту ў 1990-х, падчас Плошчы 2006 і 2010 гадоў, з мітынгамі нацыстаў у 1940-х гг. У 2017 г. беларускія сілавікі ўпершыню спрабавалі сфабрыкаваць палітычную справу не на сацыяльнай ці эканамічнай, а на ваеннай аснове. Артыкул аб узброеных вайсковых фарміраваннях, які быў інкрымінаваны 16-ці асобам, у тым ліку Міраславу Лазоўскаму, упершыню прымяняўся ў судовай практыцы Беларусі. Улады спрабавалі зрабіць гэтую справу паказальным працэсам для застрашвання не толькі грамадства, але і сілавых структураў. 

Беларускія правабаронцы распаўсюдзілі сумесную заяву, у якой быў адзначаны палітычна матываваны характар пераследу фігурантаў справы. Праз адсутнасць доказаў і шырокі грамадскі розгалас справа была спыненая.

Дзейнасць пасля 2017 года

Пасля выхаду з СІЗА працягваў займацца кнігавыдавецкай дзейнасцю і адукацыйнымі мерапрыемствамі, сярод якіх — гістарычная рэканструкцыя шляхты ВКЛ з пастаноўкай ролевых тэатралізаваных прэзентацый для дзяцей. Працягваў сваю дзейнасць як сябра Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»: удзельнічаў у арганізацыі і правядзенні Сёмага з’езда беларусаў свету (таксама ўваходзіў у працоўныя групы па падрыхтоўцы такіх З’ездаў у 2005, 2009, 2013 гадах); падрыхтоўцы Сёмага (як і двух папярэдніх) фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі Ad.nak; арганізоўваў дзейнасць па ўсёй краіне сеткі альтэрнатыўнага кнігараспаўсюду, якая дапамагала даносіць да шырокай аўдыторыі кнігі аўтараў, чые творы ўлада забараняла для прасоўвання праз дзяржаўныя структуры кнігагандлю; арганізоўваў літаратурныя выступы і кніжныя прэзентацыі, у тым ліку творцаў, які ўладамі былі занесеныя ў «чорны спіс» (забарона ці абмежаванне выступаў на шматлюдных публічных пляцоўках) па ўсёй Беларусі

Кнігавыдавецкая дзейнасць і распаўсюд беларускіх кніг


Заснаваў супольна з гісторыкам Мікалаем Плавінскім кніжную серыю «Беларусь у войнах».


У серыі былі выдадзеныя кнігі:


1. Мікалай Плавінскі. Бітва на Нямізе 3 сакавіка 1067 года. Серыя «Беларусь у войнах». — Мінск: Медысонт, 2015. — 54 с.: іл.

2. Плавінскі М. А. Узбраенне беларускіх земляў Х-ХІІІ стагоддзяў. Мінск: Галіяфы, 2013. — 106 с.: іл.

3. Дзмітрый Матвейчык. Паўстанне 1863-1864 гадоў у Беларусі: Нарыс баявых дзеянняў. — Мінск: Медысонт, 2013. — 122 с.: іл.


Рыхтаваў да выдання ў перакладзе на беларускую мову кнігу: Wisner Henryk. Kircholm 1605.
Прадстаўляў беларускія выданні на міжнародных кніжных кірмашах і выставах у Кіеве, Львове (Украіна), Варшаве (Польшча).


Падчас выстаў ва Украіне супрацоўнічаў і падтрымліваў сяброўскія кантакты з украінскімі калегамі, у прыватнасці з Юрыем «Руфам» Дадакам, украінскім мастаком-баталістам Анатолем Цяленікам.


Выданні, якія ілюстраваў:


1. Войска ВКЛ. Ад Сасаў да Касцюшкi (1765-1794) / Грыгор’еў М. — Мінск: Выдавец Зьмiцер Саложкiн, 1994. — 168 с.. iл. — графічныя ілюстрацыі.

2. Павел Ляхновіч. Зялёны дуб. Аповесць, апавяданні, навелы. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 180 с.

3. Ірына Багдановіч. Душа лістападу. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 100 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» ; вып. 28).


Удзел у расійска-ўкраінскай вайне


З-за хвалі палітычнага пераследу грамадскіх актывістаў і арганізацый увосень 2021 г. рэлакаваўся ва Украіну, Кіеў. На фоне звестак аб магчымай ваеннай агрэсіі з боку РФ удзельнічаў у правядзенні парамілітарных трэнінгаў сярод беларускай дыяспары Кіева.У першыя дні пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну разам з некаторымі іншымі паплечнікамі з «Белага легіёну» ўступіў, узяўшы пазыўны «Мыш», да шэрагу беларускіх добраахвотнікаў у УСУ. У хуткім часе з беларускіх добраахвотнікаў быў сфармаваны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які пазней стаў аднайменным Палком. З’яўляўся камандзірам групы ў батальёне «Волат». У сакавіку 2022 — траўні 2023 года выконваў баявыя задачы пад Кіевам, Херсонам, Лазавым, Запарожжам, Бахмутам.


Загінуў 16 траўня 2023 года. пры абароне г. Бахмут у складзе батальёна «Волат», падчас прыкрыцця эвакуацыі параненых байцоў сваёй групы. Развітанне з Міраславам «Мышом» Лазоўскім адбылося 25 траўня 2023 г. у Кіеве на набярэжнай Дняпра каля помніка заснавальнікам Кіева.


Узнагароды:


● Заохочувальна Відзнака Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны «За мужнасць пры выкананні спецзаданняў» (02.12.2022, № 2845)

● Медаль Беларускай Народнай Рэспублікі за баявыя заслугі (09.03.2023, № 004)

● Ордэн «За мужнасць ІІІ ступені» (указ Прэзідэнта Украіны ад 14.06.2023, № 387165) пасмяротна

● Медаль «Гонар і Годнасьць» Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі (09.06.2023, № 1), пасмяротна

● Тытул кавалера Ордэну Жалезнага рыцара (з кавалерскім крыжом) ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (25.06.2023), пасмяротна.


Памяць


  • 24 студзеня 2024 г. у горадзе Роўна (Украіна) назвалі вуліцу ў гонар Міраслава Лазоўскага.
  • 25 сакавіка 2024 г. У Нацыянальным музеі гісторыі Украіны была адчыненая персанальная экспазіцыя Міраслава Лазоўскага.


Дадатковая інфармацыя:


1. Персона. Міраслаў Лазоўскі: нацыяналізм — здаровая ідэалогія. Інтэрв’ю, 2011

2. «Ідэя Х». Міраслаў Лазоўскі. Гутарка на «Еўрарадыё» пра нацыянальнае дзяржавабудаўніцтва.







8. Узгадкі сяброў і паплечнікаў Міраслава Лазоўскага. У Вільні прайшла вечарына памяці беларускага патрыёта


Міраслаў Лазоўскі