Новы 2020 год сябры грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і “Саюза беларускіх пісьменнікаў” распачалі з цёплых сустрэч у розных рэгіёнах нашай краіны. Юрый Усціновіч, Віктар Лагацкі, Міраслаў Лазоўскі, Васіль Дранько-Майсюк прэзентоўвалі аўдыё-версію “Суперкнігі пра Біла з Болаю” (аўтар Гуніла Бэргстрэм, пераклад А. Хадановіч, А. Башарымава, Н. Кандрусевіч; агучванне А. Хітрык, П. Харланчук) на Лепельшчыне, Смаргоншчыне, у Гомлі. Паўсюль выступоўцаў сустракалі з прыязнасцю і чаканнем чагосьці надзвычайнага. І нідзе не было расчаравання: сустрэчы атрымаліся светлымі, натхняльнымі і незабыўнымі.
Простая, здавалася б. гісторыя пра сям’ю, у якой нарадзілася дзяўчынка з асаблівасцямі, кранае душы не толькі адчувальных дзетак, але і большых скептыкаў – дарослых. А расказаная на ўласным прыкладзе, гісторыя “адметнасці”, “асаблівасці” прымушае задумацца, пераасэнсаваць сваё стаўленне да тых, хто навокал.
Сябры грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” завіталі з гэтай гісторыяй да дзяцей і дарослых:
- у сярэднія школы г. Лепеля, а.г. Солы, а.г. Залессе
- у Смаргонскі карэкцыйна-педагагічны цэнтр
- у гімназію г.Гомеля
- у цэнтр моладзевага развіцця “Ступені” (г.Барысаў)